Слухайце поўную размову ў далучаным гукавым файле!
- адрозненні паміж сістэмай навучання матэматыцы ў Польшчы і Беларусі;
- ці матэматыка павінна быць абавязковым іспытам?
- тэрміны - адкуль іх браць на беларускай мове;
- ці ў Беларусі ёсць запатрабаванне на матэматыкаў, якія вучаць па-беларуску?
Госць нашага эфіру – настаўнік матэматыкі, шматгадовы ўніверсітэцкі выкладчык, які быў прымушаны з’ехаць з Беларусі па палітычных прычынах. У роднай краіне не было запатрабавання на яго паслугі выкладчыка матэматыкі па-беларуску. У Польшчы ён знайшоў працу – вучыць беларускіх дзяцей матэматыцы ў польскай школе. Па-беларуску.
Наш госць папрасіў прадставіць яго Алесем. А мы папрасілі яго распавесці, у чым адрозненні ў праграме па матэматыцы паміж польскай і беларускай школай у старэйшых класах.
- Ёсць такія раздзелы матэматыкі, якіх у беларускай школе зусім няма. Таксама тут два тыпы выкладання: matematyka podstawowa і matematyka rozszerzona – базавая і пашыраная матэматыка. Яны адрозніваюцца, таксама ёсць розныя аркушы на іспытах. У польскай школе ёсць тое, што ў Беларусі праходзяць ва ўніверсітэце як вышэйшая матэматыка. Я даўно сутыкнуўся з гэтай з’явай – калі беларусы выязджаюць у іншыя краіны, ім патрэбная дадатковая падрыхтоўка. Скажам, інтэгралаў беларускія дзеці не ведаюць. Чаму так? У нас сталі з матэматыкі выкідваць быццам бы цяжкія рэчы.
У Польшчы даволі доўгі перыяд не было абавязковага іспыту па матэматыцы на «матуры» (экзамен на атэстат сталасці). Цяпер яго вярнулі. Ці, на вашую думку, веды па матэматыцы абавязкова трэба правяраць пасля сярэдняй школы?
- Я ўжо прафесійна дэфармаваўся, я люблю матэматыку, таму не магу сказаць, што яна непатрэбная. Многія людзі ў Беларусі, калі я размаўляў па-беларуску, задавалі пытанне: «Навошта вам беларуская мова, навошта выкладаеце, яшчэ і матэматыку, па-беларуску?». Мне мая беларуская мова ўсюды спатрэбілася, я лепей разумею польскую, разумею любыя дыялогі па-ўкраінску. Чаму матэматыка камусьці замінае? Але прымусу не павінна быць, асноўная бяда ў тым, што людзей прымушаюць.
нг