Беларуская Служба

Пакупка лекаў у інтэрнэце - гульня са смерцю

28.11.2024 18:46
32% лекаў з інтэрнэту, якія аналізавалі даследчыкі, не ўтрымліваюць дзеючага рэчыва, іх склад — адрозны ад заяўленага.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/stevepb

50 працэнтаў лекаў, даступных у інтэрнэце, з'яўляюцца падробленымі, заявіў Галоўны фармацэўтычны інспектар Лукаш Петшак, удзельнік штогадовага Кангрэсу «Здароўе палякаў — навука на карысць здароўя грамадства».

Лукаш Петшак адзначыў, што ў інтэрнэце нелегальна прадаюцца таксама лекі, якія даступныя выключна па рэцэпце. «96% тых лекаў — гэта падробкі», — папярэджвае Галоўны фармацэўтычны інспектар. Ён падкрэсліў, што нават аптэкі, якія легальна працуюць у інтэрнэце, не могуць даслаць пацыенту лек, які выдаецца па рэцэпце. Петшак адзначыў, што купляць лекі праз інтэрнэт гэта як «гуляць са смерцю».

         — Мы рыхтуем грамадскую кампанію па адукацыі пацыентаў аб пагрозах, якія прадстаўляюць лекі з інтэрнэту. Найперш размова  ідзе пра лекавыя прэпараты, якія адпускаюцца толькі па рэцэпце. Продаж такіх лекаў у інтэрнэце забараняецца і з'яўляецца злачыннай дзейнасцю. Невядома, дзе, як і ў якіх умовах захоўваюцца гэтыя лекі, невядома, ці яны змяшчаюць рэчывы, заяўленыя ва ўлётках. У многіх выпадках аналіз лекаў з інтэрнэту паказаў, што яны змяшчаюць небяспечныя для здароўя рэчывы.

Лукаш Петшак распавёў, што 32% лекаў з інтэрнэту, якія аналізавалі даследчыкі, не ўтрымліваюць дзеючага рэчыва, іх склад — адрозны ад заяўленага, або канцэнтрацыя элементаў можа быць у некалькі разоў ніжэй ці вышэй, чым у арыгінальным прэпараце.

Галоўны фармацэўтычны інспектар падкрэсліў, што часцей за ўсё зламыснікі фальсіфікуюць прэпараты супраць дыябету, анабалічныя лекі і нават прэпараты для лячэння анкалагічных захворванняў.
Петшак паведаміў, што выдаткі на барацьбу з пабочнымі эфектамі пасля прыёму нелегальных лекаў і іх перадазіроўкай складаюць прыкладна 90 мільёнаў злотых штогод, таксама каля 26-ці тысячам чалавек патрэбная шпіталізацыя пасля прыёму такіх прэпаратаў.

IAR/я