Мог стаць музыкантам, але стаў інжынерам
Мікіта ў Беларусі адпрацаваў каля дзевяці гадоў інжынерам на прадпрыемстве “Керамін”. Прызнаецца, што прафесію яму выбраў бацька, хоць у яго нядрэнны слых і ён скончыў музычную школу.
— Магчыма, я крыху шкадую, бо мама заўважала ўва мне вакальныя і інструментальныя здольнасці. І я хацеў пайсці гэтым шляхам, але бацька, які доўгі час быў вайскоўцам, сказаў, што на гэтым не заробіш на жыццё. Карацей, вырашылі за мяне.
Страціў надзею і паехаў у свет
2020 год Мікіта сустрэў, як і большасць беларусаў. Ён кажа, што яму пашанцавала не патрапіць за краты. Але тады канчаткова стала зразумела, што жыць пры той уладзе сэнсу няма.
— Я тады для сябе вырашыў, што далей працаваць у Беларусі не збіраюся. Мне гэта раілі сябры, якія раней выехалі ў Польшчу, і тыя, хто пабываў за кратамі. Я сабраў свае рэчы, крыху грошай і паехаў. Дарэчы, выйшаў з прафсаюзаў яшчэ ў 2020 годзе, бо было відаць, што ўсё гэта не працуе і не мае сэнсу. Нічога не развівалася ў нашай краіне. Грошай не заробіш, адпачыць няма дзе, нават канцэртаў для людзей не было. Надзея была страчана, калі пратэсты пачалі затухаць. А калі забілі Бандарэнку, нават Ціханоўская звярталася да людзей, каб яны больш не выходзілі. Бацька таксама настаяў, каб я выехаў, кажучы, што прыйшоў час.
Тут я зразумеў, што значыць быць беларусам
Суразмоўца кажа, што ад пачатку Польшча не была для яго чужой краінай, бо дзяцінства прайшло ў Заходняй Беларусі, дзе таксама чуў польскую мову, а іх сям’я мела радню ў Польшчы.
— Я з дзяцінства хадзіў у касцёл і чуў там польскую мову. Многае ведаў пра Рэч Паспалітую і чытаў пра яе. Мы з бацькам рабілі выразкі з газет. Польшча стала для мяне другой Бацькаўшчынай. Там, з Лукашэнкам і яго ўладай, мы ўжо страцілі нейкі сэнс, а тут ізноў аб’ядналіся, і я зразумеў, што значыць быць беларусам.
— Што вы маеце на ўвазе?
— У нас ёсць свае каштоўнасці, свая мова. Раней я ніколі не размаўляў па-беларуску, але тут да гэтага прыйшоў. Пачаў цікавіцца, чытаць, убачыў, колькі людзей загінула за тое, каб мы існавалі, і зразумеў, што мы не нейкая там губернія “са знакам якасці” і не рускія. І я цяпер упэўнены ў гэтым.
Наша мэта — вярнуць нашу Бацькаўшчыну
Уладкоўваючы сваё жыццё ў Польшчы, Мікіта згадвае, што спачатку давялося працаваць фізічна і цяжка. Але праз пару месяцаў справы палепшыліся, бо знайшоў добрую працу з добрай аплатай. Пазней пераехаў у Познань, дзе дзейнічае беларускі хор, і пачаў там спяваць.
— З дзяцінства займаўся музыкай, і мяне да гэтага цягнула. Нейкі час спяваў у польскім касцельным хоры, дзе мяне вельмі цёпла прынялі. Адчуў, што магу выконваць партыі на прафесійным узроўні. І вось знайшоў беларускі хор, закахаўся ў яго, бо ён пра Беларусь, пра тое, што мы перажывалі. Менавіта таму я змяніў месца жыхарства. Працы тут паўсюль хапае, але пачынаеш ужо думаць пра іншыя рэчы — пра тое, што робіць цябе годным, і ты маеш іншыя мэты. А наша мэта — вярнуць сваю Бацькаўшчыну.
Я не імкнуся да высокіх пасадаў
Менавіта ў эміграцыі, як адзначае суразмоўца, прыйшло разуменне, чаму ў Беларусі не было нічога беларускага. Ён згадвае канцэрты і іншыя мерапрыемствы, якія спачатку ладзілі ў школе, а потым у час вучобы толькі для ідэалагічных патрэбаў. А па-беларуску, маўляў, у вёсцы размаўлялі толькі “калгаснікі”. Але цяпер ён зразумеў, што шмат у чым памыляўся.
Я пытаюся ў Мікіты, ці не крыўдна яму з вышэйшай адукацыяй працаваць звычайным аператарам на прадпрыемстве?
— Гэта мяне не абурае і не крыўдзіць, бо, папрацаваўшы інжынерам з рознымі чарцяжамі і разлікамі, бачу, што нічым асаблівым мая праца тут не адрозніваецца. Там было больш дакументацыі, а тут у прынцыпе аддаеш частку свайго жыцця ў абмен на грошы. Але мне падабаецца працаваць там, дзе добрыя людзі. Я ўжо прывык, а шмат часу імкнуся аддаць заняткам адукацыі і культуры, сустракаюся з рознымі людзьмі, падарожнічаю. Я не імкнуся да высокіх пасадаў на працы. Восем гадзін адпрацаваў і пра працу больш не думаю.
Адбудоўваць нашу краіну толькі нам
Мікіта кажа, што сумуе па доме, як і большасць эмігрантаў, але разумее, што вярнуўшыся ў Беларусь цяпер, там няма чаго рабіць. Там няма працы з вартым заробкам, няма сэрвісу для адпачынку, а ён малады і хоча жыць напоўніцу. Але, калі палітычная сітуацыя зменіцца, ён намерваецца вярнуцца.
— Так, напэўна, вярнуся, бо хочацца да сваіх. Жывеш тут, але думаеш, што час ідзе, а бацькі не становяцца маладзейшымі. І гэта баліць, што ты не з імі. Калі наступяць змены, мяне гэта вельмі цікавіць. Я шмат у каго пытаўся. І каму адбудоўваць потым нашу краіну? Толькі нам, бо яна наша. Я тут працую, але не важна дзе, бо галоўнае — умацоўвацца і чакаць таго часу “Х”. Мы ўсе жылі гэтым у 2020 годзе, і гэты момант наступіць, калі ты бярэш усё ў свае рукі і вырашаеш...
Павел ЗАЛЕСКІ