Беларуская Служба

Пачалася кампанія, накіраваная на адмену крымінальнай адказнасці за аказанне дапамогі мігрантам на польска-беларускай мяжы

19.09.2024 13:10
Гуманітарны крызіс на мяжы пачаўся ў 2021 годзе і працягваецца надалей. 
Аўдыё
  • Пачалася кампанія, накіраваная на адмену крымінальнай адказнасці за аказанне дапамогі мігрантам на польска-беларускай мяжы
   ,
Кадр з фільму «Лес», на якім бачны плот на мяжы.

Хельсінкскі фонд па правах чалавека распачынае кампанію «Дапамога не мае межаў», накіраваную на адмену крымінальнай адказнасці за аказанне дапамогі мігрантам на польска-беларускай мяжы. У рамках кампаніі праходзяць паказы фільму «Лес» рэжысёркі Лідзіі Дуды.

Кіруюць кампаніяй юрысты Хельсінкскага фонду правоў чалавека, арганізатара фестывалю WATCH DOCS, таксама запрошаны арганізацыі, валанцёры і жыхары Падляшша, якія займаюцца аказаннем гуманітарнай дапамогі на польска-беларускай мяжы. Галоўны пасыл кампаніі: дапамога людзям у патрэбе не павінна карацца дзяржавай.

Гуманітарны крызіс на мяжы пачаўся ў 2021 годзе і працягваецца надалей. Паводле звестак праваабарончых арганізацый, пры спробе перасекчы межы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй загінулі 116 бежанцаў. Ва ўмовах адсутнасці якой-небудзь дзяржаўнай гуманітарнай дапамогі на мяжы была створана базавая сістэма дапамогі, дзякуючы якой падтрымку атрымалі больш за 25 тысяч чалавек.

Польскія няўрадавыя арганізацыі, валанцёры, актывісты і прадстаўнікі мясцовых уладаў забяспечваюць бежанцаў вадой, ежай, медыцынскай і юрыдычнай дапамогай. Гэтыя дзеянні стыгматызуюцца ўладамі і дзяржаўнымі ўстановамі і насуперак дзеючым нормам крыміналізуюцца.

Марцін Сосняк з Хельсінкскага фонду па правах чалавека гаворыць, што гэта недапушчальна:

-Аказанне дапамогі з’яўляецца легальным, а часамі гэта нават абавязак, калі пад пагрозай здароўе і жыццё. Найчасцей прыцягванне да адказнасці тычыцца знаходжання ў буфернай зоне, дзе знаходзіцца нельга. Гэтая забарона нядаўна была падоўжаная. Паводле нас, паводле многіх юрыстаў, сама гэтая забарона з’яўляецца неканстытуцыйнай. За знаходжанне ў зоне ёсць адказнасць. За спробы пакінуць пасылкі ў лесе людзей таксама караюць нібыта за засмечванне. Часамі паяўляюцца больш сур’ёзныя абвінавачанні ў спрыянні нелегальнаму перасячэнні мяжы ці спрашчэнні прыбывання ў Польшчы людзям, якія не маюць на гэта дазволу. Абвінавачваюць людзей, якія вельмі часта ратуюць жыццё многіх мігрантаў, якія захраслі ў безвыходнасці паміж Польшчай і Беларуссю. Іх здароўе, жыццё і бяспека ўвесь час пад пагрозай.

Фонд аказвае юрыдычную дапамогу асобам, якія прыцягваюцца да адказнасці. Марцін Сосняк кажа, што ў пераважнай большасці выпадкаў суды выносяць апраўдальныя прысуды. Праваабаронца перакананы, што ў спробах крыміналізацыі дапамогі справа не ў прыцягненні да адказнасці, а спробах запужаць: прад’явіць абвінавачанне, перадаць справу ў пракуратуру, правесці допыт.

