У першую чаргу бабкі-шаптухі асацыююцца з нечым даўнім, забытым, аб чым не гавораць у вялікім горадзе. Аднак гэта толькі на першы погляд. Навукоўцы адзначаюць, што людзі працягваюць карыстацца паслугамі шаптух, а рэжысёры спрабуюць камерай зафіксаваць дадзены феномен, які не знікае, нягледзячы на развіццё цывілізацыі.
Чалавек сёння лётае ў космас, можа размаўляць на адлегласці ў тысячы кіламетраў, лечыць невылечныя некалі хваробы, жыве даўжэй, чым продкі. Пры гэтым у сённяшнім сучасны свеце ёсць месца і на старыя практыкі, якія часам называюць шаманізмам, то бок кантактамі са светам нематэрыяльным. Зусім неабавязкова ехаць кудысьці ў джунглі Амазоніі, каб з гэтым сутыкнуцца. У нашым рэгіёне ёсць свае шаманы, якіх называюць тут шаптухамі, загаворшчыкамі, знахарамі.
Іх прысутнасць пацвярджаюць навукоўцы, гаворыць лінгвіст і мовазнаўца з Інстытуту славістыкі Чэшскай акадэміі навук Міраслаў Янковяк.
- Я праводзіў палявыя даследаванні на тэрыторыі Латвіі, Літвы, Беларусі, і таксама крыху Польшчы - на Падляшшы. Традыцыя шаптух ці загаворшчыкаў існуе, яна мае розныя назвы ў залежнасці ад рэгіёна. Свайго часу яны вельмі актыўна дзейнічалі: дапамагалі або не дапамагалі, у залежнасці ад патрэб, на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Латвіі. У Літве такога менш было, бо каталіцызм заблакіраваў. На Падляшшы таксама з гэтым сутыкаўся. Маю дзясяткі сведчанняў рэспандэнтаў, іх аповеды пра шаптух, загаворшчыкаў, якія перад усім дапамагалі, лячылі. У Латвіі гэта было ў асноўным супраць рожы, якая была вельмі распаўсюджаная ў Латгаліі.
Цяпер ужо ёсць і візуальныя пацвярджэнні дзейнасці шаптух. Адмысловы фільм «Магія Падляшша – шаптухі» пра дадзены феномен зняла польская рэжысёрка Малгажата Шышка, з якой нам удалося паразмаўляць.
- Жанчыны, якіх мы называем шаптухамі, практыкуюць асаблівы тып лячэння, які існуе на Падляшшы. Гэтыя жанчыны лечаць толькі малітвай, і менавіта тут іх можна найчасцей сустрэць.
У фільме сабраныя гісторыі жанчын-загаворшчыц, каментары навукоўцаў, і расповеды ды сведчанні людзей, якім дапамагла шаптуха. Падобныя гісторыі можна пачуць таксама і ў Беларусі.
- У мамы была вельмі высокая тэмпература, за 40. Яна ўжо была амаль пры смерці. Сямʼя лічыла, што яна памірае. Тата паехаў і прывёз з суседняй вёскі жанчыну. І яна над ёю малілася, нешта шаптала, але яе адпусціла. Яна сказала, што ў мамы была рожа. Потым тата часта гаварыў: «Во, магла і не нарадзіцца, магла памерці разам з маці».
На Падляшшы людзі ідуць да шаптух з чатырма асноўнымі хваробамі, кажа Малгажата Шышка.
- Жанчыны шаптухі займаюцца такімі хваробамі, якія існуюць у народнай медыцыне. Адна з такіх хвароб – гэта ветрык або перацёрка, калі вас прадзьмула і не можаце паварушыць галавой. Яшчэ таксама прастуда, наспель. Іншая вядомая немач, з якой ідуць, датычыць скуры, людзі яе называюць рожай. Яшчэ кажуць пра злабу, калі вы часта нервуецеся, злуяцеся, праявай чаго можа быць каўтун або зблытаныя валасы. Таксама кажуць пра сурокі, калі нехта да вас дрэнна ставіцца ды насылае псоту, тады трэба такі сурок зняць у шаптухі.
Часта бывае так, што людзі самі не ведаюць, з якой немаччу прыходзяць, зазначае рэжысёрка.
- Чалавек расказвае сваю гісторыю, а загаворшчыца сама класіфікуе вашу праблему. Да мяне напісаў адзін мужчына, што ў яго праблемы ў бізнесе ды асабістае жыццё не складваецца. Я кажу, што шаптухі ў бізнесе не дапамагаюць, хіба што нехта вас сурочыў. Тады можна. Ён адразу схапіўся за гэта і палічыў, што на яго псоту навялі. Да шаптухі часта ідуць з нейкай немаччу, яна сама класіфікуе праблему.
Аднак шаптухі не заўсёды загаворваюць на дабро, зазначае мовазнаўца Міраслаў Янковяк.
