Беларуская Служба

Дачы ў цэнтры горада – феномен з часоў ПНР, які не страчвае папулярнасці

30.07.2024 12:18
У большасці з нас ёсць туга па зямлі. 
Аўдыё
   .
Дачны ўчастак у Варшаве.Фота: БСПР/нг

У польскіх гарадах, у тым ліку вялікіх, як Варшава, існуе феномен, які захаваўся з часоў Польскай Народнай Рэспублікі. Гэта дачныя ўчасткі пасярод горада, нават у самым цэнтры. Rodzinne Ogrody Działkowe (Сямейныя дачныя ўчасткі) – аналаг беларускіх садовых таварыстваў. Адрозненне ў тым, што ў Беларусі ўчасткі знаходзяцца як правіла за мяжой гарадоў.  

Шмат хто з жыхароў польскіх населеных пунктаў мае ў мяжы горада невялікі ўчастак – некалькі соцень квадратных метраў – пераважна ад трохсот да шасцісот (гэта хутчэй тры-чатыры соткі, чым шэсць). Шмат дзе праведзена электраэнергія, ёсць вада, хаця няма цэнтральнай каналізацыі. Можна паставіць невялікі домік (ёсць абмежаванні наконт метражу і вышыні), некаторыя ўладальнікі абмяжоўваюцца толькі невялікай пабудовай для захоўвання сваіх інструментаў, якімі корпаюцца ў зямлі.

Калі яшчэ не так даўно дачы атаясамліваліся з пенсіянерамі, дык цяпер усё часцей можна ўбачыць маладых людзей, сем’і з дзецьмі. Асабліва рэзка папулярнасць вырасла ў часы пандэміі, калі людзі пачалі цаніць уласны кавалак зямлі. Нельга мець права ўласнасці на гэтую зямлю, толькі на тое, што стаіць або расце на ёй, і толькі гэтыя аб’екты можна прадаваць ці купляць. Калі на пачатку палітычных і эканамічных пераўтварэнняў час ад часу ішла гаворка пра ліквідацыю такіх выспаў індывідуальнай зелені ў горадзе, дык цяпер пра гэта ўжо не чуваць.

Адкуль з'явіліся сямейныя прысядзібныя ўчасткі? Іх гісторыя сягае яшчэ часоў, калі Польшчы не было на карце Еўропы. Першыя паявіліся пад канец 19-га стагоддзя, але буйны росквіт пачаўся пасля Другой сусветнай вайны. Іх выдавалі сваім супрацоўнікамі вялікія дзяржаўныя прадпрыемствы, – распавяла ў эфіры Першага каналу Польскага радыё Сыльвія Вісьнеўска (Sylwia Wiśniewska), аўтарка блогу пра гарадскія дачныя ўчасткі relaks_na_rodos (ад абрэвіятуры ROD – Rodzninny Ogród Działkowy – даслоўна «Сямейныя дачныя ўчасткі» - садовыя таварыствы).

- Пасля вайны быў нават абавязак, каб вялікія прадпрыемствы стваралі ўласныя таварыствы зямельных участкаў. Гэтыя дачы ствараліся з думкаю пра супрацоўнікаў, каб у іх было месца адпачынку. І яны паўставалі часта на тэрыторыі, якую цяжэй было забудоўваць жыллёвым будаўніцтвам, напрыклад, каля чыгуначных шляхоў. Але нярэдка выдзяляліся ўчасткі ў самых цэнтрах гарадоў. А цяпер стала модна мець такі надзел. Яны ёсць і ў вялікіх гарадах, і ў малых. Практычна ўсюды, дзе існавала вялікае прадпрыемства, былі таксама такія сямейныя дачныя ўчасткі.


Дачы ў цэнтры горада. Дачы ў цэнтры горада.

Цяпер гэтыя дачы служаць галоўным чынам адпачынку. Уладальнікі прыязджаюць туды раніцай з уласнымі правіянтам, рыхтуюць барбекю, запрашаюць гасцей. Усё радзей людзі гадуюць там памідоры ці моркву, але калісьці было інакш. Маладому пакаленню ў гэта цяжка паверыць, але былі ў Польшчы часы, калі дэфіцытам было практычна ўсё – пачынаючы з аўтамабіля, мэблі, вопраткі, і заканчваючы самымі элементарнымі прадуктамі харчавання, як мяса ці сыр. І таму каштоўным быў такі кавалачак уласнай зямлі, на якой можна вырошчваць прадукты харчавання.

- Гэта былі часы, калі вялікі ўпор рабіўся на вырошчванне ўласнай садавіны і гародніны. Дарэчы, большасць з нас паходзіць з семʼяў фермераў, таму дзесьці глыбока ў крыві застаецца гэтая патрэбнасць. Нават калі нехта прасунуўся ў сацыяльным плане, пераехаў у горад, ідзе ўверх па кар’ернай лесвіцы, у яго час ад часу прачынаецца патрэба проста пакапацца ў зямлі. А тым больш ёсць туга па зямлі. Калі людзі жывуць у шматкватэрных дамах, яны шукаюць месца, дзе можна адпачыць, але і проста вырошчваць гародніну на стол.

Калісьці на дачах працавалі галоўным чынам пенсіянеры, у якіх шмат часу, яны спакойна могуць прысвяціць гэты час уласнаму надзелу. Але цяпер сярод дачнікаў назіраюцца розныя ўзроставыя катэгорыі, – адзначае госць Польскага радыё.

- Яны падзяляюцца падобным чынам, як усё грамадства. Ёсць катэгорыя ўладальнікаў, для якіх важная эстэтыка – роўны газон, модны дарагі домік. Гэта месца, дзе гаспадар любіць праводзіць час, але ён там не будзе гадаваць садавіну ці гародніну. Ён карыстаецца паслугамі чалавека, які прафесійна займаецца планаваннем садоў. А ёсць экалагічны трэнд сярод маладых людзей – гэта ўчасткі, на якіх гаспадар прадбачвае месца для пчол ці іншых насякомых, ёсць месца на кампост, дзе стараюцца паліваць расліны дажджавой вадой. Дачы купляюць часта пенсіянеры, гэта не змянілася, але таксама маладзейшыя людзі, каб мець уласны кавалачак зямлі. Асабліва гэта пашырылася пасля пандэміі, калі мы не маглі адпачываць у парках і лясах. Усё ж такі ў нас ёсць натуральная патрэба адпачываць у такіх месцах.


Некаторыя дачнікі гадуюць галубоў. Некаторыя дачнікі гадуюць галубоў.

Трэба сказаць, што на дачах, нават у цэнтры Варшавы, людзі часам гадуюць не толькі садавіну і гародніну, але таксама курэй, трусоў і галубоў. Хаця гэта здараецца ўсё радзей, часцей можна сустрэць прыгожы зялёны газон і некалькі дрэў – сліў, яблыняў, грушаў ці абрыкосаў. Некаторыя ўчасткі адкрытыя для агульнага карыстання, брамы не зачыняюць на ключ, а на іншыя могуць увайсці толькі гаспадары зямельных надзелаў.

Ula Kaczyńska/Maciej Piotrowski/нг


Дачы ў цэнтры горада. Дачы ў цэнтры горада.
Ружы на дачы ў Варшаве. Ружы на дачы ў Варшаве.