Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: Тут не атрымліваецца быць шэрай мышкай

12.10.2024 08:12
У Беларусі яна жыла спакойна, паціху вяла свой бізнес, а ў эміграцыі вырашыла змяніць занятак. Але тут спакойна не атрымліваецца, трэба ўвесь час заяўляць пра сябе.
Аўдыё
  • Беларуская эмігрантка: Тут не атрымліваецца быць шэрай мышкай
Ілюстрацыця Фота: П. Залескі, polskieradio.pl/396

 У эміграцыі з’явілася новае жаданне

Надзея скончыла ў Беларусі палітэхнічную акадэмію. Нейкі час працавала ў дзяржаўных установах, але з часам адкрыла ўласны бізнес. Займалася лазернай рэзкай і гравіроўкай для сувенірнай прадукцыі.

Аднак, патрапіўшы ў эміграцыю, з’явілася новае жаданне — захацелася займацца ручной творчай працай. Маўляў, за 15 гадоў надакучыла займацца адным і тым самым.

— Вырабляю дэкор ручной работы: кветкі-лямпы, вялікія аб’ёмныя свяцільнікі, рознага кшталту ўпрыгожванні пад заказ, дэкарацыі для розных мерапрыемстваў, малюю карціны.

Але чаму дэкор? Вы проста не маглі знайсці іншай працы?

— Я пачынала рабіць нешта для сябе, каб на новым месцы неяк утульней уладкаваць сваё жыллё.

Дэкорам раней Надзея не цікавілася, згадвае толькі, што ў дзяцінстве часта назірала, як маляваў тата. І пакуль, як сама прызнаецца, яе бізнес не вельмі прасунуты, бо нават рэкламу з-за няведання польскай мовы пачала рабіць у сацсетках толькі на трэці год свайго жыцця ў Польшчы.

Рамесніку і тут складана, бо людзі прызвычаіліся купляць таннае кітайскае

Цікаўлюся ў суразмоўніцы, хто яе заказчыкі і што канкрэтна яны заказваюць. Аказваецца, заказы пераважна робяць палякі.

— Найчасцей заказваюць свяцільнікі і карціны з тэкстурай і аб’ёмнымі кветкамі. Гэта не проста плоскія карціны фарбамі, а аб’ёмныя працы.

У Польшчы, напэўна, такіх не пабачыш?

— Так, я нідзе не сустракала. У Беларусі такое ёсць. Тут заказвалі для салона прыгажосці, а наогул часцей за ўсё заказваюць на падарункі.

Свае працы Надзея спрабуе прадаваць і на кірмашах, але кажа, што асаблівага попыту на іх няма. Маўляў, людзі, у тым ліку палякі, прызвычаіліся купляць танныя рэчы, напрыклад, кітайскія штамповачныя вырабы.

— Я перш за ўсё выступаю за якасць. Для мяне вельмі важныя ўнутраныя каштоўнасці і ідэалы. Дзеля маркетынгу і грошай я не буду тварыць абы-што. Я імкнуся рабіць усё ідэальна прыгожа. Для мяне гэта важней, чым грошы. З танных і неэкалагічных матэрыялаў таксама нічога не раблю.

То вы лічыце, што ў Польшчы купляюць толькі нейкія дрэнныя рэчы?

— Не, я так не лічу. Проста ўсе людзі любяць таннае. У чалавека заўсёды ёсць такое жаданне.

Усё ідзе ад жыцця

Паводле Надзеі, на гарадскіх кірмашах яна часцей сустракае не столькі саміх рамеснікаў, колькі гандляроў.

— Напрыклад, кожную нядзелю ёсць кірмаш «Арт-кантэйнер», і там з польскіх рамеснікаў я бачыла толькі адну мастачку і яшчэ адну жанчыну, якая займаецца макрамэ. Усе астатнія — перапрадаюць кітайскія сувеніры ці кнігі. А вось украінскія і беларускія рамеснікі — у кожнага свой густ, свой стыль, і ўсё зроблена сваімі рукамі.

І чаму такая розніца?

— Усё ідзе ад жыцця. Калі ў тваёй краіне жыццё цяжкае, трэба заўсёды шукаць выйсце, думаць, прымаць складаныя рашэнні і г.  д. А калі, як у Еўрасаюзе, усё нармальна, то можна проста пайсці на працу і зарабіць неабходныя грошы.

А вы не спрабавалі ўладкавацца тут на працу?

— Для мяне прасцей працаваць на сябе, чым на каго-небудзь. На добрую працу без польскай мовы і польскай адукацыі тут не ўладкуешся. А ісці працаваць на склады ці цягнуць нейкія цяжкасці — няма здароўя.

Пакуль не магу сказаць, што я тут прыжылася

Надзея, вы казалі, што займаліся ў Беларусі іншай дзейнасцю. А дзе вы навучыліся дэкору?

— Адны курсы, другія, трэція, уласныя веды. А так, як я тэхнар, то для мяне гэта цалкам натуральны працэс. Што датычыцца эстэтычнага боку, магчыма, мне гэта дасталося ад таты, які маляваў карціны. Я была побач, і гэта да мяне таксама перайшло.

А як вам наогул жывецца ў Польшчы? Ці прыжыліся вы тут?

— Пакуль не магу сказаць, што я тут прыжылася. У думках я застаюся беларускай. Яшчэ не адчуваю тут сябе як дома.

Тут трэба заяўляць пра сябе

А што найбольш складана для інтэграцыі ў новае грамадства?

— Змяніць свой характар, змяніць сябе. Я такі чалавек, што заўсёды ў сабе, ціхенька, як шэрая мышка. Прыцягваць да сябе ўвагу — не маё.

А як жа такой шэрай мышкай вы жылі ў Беларусі?

— Лёгка жыла. Там лёгка і бяспечна жыць шэрай мышкай. А тут, калі ты імкнешся рабіць бізнес, шэрай мышкай быць не атрымліваецца. Трэба заяўляць пра сябе.

І што вы дзеля гэтага робіце?

— Практыкую ёгу, медытацыі, наведваю псіхалагічныя трэнінгі. Але так хутка, як хацелася б, змяніцца не атрымліваецца. Як казалі псіхолагі: у вас 40 гадоў у галаву ўбіваліся адны ўстаноўкі, а вы хочаце іх цалкам змяніць за год — так хутка не атрымаецца.

А па дому вы сумуеце?

— Перыядычна гляджу відэаролікі і бачу, што там шмат што змянілася: нешта перарабілі, нешта прыбралі. І я разумею, што месца, якое было важным для мяне, дзе шмат успамінаў, ужо не існуе. І хутка наогул там не застанецца месцаў, якія ты памятаеш і па якіх сумуеш. Бо сумуеш жа не па краіне ў цэлым, а па сваіх успамінах, звязаных з канкрэтнымі месцамі і канкрэтнымі людзьмі. І калі ўсё гэта бачыш, то разумееш, што хутка не будзе куды вяртацца. Новая Беларусь ужо не будзе той, з якой я выехала.

Слухайце аўдыё! 

Павел ЗАЛЕСКІ