— Часам даводзіцца выбіраць паміж любоўю да жывёл і бяспекай гарадоў, вёсак, устойлівасцю набярэжных, — сказаў прэм'ер-міністр Туск, абвінаваціўшы баброў у разбурэнні супрацьпаводкавых набярэжных. Такім чынам кіраўнік ураду дазволіў барацьбу з гэтымі жывёламі.
Пасля гэтых слоў разгарэлася бурная дыскусія наконт баброў, піша партал Onet.pl
Эксперты спрачаюцца аб іх ролі ў вялікай паводцы ў Польшчы.
Словы Дональда Туска пра тое, што бабры разбураюць супрацьпаводкавыя насыпы, з'яўляюцца «альбо агаворкай у выніку недасведчанасці, альбо наўмыснай спробай шукаць казла адпушчэння», - кажа доктар прыродазнаўчых навук Анджэй Чэх, ён падкрэслівае, што бабры — саюзнікі людзей у сітуацыях паводкі.
— Яны абмяжоўваюць энергію вады, якая сцякае з гор, падаўжаюць плынь вады ад некалькіх гадзін да нават некалькіх дзён, а значыць, згладжваюць хвалю паводкі, — адзначае Чэх.
— Абвінавачваць баброў у тым, што яны капаюць норы ў насыпах, — гэта вялікае непаразуменне, — мяркуе даследчык.
У сваю чаргу прафесійны паляўнічы на баброў Губерт Мішчук сцвярджае, што бабры могуць капаць норы і тунэлі ў супрацьпаводкавых насыпах. Паводле яго слоў, за адну ноч бабёр можа пракапаць каля двух метраў нары ў цвёрдай зямлі.
яс