Беларуская Служба

Атрымаць Карту паляка будзе складаней

18.10.2024 14:46
Правілы атрымання грамадзянства таксама будуць больш жорсткімі - прагназуе ўрад.
Узор Карты палякаCouncil of Ministers of the Republic of Poland - Kancelaria Prezesa Rady Ministrów - Domena publiczna

Перадусім вернецца патрабаванне «ведання польскай мовы», паведамляе ў сваім пятнічным выданні «Rzeczpospolita».

Як піша штодзённік, зараз Карту паляка, уведзеную ў 2007 годзе, маюць больш за 206 тысяч чалавек. Больш за ўсё карт выдалі беларусам і ўкраінцам.

«Аднак міграцыйная стратэгія ўрада Дональда Туска абвясціла змены, якія павінны стаць адказам на заяўленыя злоўжыванні ў працэсе рэпатрыяцыі і выдачы карт паляка, у прыватнасці, з удзелам заяўнікаў, якія выкарыстоўваюць падробленыя дакументы для пацверджання польскага паходжання», — чытаем у «Rz».

Як нагадвае «Rz», згодна з Законам аб Карце паляка асоба, якая хадайнічае аб яе атрыманні, павінна пацвердзіць, што прынамсі адзін з яе бацькоў, дзядоў або двух прадзедаў быў палякам або меў польскае грамадзянства.

Карту атрымлівалі таксама людзі, якія не менш за тры гады дзейнічалі ў польскіх арганізацыях. Гэтае палажэнне з самага пачатку выклікала пярэчанні - людзі, якія прад'яўлялі такое пасведчанне ў консульстве, не павінны былі пацвярджаць сваё польскае паходжанне.

Справаздача Цэнтра міграцыйных даследаванняў ад чэрвеня 2022 года паказвае, што са 162 тыс. карт (дадзеныя сабраныя сем гадоў таму) менш за 7 тысяч (4%) дасталася асобам, якія не мелі польскага паходжання. «Пра такія злоўжыванні мы гаворым гадамі», — чытаем у «Rz».

Паводле штодзённіка, у 2016 годзе еўрадэпутат ад «Права і справядлівасці» Міхал Дворчык казаў у Сейме пра выпадкі «куплі» Карт паляка і падробкі дакументаў, якія пацвярджаюць польскае паходжанне. Аднак цяпер ён падкрэсліў, што, нягледзячы на ​​некаторыя парушэнні, гэтае палажэнне неабходнае. «Пазбаўленне магчымасці падаваць дакументы ў актывістаў польскай дыяспары — гэта дрэнна. Ёсць людзі, якія згубілі свае польскія дакументы», — сказаў Дворчык.

ав