-Я асабіста ведаю шмат людзей, якія надалей аказваюць дапамогу. Іх не ўдасца запужаць, бо яны перакананыя, што дапамагаць трэба. Падазраю, што частка адмаўляецца, баіцца. У іх праца, сваё жыццё і яны не хочуць звязвацца з польскімі службамі. Думаю, ёсць выпадкі, калі спробы крыміналізацыі, прыносяць свае эфекты. У сваю чаргу для нас важна, што выносяцца апраўдальныя прысуды. І гэта мы можам даносіць у сваёй кампаніі, паказваць, што закон прызнае рацыю асобам, якія аказваюць дапамогу.

Марцін Сосняк гаворыць, што з пункту гледжання праваабаронцаў кожны чалавек павінен быць дапушчаны да працэдуры падачы заяўкі на міжнародную абарону. Пакуль асоба не ўвойдзе на тэрыторыю Польшчы, не будзе дапушчана да працэдуры па атрыманні статусу ўцекача, за якую адказвае Установа па справах іншаземцаў, ніхто не мае права ацэньваць, ці гэтыя асобы з’яўляюцца ўцекачамі ці не.

-Заявы Памежнай службы, што гэта эканамічныя мігранты, а не ўцекачы, з юрыдычнага пункту гледжання не маюць ніякага значэння. Па-другое, у Польшчы ёсць міграцыйны закон. Гэты закон акрэслівае, што можна зрабіць з асобай, якая трапляе ў краіну нязгодна з законам, перасякае мяжу ў недазволеным месцы. Для гэтага ёсць працэдуры. Яны запэўніваюць доступ да юрыстаў, лекараў, псіхолагаў, патрэбнай дапамогі. Нават, калі ў выніку будзе прымененая працэдура дэпартацыі. І гэты закон існуе здаўна. Нават калі працэдуры могуць закончыцца дэпартацыяй, то ўсё ж для іншаземцаў яны бяспечныя. Падчас цяперашняга міграцыйнага крызісу папярэдні ўрад прыняў палажэнні, якія цалкам не адпавядаюць міграцыйнаму закону, нязгодныя з Канстытуцыяй і парушаюць правы чалавека. Гэтыя палажэнні з’яўляюцца непатрэбным дадаткам да міграцыйнай сістэмы. Іх прымяняюць на мяжы. Гэтыя палажэнні небяспечныя напрыклад тым, што гэтыя людзі трапляюць назад у Беларусь. У краіну, якая не з’яўляецца бяспечнай, дзе над імі здзекуюцца, прымяняюць насілле. І гэта для нас самае важнае – вярнуць закон, які гарантуе мігрантам бяспеку. Тое, што адбываецца цяпер, не адпавядае праву называцца дэмакратычнай краінай.

На пытанне, пра які працэнт мігрантаў гаворыць фонд, Марцін Сосняк адзначае, што лічбы назваць складана, і яны вагаюцца. Многае залежыць ад пары году, колькасці спроб перасячэння мяжы і іншых фактараў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, усё ж пераважная большасць мігрантаў выпіхваецца назад у Беларусь. Аднак ёсць і тыя, каму з першага разу ўдаецца падаць дакументы на ўцякацтва.


. 

У рамках кампаніі «Дапамога не мае межаў» Хельсінкскага фонду па правах чалавека праходзяць паказы фільму «Лес» рэжысёркі Лідзіі Дуды - адзін з найважнейшых і найчасцей узнагароджаных польскіх дакументальных фільмаў гэтага года.

Ася і Марэк жывуць з трыма дзецьмі ў Белавежскай пушчы, на самай мяжы з Беларуссю. Калі яны здзейснілі сваю мару аб набыцці дома адразу пасля заканчэння школы, яны нават не здагадваліся, што іх чакае ў гэтым маленькім раі. Камеры, устаноўленыя ў полі, пакуль выкарыстоўваліся для назірання за жывёламі. Але начныя запісы паказваюць, што ў лесе з'явіліся людзі - бежанцы, якія спрабуюць знайсці бяспечны шлях у Еўропу. Дапамагае ўся сям'я, нягледзячы на ​​адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы. З гэтага часу лес будзе для іх зусім іншым месцам. Як вярнуцца ў дом, дзе паміраюць людзі?

Фільм атрымаў шэраг міжнародных узнагарод.

слухайце аўдыё

ав