Яго навуковая цікавасць — перыяд кіравання Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Нядаўна ён прачытаў азнаямляльную лекцыю для беларусаў пра палітычныя рухі ў Рэчы Паспалітай. З ім пагутарыў наш карэспандэнт.
- Іван, вы скончылі гістарычны факультэт БДУ ў Беларусі. Чаму ж вы вырашылі працягваць навучанне ў магістратуры менавіта ў Польшчы?
- Па сутнасці, гэта была вымушаная эміграцыя па палітычных прычынах. Выбіраў краіну, якая найбольш адпавядае маім навуковым інтарэсам. Польшча ў гэтым плане апынулася найбліжэй, бо гэта гісторыя Рэчы Паспалітай, тут ёсць выдатныя архівы, моцная гістарычная школа, вядомыя выкладчыкі. Таму я спыніў выбар на гэтай краіне.
- Беларуская гістарыяграфія доўгі час заставалася ў даволі замкнёным стане. Але апошнія гады шмат каму з гісторыкаў удалося папрацаваць у замежных архівах, з’явілася нямала публікацый. Як вы ацэньваеце гэты перыяд для беларускай гістарычнай навукі?
- Тут варта вылучыць некалькі перыядаў. Да 2020 года беларуская гістарыяграфія развівалася даволі актыўна. Была магчымасць працаваць у архівах, з’яўляліся пэўныя фонды. Менавіта ў той перыяд вылучыліся шмат вядомых беларускіх гісторыкаў. Напрыклад, Андрэй Мацук. Але пасля 2020 года сітуацыя змянілася: некаторыя тэмы пачалі супярэчыць дзяржаўнай ідэалогіі, і многія гісторыкі апынуліся выціснутымі з акадэмічнай прасторы. Беларуская гістарыяграфія пачала маргіналізавацца і паступова згасаць.
- Паколькі вы займаецеся ВКЛ, нельга не згадаць, што паміж беларускімі, польскімі і літоўскімі гісторыкамі заўсёды вяліся спрэчкі па гэтым перыядзе. Якія тэндэнцыі назіраюцца зараз у гэтай тэматыцы?
- Часы радыкальных спрэчак ужо ў мінулым. Зразумела, з афіцыйнымі мінскімі гісторыкамі практычна не падтрымліваюць кантакт, але з беларускімі гісторыкамі ў эміграцыі ідзе плённы дыялог. Польскія гісторыкі таксама спакойней ставяцца да дыскусій па ВКЛ. Нават літоўская гістарыяграфія пачынае шукаць пункты супадзення з беларускімі даследчыкамі. Напрыклад, нядаўна чытаў інтэрв’ю з літоўскім гісторыкам, які адзначаў, што неабходна шукаць агульныя погляды і фарміраваць новы дыялог.
- Але на бытавым узроўні ўсё яшчэ можна пачуць розныя меркаванні?
- Так, на бытавым узроўні гэта часам прысутнічае, асабліва ва ўсходняй Польшчы. Але польскае грамадства развіваецца і становіцца больш талерантным. Тут, у заходняй Польшчы, такое ўжо нават складана пачуць.
- Як у Польшчы арганізавана сістэма гістарычнай адукацыі, калі параўнаць з Беларуссю?
- Мне складана ацэньваць усё, бо навучаюся толькі ў магістратуры, але, у цэлым, у Познані моцная метадалагічная школа. Спачатку вывучаюцца агульныя тэндэнцыі ў глабальным кантэксце, а потым студэнты паглыбляюцца ў спецыялізаваныя кірункі. У Беларусі, на жаль, адукацыя развівалася больш марудна, што можна патлумачыць гістарычнымі абставінамі, і таму там дагэтуль захоўваецца сістэма, якая нагадвае савецкую: універсітэцкія праграмы часта паўтараюць школьныя.
- А ці сочыце за тым, што публікуюць беларускія гісторыкі? На ваш погляд, якія прыярытэты сёння ёсць у беларускай гістарычнай навукі?
- Сёння беларуская гістарычная навука знаходзіцца ў стане вялікай нявызначанасці. Гісторыкі спрабуюць пазбягаць спрэчных тэм і даследуюць тое, што яшчэ магчыма. Беларускі ўрад усё больш актыўна перапісвае гісторыю: Рэч Паспалітая практычна адмаўляецца, а ВКЛ прадстаўляецца як частка, што імкнулася да Расіі. Эпоха Расійскай імперыі таксама інтэрпрэтуецца не як акупацыя, а як мадэрнізацыя. Гэта актуальная тэндэнцыя.
- Як вы ацэньваеце той перыяд незалежнасці, калі беларускім гісторыкам удалося папрацаваць у замежных архівах?
- Думаю, гэта быў вырашальны момант для беларускай гістарыяграфіі. Падчас незалежнасці трэба было ствараць новыя канцэпцыі з нуля, бо савецкая гістарыяграфія абмяжоўвалася марксісцкімі тэорыямі. Беларускія гісторыкі зрабілі вялікую працу па розных перыядах. Іх дасягненні сёння могуць апынуцца неацэннымі.
- Чаму вы вырашылі займацца менавіта перыядам ВКЛ?
- Я абраў перыяд ВКЛ і, у прыватнасці, час кіравання Станіслава Аўгуста Панятоўскага, таму што гэтая асоба была родам з беларускіх зямель і стала каралём Рэчы Паспалітай. Да таго ж, я бачу паралелі таго часу з сучаснай сітуацыяй: роля Беларусі і Украіны ў чымсьці падобная да роляй Рэчы Паспалітай у тыя часы.
- У чым заключаюцца гэтыя паралелі?
- Як тады, так і цяпер паўстае неабходнасць рэформаў, і маладыя палітыкі імкнуцца рабіць усё дзеля развіцця сваіх краін. Аднак знешнія суседзі перашкаджаюць гэтым працэсам. Для Украіны гэта пагроза фізічнага знішчэння дзяржаўнасці, для Беларусі — гэта гібрыдная акупацыя і дэбеларусізацыя.
- З пункту гледжання гісторыі ВКЛ, як вам здаецца, чым гэта можа скончыцца ў наш час?
- На жаль, у наш час усё можа паўтарыцца, як і тады. Калі людзі не будуць змагацца за сваю незалежнасць, ніхто ў свеце не можа гарантаваць, што ўкраінская і беларуская дзяржавы застануцца на карце Еўропы.
- Дзякуй за гутарку.
Павел ЗАЛЕСКІ