Беларуская Служба

Беларусы менш прыхільна ставяцца да Захаду

03.09.2024 14:31
Так вынікае з апытання праведзенага «Беларускай ініцыятывай» Chatham House, вынікі якога прадставіў кіраўнік ініцыятывы Рыгор Астапеня.
Аўдыё
  • Эксперт: Беларусы пачалі менш прыхільна ставіцца да Захаду
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/pressclubbelarus

Гэта наступства санкцый ды разарваных кантактаў з Еўропай, зазначае эксперт. Замест Захаду беларусы больш пачынаюць глядзець у бок Расіі, але застаецца значная група, якая хацела б добрых адносін з Еўропай ды Расіяй.

3 верасня ў Беларускім прэс-клубе  адбылася анлайн-прэзентацыя вынікаў новага апытання Chatham House пра стаўленне беларусаў да Захаду, якое было праведзенае ў чэрвені-ліпені бягучага года. У гэтым апытанні даследчыкі запыталіся ў беларусаў, як часта яны ездзяць у краіны ЕС, як ставяцца да заходняй культуры ды ці хочуць пашырэння сувязяў з Захадам.

У выніку высветлілася, што за апошнія 5 год значна скараціліся кантакты беларусаў з Захадам. Толькі 22% беларускіх гараджан наведвалі краіны ЕС за апошнія пяць гадоў. Прычынай называецца недаступнасць віз ды санкцыйныя абмежаванні. Даследванне паказала яшчэ, што беларусы не асацыююць сябе з людзьмі заходняй культуры, але і не лічаць, што заходняя культура негатыўна ўплывае на грамадства. У краіне застаецца выразны падзел на тры групы па знешнепалітычных прыярытэтах. Толькі 14% беларускіх гарадскіх жыхароў выступаюць супраць пашырэння сувязяў Беларусі з Еўрапейскім саюзам, большасць беларусаў схільныя да нейтральнай ці прарасійскай арыентацыі, зазначае Рыгор Астапеня.

-  Беларусы па сутнасці падзеленыя на тры групы, і гэта не змяняецца ўжо некалькі год. Дзве адносна вялікія: нейтральныя і прарасійская, і трэцяя меншая – празаходняя. Плюс ёсць людзі, якія няўпэўненыя, і тыя, хто кажуць, што можна быць з Захадам і Расіяй. Гэта паказвае, што запыт на нейтральнасць захоўваецца. У лютым і сакавіку гэтага года мы пыталіся пра тое, што Беларусь павінна праводзіць нейтральную палітыку ў дачыненні да Захаду і да Расіі, і нават запыталіся, ці Беларусь павінна праводзіць нейтральную палітыку ў дачыненні да Расіі ды Украіны. Мы ўбачылі, што большасць людзей схільныя адказваць, што так трэба.

Пры гэтым кардынальнага развароту ў знешнепалітычным выбары беларусаў не адбылося, зазначае адмысловец.

- Адбываюцца змены, але з цяперашніх дадзеных не бачна, што адбываецца геапалітычны разварот, што раней беларусы былі вельмі празаходнія, а цяпер яны становяцца іншымі. Раней тры вышэйзгаданыя групы існавалі ў беларускім грамадстве. Можа толькі      празаходняя група была крыху большай, чым цяпер.

На скарачэнне празаходняй групы паўплывала зачыстка інфармацыйнай прасторы ў Беларусі, але і палітыка санкцый ЕС, падкрэсліў Рыгор Астапеня.

- Мы пыталіся ў людзей і пра спажыванне інфармацыі, і мы бачылі такую сітуацыю, што празаходнія людзі схільныя да таго, каб спажываць інфармацыю з беларускіх незалежных СМІ. Аднак нават год назад было відавочна, што тыя, хто карыстаецца незалежнымі СМІ, не ўсе выразныя прыхільнікі еўраінтэграцыі. Гэта звязана не столькі з інфармацыяй, колькі з наяўнасцю дыскрымінацыйных практык, якія ўводзяцца ў дачыненні да беларусаў у некаторых краінах ЕС. Гэта ўплывае на тое, як людзі ўспрымаюць краіны Захаду.

Найбольш жа даследчыкаў здзівіла тое, што большасць беларусаў успрымае жыццё ў сваёй краіне, як добрае ў параўнанні з Захадам і Расіяй, зазначыў эксперт.

- Выразна бачна, што частка людзей лічыць, што ў Беларусі жыць досыць добра ў параўнанні з краінамі Захаду і Расіяй. Гэта звязана з наратывамі прапаганды пра Захад, дзе нібыта зімой людзі замярзаюць, а летам цягаюцца па на гей-парадах ды не хочуць працаваць, да таго ж маюць вялізарныя праблемы з мігрантамі. Расію ў Беларусі ўспрымаюць як краіну бардак, нягледзячы на вялікую групу прыхільнікаў. На гэтым фоне Беларусь паўстае спакойнай і стабільнай краінай.

Пры гэтым даследаванне паказала, што чым больш асабістых сувязей рэспандэнты маюць з Захадам, тым большая верагоднасць, што яны прытрымліваюцца празаходніх і прадэмакратычных поглядаў. Адпаведна, скарачэнне міжчалавечых сувязей паміж Беларуссю і Захадам паўплывала на змяншэнне празаходніх настрояў. Разам з тым  патэнцыйнае павелічэнне кантактаў можа прывесці да значнага росту праеўрапейскіх поглядаў.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч