Беларуская Служба

Палітыкам не трэба будзе падымаць пенсійны ўзрост, людзі самі пачнуць працаваць даўжэй

17.08.2024 07:02
Пенсіі будуць настолькі малыя, што за іх цяжка будзе пражыць. 
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: vivooo/shutterstock

Сайт businessinsider піша, што ў Польшчы зноў загаварылі пра павышэнне пенсійнага ўзросту. Некалькі дзён таму міністарка фондаў і рэгіянальнай палітыкі Катажына Пэлчыньска-Налэнч (Katarzyna Pełczyńska-Nałęcz) заявіла, што ў будучыні не выключана павышэнне пенсійнага ўзросту.

Але выданне піша, што ўрад не плануе гэтага рабіць. Справа ў тым, што аднойчы з-за рэформы, якая павысіла ўзрост выхаду на пенсію, сённяшні прэм'ер-міністр Дональд Туск ужо страціў уладу. Але гэта не значыць, што палякі не будуць працаваць даўжэй. Яны будуць гэта рабіць, таму што гэта будзе выгадна. Такім чынам, пенсійны ўзрост павялічыцца сам, без змены заканадаўства. Лічбы гавораць самі за сябе. Дадатковага года працы дастаткова, каб павялічыць выплату да некалькіх сотняў злотых у месяц.

Пенсійны ўзрост у Польшчы адзін з самых нізкіх у Еўропе (жанчыны - 60 гадоў, мужчыны - 65). Таксама ў Еўропе няшмат краін, дзе момант выхаду на пенсію адрозніваецца ў залежнасці ад полу. Таму пенсіі будуць вельмі малыя, асабліва жанчын.

Дастаткова паглядзець на прагнозы Ведамства сацыяльнага страхавання (Zakład Ubezpieczeń Społecznych), які адказвае за выплату пенсій. Прагноз, падрыхтаваны ў мінулым годзе, паказвае, што цяпер у Польшчы больш за 22 мільёны людзей у працаздольным узросце. 8,7 мільёна чалавек знаходзяцца ў непрацаздольным узросце, у асноўным гэта пенсіянеры.

Сістэма салідарнасці пакаленняў, якая існуе ў Польшчы, працуе прыкладна так: пенсіі сучасных пажылых людзей выплачваюцца з узносаў тых, хто зараз працуе. Таму няцяжка падлічыць, што сёння на аднаго пенсіянера прыпадае ў сярэднім менш за тры работнікі.

Праз 30 гадоў, калі міленіялы выйдуць на пенсію, сітуацыя будзе нашмат горшай. Дэмаграфія ім не спрыяе. Працягласць жыцця расце, дзяцей нараджаецца ўсё менш. У выніку Польшча старэе.

У 2050 годзе ў краіне будзе 16,8 мільёна працуючых і амаль 12 мільёнаў пенсіянераў. На аднаго пенсіянера будуць «працаваць» не тры, як сёння, а менш за паўтара супрацоўніка. Непазбежна пенсіі будуць паніжацца. Паводле падлікаў спецыялістаў Alior Bank, сённяшнія 30-гадовыя людзі змогуць разлічваць на пенсію ў памеры 25-30% іх апошніх заробкаў. Прагнозы самога ZUS ці Еўракамісіі яшчэ горшыя. Гэтыя аналізы паказваюць каэфіцыент у 20 працэнтаў.

Таму людзям, ці хочуць яны таго, ці не, прыйдзецца працаваць даўжэй, каб адкласці больш узносаў на пенсію. Сістэма працуе такім чынам, што пры выхадзе на пенсію ZUS правярае, колькі статыстычна засталося месяцаў жыцця ў чалавека. Таму польская пенсійная сістэма ўключае ў сябе механізм, які заахвочвае людзей працаваць даўжэй і пазней выходзіць на пенсію. Такім чынам, палітыкам не абавязкова  будзе ўводзіць рэформы, якія павысяць пенсійны ўзрост.

Якуб Цэглаж (Jakub Ceglarz)

нг