Гэтая мара - зрабіць 200 палескіх вуллёў ды паставіць на дрэвах, каб яны ўпісаліся ў культуру Падляшша. У іх дома пабываў Юры Ліхтаровіч
Падляшша – гэта рэгіён у Польшчы, дзе здаўна жывуць беларусы. Падчас побыту ў Белавежы да навакольных гмінах, у размове з мясцовымі жыхарамі, мы даведаліся, што ў іх ёсць новыя суседзі – беларусы з Палесся. Мы завіталі ў дом да Марка і Аксаны з пытаннем: як сталася, што яны пераехалі з беларускага Палесся на польскае Падляшша?
Марк паказвае вулей, зроблены ў калодзе дрэва
- Мяне завуць Марк, я з Беларусі, з Палесся. Так сталася, што я прыехаў у Польшчу, пасля таго як быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Спачатку мы пасяліліся на Мазурах. Потым вельмі засумавалі за Беларуссю, але, калі зразумелі, што не маем шансаў вярнуцца, пачалі шукаць варыянты нечага падобнага на Беларусь, але па-за межамі. Думалі пра Віленшчыну, але пачалі легалізацыю ў Польшчы, і пачулі пра Падляшша, што тут такая мяшанка вёсак польскіх і беларускіх, што тут ёсць вялізарны кавал беларускай культуры. Такім чынам, пасля году на Мазурах, пачалі шукаць жытло тут, і выпадкова нам трапілася хата. На Падляшшы вельмі складана знайсці на вёсцы хату ў арэнду.
Як Вас тут прынялі? За свайго ці назвалі «русаком», так часта ў Польшчы кажуць на тых, хто прыехаў з-за ўсходняе мяжы?
- На пачатку я схадзіў да суседзяў, каб пазнаёміцца, і зараз бывае, што дзед пачынае па-польску гаварыць, а баба на яго: гавары па-свойму, яны ж разумеюць. Усе прынялі за свайго. Што да назвы, тут людзі самі сябе бывае рускімі называюць, часамі беларусамі называюць, часамі хахламі, хто як. Некаторыя сябе называюць праваслаўнымі палякамі.
Наколькі тутэйшае штодзённае жыццё, звычаі мясцовыя, адрозніваюцца ад таго, што было на Палессі?
- Тут адсутнічае ўплыў калгасаў, вёска інакш выглядае, вялікі гаспадаркі ў людзей, вялізарныя клуні. Мне спачатку было нязвыкла бачыць такія, бо ў нас зусім сціплыя, маленечкія. Я пытаў у людзей, а чым Вы жылі ў тыя даўнія часы. У нас на вёсцы працы не было, а людзі кажуць – сваёй гаспадаркай. І можна было з гэтага пражыць. У нас крыху таксама так жылі, але былі вымушаныя хадзіць у калгас і задарма працаваць, за тую палачку. Тут людзі багацейшыя. Вёскі інакш выглядаюць: тут адна вялікая вуліца ды хаты. У нас шмат вуліц было і мне часам сумна, бо не хапае таго, каб пахадзіць па вёсцы па вуліцах, з людзьмі пагаварыць. А так будынкі тут падобныя, толькі адноўленыя.
Як Вы адаптаваліся да адміністрацыйнай польскай рэчаіснасці?
- Прыходзіцца разбірацца, у мяне жонка лепей з гэтым спраўляецца. Але я бачу, што шмат што прасцей. Я машыну спакойна перааформіў, у нас на гэта цэлы дзень трэба. Тут жа хутчэй. Дзяцей без праблем у школу аддалі. Запісалі і ходзяць, задаволеныя.
Чым займаецеся на вёсцы?
- Мы на вёсцы займаемся рамесніцтвам, керамікай. Прадаём па свеце. Раз на тыдзень ездзім на пошту ў мястэчка і адпраўляем па ўсяму свету пасылкі.
Бачу ў вас вуллі стаяць, пчолы, гэта таксама Ваша рамяство?
- Гэта справа для душы, я ў Беларусі гэтым займаўся. Хацелася кавалачак свайго жыцця з Палесся прывесці сюды. Таму я вырашыў тут займацца таксама. У мяне ёсць мара 200 палескіх вуллёў зрабіць ды паставіць на дрэвах, каб яны сталі натуральным элементам краявідаў, каб яны ўпісаліся ў культуру Падляшша. Паставіць у месцах дзе людзі ходзяць, каб гэта стала нармальнасцю і тут.
То бок Вы думаеце на даўжэй застацца ў Польшчы?
- Думаем тут загняздзіцца. Спачатку спадзяваліся ўсё вярнуцца ў Беларусь, чакалі. Гэта вельмі цяжка, і мы зразумелі, што трэба пачынаць жыць новае жыццё, як мага больш падобнае да Беларусі. Мы проста не можам жыць без вёскі, без драўлянай хаты, гутаркі з людзьмі, і вырашылі, што трэба набываць нешта на Падляшшы. Ужо набылі сабе тут старую хатку, пашчасціла нам, бо для неграмадзяніна купіць зямлю тут вельмі складаны працэс. 9 месяцаў усё заняло, але атрымалася. Цяпер ведаем жыццё на 5 бліжэйшых гадоў. Цяпер не будзе часу думаць пра старое жыццё, пра Беларусь, а давядзецца засяродзіцца на тым, што будзе наперадзе. Ёсць хата, ёсць жыццё, ведаеш, што трэба рабіць. Адна боль закрытая.
Для тых хто хоча больш даведацца, як жывецца беларусам на вёсцы ў Польшчы, ці шырэй у эміграцыі, Марк стварыў групу ў Telegram:
Дыскусійная група для беларусаў, якія хочуць жыць на вёсцы ў эміграцыі: t.me/viaskoucy