Караліна Кузка - мучаніца і благаслаўлёная Каталіцкага Касцёла, нарадзілася 125 гадоў таму - 2 жніўня 1898 года - у Вал-Рудзе ў Малапольшчы. Яна была чацвёртай з адзінаццаці дзяцей у беднай, сялянскай і вельмі рэлігійнай сям'і. Ва ўзросце 16 гадоў яна памерла ад рук рускага жаўнера, абараняючы сваю свабоду, годнасць і гонар.
Караліна шмат часу прысвячала на дапамогу бацькам па гаспадарцы, часта працавала на фальварку ці ў суседзяў. Яна атрымала моцную веру ў сямейным доме, дзе кожны дзень яны станавіліся на калені, каб разам маліцца, спяваць Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, Песні жальбы, чытаць Біблію і рэлігійныя часопісы. Таксама дзяўчына старалася кожны дзень наведваць святую Імшу і малілася на ружанцы. Яна вельмі любіла хадзіць у санктуарыі ў Адпорышаве, Бельчы, Забораве і Тухаве. Яна асабліва любіла набажэнствы Мукі Пана і да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Караліна Кузка
Караліна вучыла сваіх сяброў катэхізісу, галоўных праўдаў веры, каб і яны маглі прыняць Езуса ў сэрца, расказвае гід і захрыстыянін санктуарыя ў Забаве Ежы Квасняк:
- На фронце нашага санктуарыя ёсць мазаіка, на якой Каралінка бачная з катэхізісам. Яе катэхетычнае жыццё пачалося ў вельмі маладым узросце. Потым яна рыхтавала сябе, сваіх братоў і сясцёр, сяброў да сакраманту канфірмацыі, які яна прымае 18 мая 1914 года, а 18 лістапада гэтага ж года яна памірае смерцю мучаніка.
Караліна Кузка ўсё сваю жыццё гаварыла пра Бога. У летні перыяд яна збірала аднагодак пад грушай, якая расце па сённяшні дзень, мае больш за 200 гадоў. Караліна Кузка там расказвала пра Бога, вучыла катэхізісу, чытала ім біяграфічныя кнігі пра святых, рэлігійныя часопісы.
- На гэтыя сустрэчы паслухаць прыходзілі таксама дарослыя, і гэта быў феномен Каралінкі. Бо ў той час мала хто ўмеў чытаць. Адкуль у яе былі гэтыя кнігі? Ад свайго дзядзькі Францішка, які ў Вал-Рудзе ў той час заснаваў першую бібліятэку. Каралінка дапамагае яму ў бібліятэцы, але ў першую чаргу чытае старэйшым асобам. А зімой збіраюцца ў яе цесным, маленечкім доміку, каб паслухаць Каралінку.
Калі ў Вал-Рудзе ўзнікае парафія, Караліне 14 гадоў. Малая дзяўчынка становіцца правай рукой пробашча. Яна дапамагае яму наладжваць працу парафіі, расказвае Ежы Квасняк.
- Яна засноўвае колы ружанца, апостальскія групы, групу стрыманасці. Яна вельмі актыўна ангажуецца ў іх працу. Каралінка ў сваім узросце мела такія веды, што да яе па парады прыходзілі дарослыя. Старыя прыходзілі да дзяўчыны ва ўзросце 14-15 гадоў, прыходзілі за парадамі. Здаралася, што, калі прыходзілі да ксяндза Уладзіслава, а ў яго не было часу, ён казаў: ідзіце да Каралінкі, яна вам патлумачыць лепш. Потым ксёндз Уладзіслаў казаў пра Каралінку, як пра сялянскага доктара веры.
Караліна Кузка ніколі не пакідала ружанец, ён заўсёды вісеў у яе на шыі.
18 лістапада 1914 года, калі Караліна была дома з бацькам, да іх нечакана завітаў адзін з рускіх салдат. Ён хацеў, каб яны паказалі яму месцазнаходжанне варожых аўстрыйскіх войскаў. Расіянін не прыняў іх тлумачэнняў, што аўстрыйцы тыдзень таму пакінулі іх і гвалтам пагнаў у бліжэйшы лес, каб яны нібыта далі паказанні свайму начальніку.
Аднак салдат хутка адправіў бацьку Караліны дадому, а дзяўчынку пакінуў. Нягледзячы на тое, што яна супраціўлялася, ён прымусіў яе ісці ў гушчар. Гэтую сцэну ўбачылі двое мясцовых хлопцаў, якія прыбеглі расказаць пра гэта бацьку Караліны. Калі дзяўчынка не вярнулася дадому, яе пачалі шукаць бацькі і жыхары, але безвынікова.
Яе цела толькі 4 снежня знайшоў Францішак Свец з Вал-Руды, які збіраў хмызняк на дровы. Экспертыза яе цела, праведзеная пазней, паказала, што яна атрымала некалькі раненняў вострай зброяй, хутчэй за ўсё, шабляй, і памерла ад крывацёку. Акушэрка Разалія Лазаж, якая аглядала цела Караліны, засведчыла ў пратаколе ксяндзу Уладзіславу Мендрале, што яна захавала цнатлівасць.
6 снежня 1914 году адбылося пахаванне Караліны Кузкі, на якое прыйшло каля трох тысяч чалавек. Спачатку яе пахавалі на мясцовых парафіяльных могілках. 18 лістапада 1917 году яе цела было эксгумавана і ўрачыста пакладзена ў новую магілу на царкоўных могілках.
Санктуарый у Забаве. Autorstwa Przykuta - Przykuta, CC BY-SA 3.0
6 кастрычніка 1981 году яе парэшткі былі ўрачыста перанесены ў саркафаг у касцёле ў Забаве. Нарэшце 18 сакавіка 1987 году труна з астанкамі была пастаўлена пад вялікі алтар касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Забаве.
- Гэта адзіная блаславёная ў свеце, якая была звычайная парафіянкай, і цела якой ляжыць пад алтаром у сваім родным касцёле. Саркафаг Караліны выканаў прафесар Дзвігай. Саркафаг з астанкамі Каралінкі трымаюць анёлы. Ззаду напісаныя даты яе нараджэння, смерці, бэатыфікацыі, а таксама сцэнка з яе мучаніцкай смерці. На саркафагу – лісце пальмы і ліліі. Пальма – сімвал мучаніцтва, лілія – чысціні.
Беатыфікацыйны працэс Караліны Кузкі распачаўся ў 1965 годзе, у 1986 годзе са згоды папы Яна Паўла ІІ быў абвешчаны дэкрэт аб мучаніцкай смерці Слугі Божай Караліны Кузкі.
Праз год, 10 чэрвеня 1987 году, падчас сваёй пілігрымкі ў Польшчу Папа Ян Павал ІІ падчас урачыстай імшы абвясціў яе благаслаўлёнай. Яе літургічны ўспамін у Каталіцкім Касцёле адзначаецца 18 лістапада.
ав
слухайце аўдыё