На мяжы кастрычніка і лістапада жыхары Польшчы па традыцыі масава наведваюць магілы сваіх блізкіх. Аднак многія не ведаюць ці не памятаюць, што на могілках дзейнічаюць правілы, за парушэнне якіх можна атрымаць штраф - піша Onet.
Напрыклад, на могілкі нельга прыводзіць хатніх жывёл, скажам, сабак. Гэта датычыцца не толькі вялікіх сабак, але і дробных парод, на ланцужку і ў намордніку. Многія людзі ставяцца да сабакі як да члена сям'і, але падарожжа на могілкі са сваім гадаванцам - не самая лепшая ідэя. На некаторых могілках увогуле забароненыя любыя жывёлы.
Могілкі з'яўляюцца грамадскім месцам, дзе забаронена паліць і распіваць алкагольныя напіткі. Пра гэта варта памятаць, асабліва калі на некропаль едуць беларусы, якія прывыклі да іншай традыцыі. Праўда, і ў Польшчы на магілах можна ўбачыць сімвалічныя шклянкі. Тым не менш, піць алкаголь у такіх месцах забаронена законам. Акрамя таго, забараняецца знаходжанне на могілках у стане алкагольнага ап'янення ці пад уплывам іншых рэчываў, якія змяняюць свядомасць.
Варта ведаць, што акрамя агульных заканадаўчых актаў, кожныя могілкі маюць свае правілы, дзе прапісаны ўсе забароны. Звычайна забаронена заставацца на тэрыторыі некропаля пасля закрыцця. Часта туды нельга заехаць на ровары. У многіх месцах забараняецца без дазволу садзіць і выдаляць дрэвы і кусты. Таксама забараняецца без ведама і згоды кіраўніка праводзіць рамонтныя работы, усталёўваць лаўкі, укладваць на магіле тратуарную плітку. Зразумела, смецце, шум і парушэнне грамадскага парадку недапушчальныя. У правілах некаторых могілак ёсць пункт, які забараняе знаходжанне дзяцей без суправаджэння дарослых. Да пэўнага ўзросту непаўналетні павінен знаходзіцца з дарослым.
Іншыя забароны тычацца, напрыклад, жабравання або гандлю, і, што зразумела, задавальнення фізіялагічных патрэб па-за туалетамі. Нельга весці камерцыйную дзейнасць без адпаведнай згоды адміністратара. Таксама можа быць забаронена расклейванне або распаўсюджванне ўлётак.
Сям'я памерлага абавязана клапаціцца пра магілу і вакол яе, а асобы, якія знаходзяцца на могілках, абавязаны захоўваць належнае памерламу маўчанне, годнасць і павагу. Наша прысутнасць і паводзіны на магілах не павінны нікога турбаваць і крыўдзіць. Адведваючы нябожчыкаў, мы павінны апранацца сціпла і элегантна. Правакацыйнае адзенне лепш пакінуць дома. Гэта не месца, дзе можна гучна размаўляць, лаяцца ці быць занадта вясёлым. Могілкі — не месца для жартаў і фотасесій.
нг