- Мне шмат расказвалі пра тое, што былі таксама такія асобы, якія шкодзілі, рабілі, як казалі ў Латвіі, урэд. Найчасцей таму, што хтосьці быў зайздросны, напрыклад, маладзейшая сястра хацела выйсці замуж за хлопца, а той ажаніўся са старэйшай сястрой. Яна пайшла да такой шаптухі, каб зрабіць псоту. Тая падкінула старое яйка ў падмуроўку хаты. Такіх аповедаў шмат.
Разам з тым, цяперашнія шаптухі не толькі лечаць - яны маюць яшчэ іншыя, не менш важныя функцыі ў мясцовай грамадзе, зазначае Малгажата Шышка.
- Мне здавалася, што феномен шаптух знікае. Аднак пасля двух год пошукаў і працы з дадзенай тэмай я адкрыла, што ў кожнай вёсцы ці мястэчку на Падляшшы ёсць такая асоба, якая выконвае функцыю народнага знахара. Яны дапамагаюць можа не з усімі згаданымі хваробамі, але з некаторымі дакладна. Больш за тое, на Падляшшы яны з’яўляюцца гарантам спакою ды грамадскай бяспекі. Напрыклад, калі памерла шаптуха пані Валя ў Орлі, людзі хутка пачалі шукаць сабе новага знахара, бо гэта дае ім пачуццё бяспекі, што ёсць хтосьці, хто заступіцца ды пашэпча ў іх справах і клопатах да Бога. Гэта вельмі важны тут чалавек. Вядома, што падобную функцыю тут выконваюць бацюшкі і царква, але на Падляшшы заўсёды паралельна з царквой існаваў знахар, да якога можна было звярнуцца, які памоліцца, выслухае ды заступіцца, і будзе першым бастыёнам вызвалення ад хваробы.
Чаму менавіта на Падляшшы надалей шырока прысутная сярод людзей патрэба, каб за іх заступіліся, памаліліся?
- На маю думку, нешта падобнае існуе не толькі на Падляшшы, але і ў іншых частках Польшчы таксама. Пасля таго, як я зрабіла фільм, да мяне пісалі людзі з Падкарпацкага рэгіёну, з Куяваў і нават з Мазоўша, што ў іх ёсць таксама шаптухі. Але гэта не шаптухі, хутчэй асобы, якія лечаць сродкамі народнай медыцыны. Шаптухі толькі на Падляшшы засталіся. Гэта спецыфічныя людзі, у асноўным жанчыны, якія здымаюць сурокі, лечаць праз малітву ды шэпчуць замовы. Яны вераць, што над намі ёсць вышэйшая сіла, да якой звяртаюцца па дапамогу. На маю думку, у гэтым ёсць своеасаблівае хараство, што дзякуючы абмену з іншым чалавекам мы можам пераадолець некаторыя хваробы. Гэта бярэцца з таго, што вас выслухаюць. Як вядома, выздараўленне магчыма толькі тады, калі ў пацыента ёсць пачуццё бяспекі, адчуванне, што ім апякуюцца. Калі мы ідзём да лекара, ён ведае, якія нам лекі прызначыць, але не мае часу намі апекавацца.
Вера ў знахарства - гэта атавізм, які глыбока сядзіць і ў сучасных людзях, кажа рэжысёрка.
- Нягледзячы на тое, што мы жывём у ХХІ-м стагоддзі ў часы развіцця цывілізацыі, тэхналогіі ды штучнага інтэлекту, нам надалей патрэбна нешта, што ёсць крыніцай чалавечнасці – каб нас выслухалі, паклапаціліся пра нас, пачуццё нейкай магіі ды містыцызму, вера ў тое, што нашым лёсам апякуецца Бог ці нейкая вышэйшая сіла. Вядомы антраполаг адказаў на маё пытанне, ці шаманізм знікне з-за развіцця цывілізацыі? Ён сказаў – ніколі. Чаму? Бо гэта ляжыць у падвалінах нашага быту. Ніводная тэхналогія не заменіць нашай унутранай патрэбы кантакту з бытам вышэйшым, з Богам, дачыненні з той сферай жыцця, якая не падуладная навуцы.
Нават навукоўцы ў стане паверыць у шаптухі, кажа Міраслаў Янковяк.
- Абсалютная большасць маіх рэспандэнтаў, не ўсе, недзе тры чацвёртыя, верылі ды казалі, што гэта рэальна дапамагала. Шмат людзей працягваюць карыстацца паслугамі такіх загаворшчыкаў. У мяне пасля сустрэчы з шаптухай адбываліся розныя дзіўныя рэчы, якіх я не спадзяваўся ў нармальным жыцці. Я сам крыху на мяжы: верыць ці не верыць? Бывае такая часам думка, што можа нешта спрацавала і нейкае ўздзеянне шаптухі было.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч
Слухайце аўдыёфайл
У матэрыяле выкарыстаныя фрагменты кампазіцыі з альбому «Варажбіт» Іван Кірчука: Каго нету (купальская, праклён ведзьмы), Арол-Божа пташка (вясельная і замова), Русалкі (русальныя і замовы).