Беларуская Служба

Наколькі шчаслівыя палякі? Адказ залежыць ад узросту і дабрабыту

28.11.2024 10:11
У новай справаздачы Mars Happiness Index (MHI) палякі ацанілі свой узровень шчасця ў 67 балаў са 100.
Ілюстрацыйны здымакObraz Tumisu z Pixabay/CC0

На гэтай шкале ацэнкі 1 — гэта адсутнасць шчасця, а 100 — поўная задаволенасць жыццём, піша «Dziennik Gazeta Prawna».

Вынікі даследавання паказваюць, што найбольшай крыніцай шчасця для палякаў з'яўляюцца: здароўе, сям’я, каханне і дзеці.

Самая шчаслівая група — людзі ва ўзросце 55+ і тыя, хто станоўча ацэньвае сваё матэрыяльнае становішча.

Група 55+ ацаніла сваё адчуванне шчасця ў 71 бал. Матэрыяльнае становішча таксама важна для пачуцця задаволенасці жыццём. Людзі, якія далі пазітыўныя ацэнкі, ацанілі сваё пачуццё шчасця на 77 балаў, а тыя, хто даў адмоўную ацэнку, — толькі на 49.

Людзі з вышэйшай адукацыяй таксама маюць больш высокі ўзровень задаволенасці жыццём — яны паставілі адзнаку ў 69 балаў. А тыя, хто мае прафесійна-тэхнічную, сярэднюю або пачатковую адукацыю — 66 балаў.

Аднак большасць палякаў асноўнай крыніцай шчасця назвала здароўе (48 працэнтаў апытаных). На другім месцы сям'я (яе адзначылі 46 працэнтаў рэспандэнтаў). Грошы апынуліся на сёмым месцы (16%).

Вынікі справаздачы Mars Happiness Index (MHI) паказваюць, што палякі больш за ўсё баяцца страціць сваё здароўе. Гэты пункт указалі 50 працэнтаў рэспандэнтаў. Смерць блізкага чалавека апынулася на другім месцы (34%), далей ідуць фінансавыя цяжкасці (25%), і за імі — вайна (24%).

юл