Беларуская Служба

Смерць на мяжы. Упаў з 5-метровай агароджы і праз два дні памёр

13.08.2024 15:43
Гэта адзін з кейсаў, апісаных у дакладзе “Смерці мігрантаў_ак на мяжы Еўрасаюзу і Беларусі”. 
.
..

Гэта здарылася з 58-гадовым сірыйцам, які спрабаваў пералезці праз памежную агароджу, на версе якой знаходзіцца калючы дрот. Да вайны ў Сірыі ў яго быў дом, птушкаферма і аліўкавы гай, якія ён страціў пасля пачатку вайны, і ён і яго сям'я былі вымушаны пакінуць свае дамы. Яго двойчы арыштоўвалі ў Сірыі і ён правёў шэсць месяцаў у турме.

Гэта адзін з кейсаў, апісаных у дакладзе “Смерці мігрантаў_ак на мяжы Еўрасаюзу і Беларусі”. Даклад праваабарончых арганізацый (Human Constanta з Беларусі, Gribu palīdzēt bēgļiem з Латвіі, Sienos Grupė з Літвы, Фонд Ocalenie з Польшчы) упершыню сістэматычна прадставіў дадзеныя пра смяротнасць мігрантаў на межах ЕС і Беларусі.

Эксперты Human Constanta нагадалі, што гэта не першы міграцыйны крызіс. У 2016 годзе, калі ў Польшчы змянілася кіраўніцтва, летам у Брэсце захрасла некалькі тысяч мігрантаў, паколькі польскія памежнікі вельмі выбарачна пачалі прымаць дакументы на міжнародную абарону.

Цяперашні крызіс мае свае адметнасці. Беларускі рэжым паспрыяў прыезду вялікай колькасці замежнікаў у Беларусь для далейшага перамяшчэння ў Еўропу. Аднак, па словах праваабаронцаў, крызісу не было б, калі б улады Польшчы, Літвы і Латвіі вялі іншую міграцыйную палітыку, у прыватнасці не выпіхвалі мігрантаў назад.

Са жніўня 2021 году па сакавік 2024 году 116 смерцяў былі пацверджаны афіцыйна, інфармацыя пра чарговыя 26 смерцяў паходзіць з верагодных паказанняў сведак. Пасля справаздачнага перыяду вядома пра 9 памерлых. Калі падзяліць лічбы па краінам, то Літва – 5 памерлых чалавек, Латвія – 7, Польшча – 39, 63 (47 з іх пацверджаныя ГПК) – Беларусь, Германія – 1, адзін чалавек у невядомым месцы.

У 31 выпадку імя памерлай асобы нявысветленае.

У гэтыя лічбы ўваходзяць не толькі памерлыя непасрэдна на мяжы, але агульна ахвяры памежных рэжымаў. Гэта, напрыклад, пяць чалавек, якія загінулі ў аўтамабільных аварыях, калі ўцякалі ад паліцыі. Улічваліся і смерці ў шпіталях, куды людзі траплялі пасля перасячэння мяжы.

Загінуўшыя людзі паходзяць, як мінімум, з 19 краін.

У кожнай краіне свае праблемы са зборам інфармацыі, частка краін не хоча дзяліцца згаданай інфармацыяй. Даклад вельмі падрабязна іх апісвае.

У дакуменце, сярод іншага, названыя фактары рызыкі, якія прыводзяць да такой колькасці смерцяў. Гэта халоднае надвор’е, недахоп ежы і вады, фізічныя атакі з боку памежнікаў, які прыводзілі да сур’ёзных траўм. Гэта канфіскацыя асабістых рэчаў памежнікамі, у прыватнасці тэлефонаў. Найбольш частай афіцыйнай прычынай смерцяў называецца пераахаладжэнне арганізма, а праблема тычыцца не толькі зімовага перыяду. Другая афіцыйная прычына смерцяў: утапленне ў рэках. Сярод прычын ёсць і несвоечасовае аказанне дапамогі.

Аўтары даклада канстатуюць, што міграцыйны крызіс працягваецца. З улікам сітуацыі ў Беларусі і падыходу да міграцыі еўрапейскіх краін праваабаронцы не чакаюць хуткага завяршэння крызісу.

ав