Беларуская Служба

Палітыкі апазіцыі прадбачваюць калапс у сістэме аховы здароўя Польшчы

31.10.2024 18:15
Пры гэтым некаторыя лекары зарабляюць на некалькі соцень тысяч злотых.
Lekarze mówią o problemach w finansowaniu służby zdrowia
Lekarze mówią o problemach w finansowaniu służby zdrowiashutterstock.com

Калі не ўдасца спыніць калапс у службе аховы здароўя, існуе пагроза, што сістэма праз некалькі гадоў зможа працаваць толькі ў буйных гарадах. «Мы ўжо прывыклі, што ПіС (партыя «Права і справядлівасць» кіравала краінай да снежня 2023г – рэд.) за ўсё плаціць шпіталям. Цяпер ПіС не ва ўладзе, таму трэба прывыкаць», — заявіла міністарка аховы здароўя Ізабэла Лешчына, словы якой цытуе Конрад Каладзейскі ў апошнім нумары тыднёвіка Sieci.

СМІ паведамляюць пра масавыя абмежаванні на розныя працэдуры ў многіх шпіталях Польшчы. Чакаецца таксама скарачэнне колькасці радзільных залаў у раённых бальніцах. Напрыклад, у варшаўскім шпіталі на вул. Барскай знікнуць траўматалагічнае, артапедычнае і хірургічнае аддзяленні. Скарачэнні таксама закранаюць усе праграмы лячэння. З новага года плануецца рэзка абмежаваць тэрапеўтычную рэабілітацыю пацыентаў. Міністэрства хоча скараціць пералік паказанняў па рэабілітацыі ва ўмовах стацыянара з 900 да ўсяго 170 пунктаў, а дома — да 40. Медыкі папярэджваюць, што ў першую чаргу гэта закране дзяцей, якія будуць пазбаўленыя доступу да лячэння. Пацыенты, у якіх у гэтым квартале быў пастаўлены дыягназ "рассеяны склероз" або "спінальная мышачная атрафія", таксама могуць быць выключаныя з лячэння. Анкалагічныя пацыенты і тыя, хто чакае аперацыі па выдаленні катаракты, могуць доўга чакаць лячэння і неабходных працэдур.

У чым прычына калапсу ў ахове здароўя? Гэта значна больш сур'ёзная справа, чым некампетэнтнасць аднаго міністра. Крызіс мае структурны характар. Як вядома, дзяржаўныя бальніцы фінансуюцца ў асноўным за кошт сродкаў, якія збіраюцца Нацыянальным фондам аховы здароўя, у які грамадзяне плацяць страхавыя ўзносы. Кошт на медычныя паслугі ўстанаўлівае міністэрства ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Агенцтва па ацэнцы тэхналогій аховы здароўя і сістэмы тарыфаў. На гэтай падставе Нацыянальны фонд аховы здароўя кампенсуе расходы медычных устаноў. Грошы абмежаваныя, таму абмежаваныя і паслугі.

Вядучыя палітыкі цяперашняй кааліцыі, відаць, гатовыя пагадзіцца на тое, каб значная частка грамадства была фактычна пазбаўленая доступу да медычнай дапамогі. Гэта ўжо можа быць не толькі пытанне беднасці, скарачэння сацыяльных праграм ці пенсій, а пытанне жыцця і ​​смерці.

Пры гэтым, у публічную прастору трапляе інфармацыя пра неверагодна высокія заробкі некаторых лекараў. Напрыклад, адзін з варшаўскіх нейрахірургаў выставіў за месяц сваёй працы рахунак на рэкордную суму ў 327 тысяч злотых (звыш 80 тыс. долараў ЗША).

нг