Міліцыя – гэта карны орган
Мікалай у Беларусі быў індывідуальным прадпрымальнікам. Як сам заўважае – працаваў на сябе. У 2020 годзе на акцыі не выходзіў, але ўдзельнічаў у дазволеных мітынгах, якія былі ў пачатку пратэстаў. Проста ў той час ён ужо збіраўся ад’язджаць на працу за мяжу. Пра тыя падзеі ўзгадвае без эмоцый, маўляў, з уласнага досведу загадзя ведаў, што будзе менавіта так, як і адбылося.
— Калі я працаваў на ўсталяванні дзвярэй у кватэрах, то даводзілася ставіць іх у тым ліку і міліцыянтам, прычым, не проста шараговым, а маёрам, палкоўнікам. Дык вось яны казалі: міліцыя – гэта карны орган. І хутчэй пакараюць вас, чым абароняць. І тут усё ясна, а на што ў людзей была надзея – мне гэта не зразумела.
І дзе тыя апазіцыянеры?
З іншага боку і пра апазіцыю ў суразмоўцы не самыя цёплыя ўспаміны. Паводле яго, яны мала чым адрозніваюцца ад улады.
— Я спрабаваў сачыць за палітыкай з 2010 года. І бачыў, як наша апазіцыя за месяц да выбараў аднекуль вылазіць, нешта крычыць, а выбары прайшлі і яны знікаюць. Да прыкладу, я памятаю ўсіх палітыкаў, хто быў у 2010 годзе: Саннікаў, Статкевіч, Рымашэўскі і г.д. Дзе яны зараз? Так, Статкевіч за кратамі, але я маю на ўвазе, што робяць астатнія апазіцыянеры. Тое самае адбылося ў 2015 годзе, калі Таццяна Караткевіч аднекуль з’явілася, а потым раптам знікла. Я ведаў, што ўсё гэта паўторыцца.
Мне жылося больш-менш нармальна
Ды і, паводле Мікалая, яму дагэтуль не зразумела, адкуль тады ўзяўся Сяргей Ціханоўскі, Алесь Таболіч. Ён іх усур’ёз не ўспрымаў. Да ўсяго, паводле яго, да каранавірусу ў Беларусі ўсё было больш-менш добра. Маўляў, маглі спакойна ездзіць працаваць за мяжу.
— Мне, да прыкладу, жылося больш-менш нармальна. У мяне было сваё ІП, свая кватэра, жонка, дзіця, машына…
— Добра, а чаму вы тады вырашылі паехаць за мяжу, калі ўсё было нармальна?
— Дзве прычыны. Пачалася вайна ва Украіне і было невядома, што будзе з Беларуссю, а ісці ваяваць мне дакладна не хацелася. І, па-другое, мы з жонкай даўно планавалі паехаць пажыць у іншай краіне, бо ў Беларусі ўжо ўсё мелі. А калі не атрымаецца, то вярнуцца ў Беларусь у сваю кватэру можна заўсёды.
У Польшчы зарабляю больш, але маю менш
На пытанне, ці шкадуе цяпер спадар, што пераехаў у Польшчу, адказу пакуль сам для сябе не мае. Але кажа, што жыццё тут для сям’і наладзілася хутка, паколькі быў досвед раней працы за мяжой, ды і ў Польшчу на закупы таксама прыязджалі.
— Мы спачатку паехалі з жонкай на нейкі час, каб падзарабіць грошы і зняць кватэру. Усё атрымалася неяк хутка: у суботу пачалі шукаць кватэру і адразу знялі, у нядзелю падпісалі дамову, а ў панядзелак паехалі за дачкой у Беларусь.
Мікалай распавядае, што працу знайшоў таксама хутка: рабіў на дастаўцы мэблі, на фабрыцы, на дастаўцы ежы. Працуе пераважна з палякамі і ні на што не наракае.
— Тут я зарабляю больш, чым у Беларусі, але паколькі здымаю кватэру, то ў выніку атрымліваецца менш, чым у Беларусі.
Усё добра
Жонка, як згадвае суразмоўца, напачатку не вельмі хацела ехаць, была нейкая боязнь, але ўжо абжылася і атрымлівае новую прафесію ў паліцыяльнай школе.
— Дзіцяці зараз усё падабаецца. У нас так атрымалася, што калі мы прыехалі, яна да школы яшчэ адзін год хадзіла ў садок і добра падвучыла там мову. Я нават нядаўна неяк пытаўся – як ёй тут. Адказвае, што задаволена, бо ў школе ёсць сяброўкі, у кватэры мае свой пакой, ходзіць ад школы ў басейн. Усё добра.
Што датычыцца інтэграцыі ў культурнае асяроддзе, то паводле Мікалая, ён з жонкай імкнуцца сярод палякаў размаўляць па-польску, у іх значна палепшылася веданне мовы. Ды і потым, яны шануюць культуру краіны, куды прыехалі, вучаць мову і даведваюцца пра польскія традыцыі.
Бывае сядзім дома, а потым раптам: паедзем у Берлін…
А яшчэ Мікалаю падабаецца хадзіць на рок-канцэрты. Прычым, паводле яго, Польшчу наведваюць сусветныя зоркі, якія ў Беларусь не прыязджалі. Зручна, што ўсё тут побач і можна спакойна трапіць у сваім горадзе.
— Плюс мы катаемся на мора альбо ў горы. Плюс жыцця ў Польшчы, што тут ёсць і мора сваё і горы. Бывае сядзім дома, а потым: давай паедзем у Берлін на экскурсію ці на польскія вадаспады недзе ў Еленю Гуру. У гэтым плане тут нашмат лепш. Апошняе, куды мы ездзілі, — Ратэрдам. Класны горад.
Я тут з сям’ёй і мяне ўсё задавальняе
Цікаўлюся ў суразмоўцы – што для яго эміграцыя? А ён кажа, што не можа адказаць, паколькі сваё жыццё не лічыць ніякай эміграцыяй. Маўляў, проста ўзялі сумкі, селі ў машыну і паехалі, не спадабаецца – вернемся назад.
— Канешне, сумую па родным горадзе, бо там пражыў усё жыццё, нечага дасягнуў. А так… Мама ў госці прыязджае, тата пакуль не быў, але брат прыязджаў, са сваякамі праз WhatsApp размаўляем. Я не ведаю, хто там як сумуе, але я пераехаў сюды з сям’ёй і мяне ўсё задавальняе. Калі б дачка мая была ў Беларусі, мяне б туды цягнула. Бо калі я раней працаваў дальнабойшчыкам, а сям’я жыла ў Беларусі, то вельмі цягнула туды. А так, усе са мной.
Павел ЗАЛЕСКІ