Фактарам змен можа стаць знешняе ўздзеянне альбо надзвычайная сітуацыя. Губляецца таксама кантакт паміж краінай і тысячамі людзей, якія з’ехалі. Пры гэтым грамадзянскай супольнасці раяць заставацца актыўнай, быць у першую чаргу засяроджанай на канкрэтны праблемах беларусаў за мяжой ды адукацыі. Такія ацэнкі гучалі падчас варшаўскай неканферэнцыі Цэнтра новых ідэй.
23 лістапада ў Варшаве адбылася Belarus Future Unconference 2024, якую зладзіў Цэнтр новых ідэй. Гэта было абмеркаванне таго, якая будучыня чакае Беларусь. Размова тычылася крызісу, у якім апынулася цяперашняя Беларусь, новых кірункаў дзейнасці для грамадзянскай супольнасці. На думку аналітыка Радыё Свабода Юрыя Дракахруста, беларусам трэба пазбавіцца ад ілюзій. Цяперашняя сітуацыя вельмі складаная.
- Агульная сітуацыя ў Беларусі вельмі сумная. Практычны ўсе траекторыі змены гэта Deus ex machina, то бок нешта, што не спароджанае тэндэнцыямі, якія мы там бачым. Раптам адбудзецца адліга, раптам памрэ Лукашэнка, пачнецца транзіт і нешта будзе. Гэта ўсё незвязанае з тэндэнцыямі, якія мы бачым у Беларусі. Краіна становіцца ўсё больш чорнай скрынкай. Мы не ведаем, што там адбываецца, калі казаць пра палітычнае ці грамадскае жыццё.
На думку дырэктаркі Цэнтру новых ідэй Лесі Руднік, у бліжэйшыя гады Беларусь чакае ў першую чаргу аўтарытарная сцежка развіцця, беларускай грамадскасці не варта чакаць радыкальных перамен у Беларусі, а засяродзіцца на павелічэнні сваёй эфектыўнасці ў бягучых справах.
- У Беларусі будзе сцэнар «аўтакратыя 70%». Цяпер аўтакратыя ў Беларусі працуе па максімуму. У 2019 годзе былі найменш жорсткія формы аўтакратыі, таму цяпер нас чакае некаторы адкат ад аўтарытарызму. Пры гэтым павінен адбыцца і адкат нашых амбіцый. У 2020-м годзе беларускае грамадства замахнулася на вельмі вялікія змены. Цяпер мы бачым, што з’явілася жаданне на перамовы, прымірэнне. Нам трэба абмежаваць некаторыя палітычныя амбіцыі. Грамадскі бок павінен думаць пра тое, як дасягаць сваіх мэт больш эфектыўна ў тым ліку за кошт кампрамісаў.
Сузаснавальнік Цэнтра беларускай салідарнасці Улад Кобец перакананы ў тым, што беларусам цяпер трэба засяродзіцца на салідарнасці. Палітычныя пытанні адкласці на потым.
- Пасля 2020-га года шмат беларусам давялося з’ехаць. Так паўстаў Цэнтр беларускай салідарнасці. Гэта механізм дапамогі людзям, якія з’ехалі. У гэтым важна падтрымка прафесіяналаў па канкрэтных пытаннях: юрыдычных, адапатацыйных. У нас працуе школа і гэта больш за 300 беларускіх ды ўкраінскіх дзетак. Сёння важна займацца падтрымкай ідэнтычнасці, культуры.
Патрэбныя таксама канкрэтныя дзеянні, у галіне адукацыі, зазначыла грамадская актывістка Яўгенія Сугак.
- Апошнім часам мы чуем пра тое, што ў нас цяпер звязаныя рукі, такі час, што нічога не зробіш. Грамадскім актарам ёсць што рабіць, ёсць фактура ды праблемы. Мы павінны імі займацца і вырашаць. Мне падаецца, што трэба заняцца моцна адукацыяй. Калі будзе больш адукаваных і паспяховых беларусаў у розных сферах, у якіх будуць розныя думкі, крытычнае мысленне ды ацэнка сітуацыі, тым больш у нас будзе выбар шляху да перамен і нечага новага.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч