Беларуская Служба

Польскія гарады змагаюцца з акустычным гвалтам

04.09.2024 13:01
Большасць выпадкаў паршэнняў нормаў, датычных шуму рухавіка, гэта вынік нелегальнай мадыфікацыі, кажуць паліцыянты.
Аўдыё
  • Польскія гарады змагаюцца з акустычным гвалтам
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Mimzy/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дарожны шум з'яўляецца сур'ёзнай праблемай сучасных гарадоў, якая негатыўна ўплывае на здароўе і якасць жыцця жыхароў. Адной з асноўных крыніц гэтага шуму з'яўляюцца транспартныя сродкі, у прыватнасці мода на нелегальныя мадыфікацыі іх выхлапных сістэм. Гэта прычыняецца да перавышэння і без таго завышаных стандартаў шуму ў польскіх гарадах.

Варшаўская паліцыя паспяхова правяла акцыю «Ціхі горад ІІ». У рамках праверкі шуму аўтамабіляў і матацыклаў за некалькі дзён функцыянеры аштрафавалі 238 кіроўцаў, канфіскавалі 46 пасведчанняў аб рэгістрацыі транспартнага сродка і 13 пасведчанняў правоў кіроўцы. Акцыя парадавала жыхароў сталіцы, паколькі празмерны шум шкодзіць іх фізічнаму і псіхічнаму здароўю.

Правілы адназначныя, максімальны ўзровень шуму дадзенага транспартнага сродка вызначае вытворца. Большасць выпадкаў парушэнняў у выглядзе празмернага шуму рухавіка, гэта вынік нелегальнай мадыфікацыі, кажа адзін з паліцыянтаў, якія ўдзельнічаў у акцыі «Ціхі горад ІІ»:

- Вынік вымярэння гучнасці – 90 дэцыбелаў. У выпадку майго матацыкла максімальны ўзровень дэцыбелаў, вызначаны вытворцам – гэта 97. У выпадку тэсту гучнасці матацыкла, вырашальнай з’яўляецца адпаведная інфармацыйная таблічка, на якой пазначаны максімальны ўзровень шуму пры пэўных абарачэннях рухавіка. У маім матацыкле – гэта 4,5 тысячы абарачэнняў. Большасць  выпадкаў парушэнняў у выглядзе празмернага шуму, гэта вынік мадыфікацыі транспартнага сродка, у прыватнасці зменаў выхлапной сістэмы.

Нелегальныя мадыфікацыі – гэта, скажам так, „чума” сярод маладых кіроўцаў, лічыць паліцыянт Павел Здуньчык (Paweł Zduńczyk):

- Агулам матацыклісты мяркуюць, што калі іх пачуюць, то і пабачаць. Між тым, гук мяняе любое ўмяшальніцтва ў выхлапную сістэму. Гэта таксама вынік таго, што матацыклісты часта дапасоўваюць выхлапную сістэму да падвышанай магутнасці рухавіка.

Аднак тэхнічныя мадыфікацыі транспартных сродкаў, гэта мода не толькі сярод матацыклістаў, кажа паліцыянт:

- Несумненна. У асноўным гаворка ідзе пра ўласнікаў гэтак званых спартыўных аўтамабіляў. Яны таксама часта ўводзяць змены ў выхлапныя сістэмы сваіх машынаў. У прыватнасці яны выдаляюць каталізатар, што таксама павялічвае выкід выхлапных газаў. Ліквідуючы фабрычныя абмежаванні, кіроўцы павялічваюць магутнасць рухавіка, якой, дарэчы, у любым выпадку і так нельга выкарыстоўваць на тэрыторыі населеных пунктаў.

