Другі раз за апошнія месяцы Лукашэнка заявіў пра вызваленне палітвязняў. Дыктатар прызнаў, што ў краіне ёсць палітвязні, але ён іх памілаваў. Рэжым у Беларусі спрабуе паўтарыць схему з 2011-2012 гг., калі ўлады часова спынілі рэпрэсіі, вызвалілі палітвязняў, а ўзамен атрымалі нармалізацыю адносін з Захадам. Гэтым разам эксперты не вераць у магчымасць дамовіцца з Лукашэнкам, тым больш, што вызваленні ўжо сталі элементам прапаганды рэжыму.
На дадзены момант праваабаронцы зазначаюць, што ў Беларусі 1388 палітвязняў, іх колькасць не памяншаецца, а павялічваецца. Паводле дадзеных ПЦ «Вясна» за мінулы месяц 170 чалавек былі асуджаныя па палітычных артыкулах. Вызваленых – дзясяткі. У ліпені на волю выйшлі мінімум 43 чалавекі, 20 з якіх цалкам адбылі тэрміны, а 18 вызвалілі па амністыі. Яшчэ 19 былі вызваленыя 16 жніўня, пасля таго, як прэс-служба ўзурпатара паведаміла, што ён падпісаў указ аб памілаванні 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэстнай накіраванасці». Прапаганда адразу заявіла, што вызваленыя поўнасцю прызналі віну ды раскаяліся.
Пры гэтым, прапагандысты маўчаць пра тое, што людзей змушалі падпісваць просьбы аб памілаванні, і забараняць кантакты з праваабаронцамі ды незалежнымі СМІ, зазначае кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.
- Не важныя прычыны, па якіх дыктатар вызваляе палітычных вязняў, - важна, што людзі выходзяць з турмы, вяртаюцца да сем’яў, змогуць паправіць здароўе, бо ўмовы ўтрымання ў лукашэнкаўскіх турмах – жудасныя. Апроч таго, мы пастаянна атрымліваем інфармацыю, пра катаванні ў турмах, у тым ліку пра тое, што людзям забараняюць кантактаваць з праваабаронцамі ды прэсай, пад пагрозай новых арыштаў. Людзі настолькі запалоханыя, таму мы не ведаем ніякіх падрабязнасцяў пра апошнія хвалі вызваленняў.
Памілаванні - гэта чарговая спроба рэжыму навязаць Захаду цынічную гульню па адмене санкцый, шантажуючы закладнікамі, палітычнымі апанентамі, каго на загад Лукашэнкі кінулі незаконна за краты. Гаворыць праваабаронца Дзмітрый Салаўёў.
- Рэжым выпускае хворых людзей, не таму, што ён прасякнуты гуманістычнымі каштоўнасцямі. Гэта робіцца дзеля таго, каб пачаць новую гульню з Захадам, спыніць санкцыі. Шмат каго выпускаюць толькі таму, каб яны не памерлі бліжэйшы час у калоніі, каб не было новых скандалаў, што паміраюць палітвязні. Зразумела, што гэта робіцца яшчэ пад выбары будучага года. Лукашэнка навязвае грамадству «новы-стары наратыў», што ў Беларусі былі рэпрэсіі, але няма вайны. Плюс прапаганда паказвае, што апаненты рэжыму раскаяліся, прызналі, што яны памыляліся. Тое, што людзі выйшлі на свабоду, трэба вітаць. Але гэта не значыць, што стала лепш. Цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад таго, што было ў 2012 годзе, калі спыніліся новыя пасадкі і паціху пачалі выпускаць палітвязняў. Цяпер арышты і пасадкі працягваюцца. Таму пра вызваленні няма інфармацыі, бо не каментуюць, каб вызваленым не пашкодзіць яшчэ больш. Аднак мы мусім асуджаць дзеянні прапагандыстаў, бо гэта нелюдзі. Яны выкарыстоўваюць хваробы людзей, каб змусіць іх да выказванняў, што потым выкарыстоўвае рэжым у прапагандзе, як у нацыстаў.
Гэтым разам у дыктатара можа не атрымаецца зманіпуляваць заходніх палітыкаў. Пасля падзей 2020-22 гг. з Лукашэнкам немагчыма дамовіцца, перакананы аналітык варшаўскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Клысінскі.
- На Захадзе, і ў Польшчы заўсёды вітаюць вызваленне кожнага чалавека, які быў незаконна асуджаны за свае палітычныя погляды. Аднак у макрамаштабе двухбаковых адносін не бачна абсалютна жадання Мінска да паразумення. Пасля рэпрэсій 2020 і пасля міграцыйнага крызісу 2021-га года, я абсалютна перакананы, што з Лукашэнкам немагчыма дамовіцца. Гэты чалавек не здольны весці дыялог, яго заклікі да дыялог маюць адну мэту – маніпуляцыю ды дэзінфармацыю заходніх палітыкаў. Плюс гэта рыторыка для беларускага грамадства, што Лукашэнка хацеў дамовіцца, але «кепскі Захад» не пагаджаецца.
16 жніўня Лукашэнка падпісаў Указ аб памілаванні 30 палітзняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын. Яшчэ 18 чалавек былі вызваленыя ў ліпені. Гэтыя крокамі рэжым хоча прадэманстраваць Захаду свае жаданне да аднаўлення дыялогу. Эксперты на Захадзе не вераць у шчырасць намераў беларускага рэжыму.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч