Беларуская Служба

Заснавальніца беларускай школы ў Грузіі: Тут ёсць адчуванне, што прырода, Бог цябе любяць

26.10.2024 18:45
Няпэўнасць будучыні падштурхоўвае беларусаў, якія не могуць ці не хочуць вяртацца ў Беларусь, мяняць краіну эміграцыі.
Аўдыё
  • «Грузія як дзяржава амаль нічога табе не дае, але і нічога не патрабуе»
    .
Вулічная акцыя беларусаў у Тбілісі.Фота: t.me/BelGeorgia

У Грузіі 26 кастрычніка праходзяць парламенцкія выбары. На думку аналітыкаў, яны стануць гістарычнымі: у кіруючай партыі пад кіраўніцтвам мільярдэра Бідзіны Іванішвілі іх называюць рэферэндумам «паміж вайной і мірам», у апазіцыі — паміж еўрапейскай і прарасійскай будучыняй.

Да слова, пасля падзей 2020-га Грузія — адна з трох краін, а таксама Польшча і Літва, дзе цяпер пражываюць найбольшыя беларускія дыяспары.

Сёлета некалькі чалавек не змаглі вярнуцца ў краіну пасля працэдуры гэтак званага візарана. У верасні без тлумачэння прычын не пусцілі ў Грузію разам з дачкой беларускага журналіста, грамадскага актывіста Андрэя Мялешку.

Няпэўнасць будучыні падштурхоўвае беларусаў, якія не могуць ці не хочуць вяртацца ў Беларусь, мяняць краіну эміграцыі.

Андрэй Мялешка кажа, што працэс пераезду беларусаў ужо заўважны:

«У Грузіі змяншаецца колькасць беларускіх грамадскіх арганізацый, колькасць журналістаў беларускіх. Але яшчэ застаецца шмат нашых людзей, нават цэлыя рэдакцыі. У Грузіі вельмі простае падаткаабкладанне — можна зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік і плаціць 1 працэнт падатку. Не 18, не 20, як у Польшчы! Я меў невялікі заробак і быў зарэгістраваны як мікрабізнес, таму меў нулявое падаткаабкладанне, увогуле не плаціў ніводнага лары падаткаў у год», — тлумачыць Андрэй.

Андрэй Мялешка ў Батумі. Андрэй Мялешка ў Батумі.facebook.com/amialeshka

Мігранты прывезлі ў Грузію шмат ідэй для бізнеса

Ён падкрэслівае, што мігранты, не толькі з Беларусі, прынеслі ў краіну новыя ідэі бізнеса:

Нельга казаць толькі пра беларусаў, лепш казаць пра супольнасць экспатаў, вялікая колькасць людзей, якія прыехалі. Яны пачалі арганізоўваць, напрыклад, адстаўку ежы, дастаўку па розных гарадах – у Грузіі была адзіная дзяржаўная пошта. Толькі ў Батумі было тры беларускія кампаніі дастаўкі ежы. Шмат прыехала рукастых беларусаў — сантэхнікі, электрыкі, будаўнікі і г.д. Шмат людзей прыехала пасля пачатку вайны ў сакавіку-красавіку 2022-года, бо баяліся патрапіць пад мабілізацыю. І гэта людзі ў асноўным з невялікіх гарадоў — Жодзіна, Сянно, Астравец…

Беларусы актыўныя — яны робяць акцыі, супольныя мерапрыемствы. Апроч беларусаў, па маіх звестках, узяліся за ўкраінцаў, якія займаліся актывізмам. У Батумі кожны дзень праводзілі акцыі ў падтрымку Украіны, акцыі супраць вайны. І вось за гэтымі ўкраінцамі цяпер сочыць служба Бяспекі Грузіі, іх могуць выкінуць з краіны.

Беларусаў «папрасілі не высоўвацца», бо ім пагражае дэпартацыю ў Беларусь», — дзеліцца Андрэй Мялешка навінамі ад мясцовай дыяспары ў Батумі.

У Грузіі застаецца ягоная жонка з малодшай дачкой, яна працуе ў мясцовай школе і пакуль не можа выехаць. Андрэй кажа, што сям’я разважае над тым, як уз’яднацца ў Польшчы. Андрэй Мялешка з малодшай дачкой цяпер асвойваюцца ў Беластоку. Гэты горад добра вядомы суразмоўцу, ёсць даўнія кантакты з мясцовымі жыхарамі.


«Тут пэўны ўзровень уласнай адказнасці, свабоды»

Дырэктарка беларускамоўнай школы ў Батумі, заснавальніца беларускай прасторы «аКсяродак» Аксана Акуневіч кажа, што адток людзей заўважны.

«У Грузіі застаецца вялікая колькасць людзей, гэта ўсё яшчэ краіна, куды можна лёгка з'ехаць з Беларусі. Але новыя людзі, якія прыязджаюць з Беларусі, вельмі напужаныя і не актыўнічаюць. Калі раней у нас любое мерапрыемства збірала 20-30 чалавек, то нядаўна на сустрэчу па тэме міграцыі, прытулку прыйшлі 25 чалавек і гэта ўжо было "ваў!"», — расказвае Аксана.

Аксана Акуневіч. Аксана Акуневіч. facebook.com/aksana.akunevich

Сама Аксана Акуневіч хацела б заставацца ў Грузіі, і пералічвае тое, што для яе прывабна:

— З аднаго боку тут вельмі камфортна. А з іншага — я адкрыла беларускую школу і гэта ўжо адказнасць не толькі за сябе, але і за сем'і, якія выбралі вучыцца ў нас. Грузія дае вялікае пачуццё свабоды. Так, яна нічога табе не дае як дзяржава, але нічога і не патрабуе. І гэта пэўны ўзровень уласнай адказнасці, свабоды. Плюс тут вельмі добры клімат, шмат сонца. Таксама няма такой страшэннай канкурэнцыі, якую я бачу, калі прыязджаю ў Польшчу ці Літву. Я атрымліваю ўсе выгоды жыцця ў вялікім горадзе — тут шмат івэнтаў, і ў той жа час усё побач, мора. Няма ніводнага дня, каб нешта не спела на дрэвах. Вельмі падкупляе адчуванне, што прырода, Бог цябе любяць тут.

вх