Паводле актывістаў, адной з прычынаў павышэння шуму на вуліцах польскіх гарадоў з’яўляюцца неадназначныя рашэнні ўладаў, кажа Анна Майхроўска(Anna Majchrowska) з ініцыятывы „Гучна пра шум”:

- Адной з прычынаў павышэння шуму ў нашым асяроддзі можа быць таксама факт, што ў 2012 годзе кіраўнік Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя аблягчыў нормы шуму, асабліва калі гаворка ідзе пра транспартны шум. У прыватнасці яны былі павышаныя на 5-6 дэцыбелаў. Дарэчы ў выніку згаданага рашэння, дзейныя ў Польшчы нормы не адпавядаюць даручэнням, як Еўрасаюза, так і Сусветнай арганізацыі здароўя.



Паводле актывісткі, у выніку пацярпелі, перш за ўсё, жыхары польскіх гарадоў:

- Перш за ўсё, гэта ўдар па жыхарах гарадоў. У выніку аблягчэння нормаў, павышаны шум ля жылых будынкаў, дамоў стаў легальным.

Функцыянеры паліцыі часта маюць дачыненне з нелегальнай мадыфікацыяй рухавікоў і бравадай кіроўцаў:

- Вось надоечы, такі выпадак… Побач з намі ехаў матацыкл, кіроўца якога скажам так страляў з выхлапной трубы жывым агнём. Мы яго затрымалі і праверылі дазволены шум. Кіроўца атрымаў забарону на далейшую язду.

Хто часцей за ўсіх парушае правілы адносна дазволенага ўзроўню шуму?:

- Гэта, вядома, тэндэнцыя ў маладых кіроўцаў. Яны з усіх сіл імкнуцца вылучыцца на дарозе, пагуляць, павар’яцець.

Гэта акустычны гвалт, пераконвае заснавальнік  „Інстытута акустычнай экалогіі” Алан Грындэ (Alan Grinde):

 - Адзін такі шумны раўнд дарожнага пірата – гэта акустычны гвалт у дачыненні да тысячаў жыхароў горада. Такі шум – гэта не толькі дыскамфорт. Ён мае адмоўны ўплыў на нашае фізічнае і псіхічнае здароўе. Асабліва гаворка ідзе пра цяжарныя жанчыны, маленькія дзеці, старэйшыя асобы ці нашых хатніх гадаванцаў. Калі ноччу ля нашага дома паедзе 40- 50 такіх транспартных сродкаў, то маштаб праблемы лёгка сабе ўявіць.

Менавіта акцыя «Ціхі горад» павінна даць кіроўцам зразумець маштаб праблемы, кажа паліцыянт Павел Здуньчык:

- Хочам звярнуць увагу ўдзельнікаў дарожнага руху, што дарожны рух – гэта не толькі вуліца, але таксама жыхары навакольных дамоў. Цэнтр Варшавы – гэта густа населеныя жылыя раёны, дзе гук узмацняецца, напрыклад, у выніку размяшчэння будынкаў. Гэта прычыняецца да таго, што дарожны шум становіцца больш агрэсіўным.

Функцыянер згаджаецца, што падобныя акцыі варта было б праводзіць цыклічна:

- У нас няма такіх магчымасцяў з-за адсутнасці дастатковай колькасці паліцыянтаў. Нас недастаткова, каб рэгулярна ладзіць такія акцыі.

- кажа Павел Здуньчык.

Нагадваем, за празмерны шум кіроўца транспартнага сродка можа быць пакараны штрафам у памеры да 3 тысяч злотых (гэта больш за 702,5 еўра) і канфіскацыяй пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродка.

Шум у навакольным асяроддзі займае другое месца, пасля забруджанага паветра, па экалагічнай небяспецы для здароўя чалавека. Ён не толькі прычыняецца да парушэння слыху, але таксама павышае ціск, прыводзіць да інсультаў і інфарктаў, а нават дыябету. Гэта адзін з самых небяспечных фактараў стрэсу.

IAR/аз

«Wielka Wyprawa Maluchów» збірае 3 млн злотых на дапамогу дзецям, пацярпелым у ДТЗ

16.07.2024 16:16
Дзясяткі маленькіх машын на працягу тыдня праехалі доўгі і складаны маршрут.