Беларуская Служба

Мігранты не выратуюць Польшчы ад дэмаграфічных праблем, але можна лепш выкарыстаць іх патэнцыял

09.09.2024 16:35
Шмат мігрантаў, асабліва жанчын з Украіны, не можа займацца працоўнай дзейнасцю па розных прычынах.
.
Ілюстрацыя.Фота: pixabay.com

У выданні Gazeta Wyborcza вялікае інтэрв’ю з дырэктарам Цэнтра даследавання міграцыі Варшаўскага ўніверсітэту Паўлам Качмарчыкам (Paweł Kaczmarczyk). Галоўная думка размовы – мігранты не выратуюць Польшчы ад дэмаграфічных праблем.

Суразмоўца адзначае адсутнасць глыбокіх сістэмных рашэнняў, накіраваных на паляпшэнне выкарыстання працы мігрантаў, якія ўжо знаходзяцца ў Польшчы. Гаворка перш за ўсё пра грамадзян Украіны, але ў вялікай ступені гэта датычыць таксама грамадзян Беларусі, якія пераехалі жыць у Польшчу.

Пра тое, што насельніцтва ў дзяржаве будзе скарачацца, вядома здаўна. Пра дэмаграфічны крызіс палітыкі ды эксперты гавораць ужо 15 гадоў. За гэты час Польшча ператварылася з краіны, якая пастаўляе мігрантаў на Захад, у краіну, якая прымае мігрантаў – з Украіны, Блізкага ўсходу і г.д. Палітыкі зрабілі няшмат, каб падрыхтаваць, напрыклад, пенсійную сістэму да змен. Таксама працоўны рынак на гэтыя змены не быў падрыхтаваны. А можна было, меркаваннем суразмоўцы, увесці такія механізмы, якія дазволілі б лягчэй уключыць у яго мігрантаў. Шмат мігрантаў, асабліва жанчын з Украіны, не можа займацца прафесійнай дзейнасцю, паколькі пад іх апекай знаходзяцца дзеці або пажылыя.

Іншая справа – падыход прадпрымальнікаў. Яны заклікаюць прыняць правілы, якія дазвалялі б лягчэй запрашаць мігрантаў працаваць у Польшчу. Зразумела, бізнес зацікаўлены перш за ўсё ў таннай рабочай сіле. Але неабходна зірнуць на справу з далейшай перспектывы, задумацца, ці не лепш, каб фірмы інвеставалі ў супрацоўнікаў, якія застануцца з імі даўжэй, а не пастаянна прымаць на працу новых?

Эксперт прыводзіць прыклад, як выглядае ў Польшчы міграцыйная палітыка. З новага навучальнага года ўкраінскія дзеці павінны абавязкова вучыцца ў польскай школе. Інакш бацькі не атрымаюць фінансавай дапамогі на дзяцей. Дырэктары школ скардзяцца на недахоп настаўнікаў, і пры гэтым ёсць тысячы ўкраінак з педагагічнай адукацыяй, якія не могуць вучыць у польскай школе па фармальных прычынах і прымушаныя працаваць ніжэй за сваю кваліфікацыю.

нг