Беларуская Служба

Хрысціянства ў Францыі: пажар славутага касцёла стаў шокам, але не выклікаў хвалі вяртання да веры

25.12.2024 13:00
Сабор Нотр-Дам быў зачынены ў 2019 годзе пасля буйнога пажару, які знішчыў шпіль вышынёй амаль 100 метраў і расплавіў пакрыты свінцом дах.
Аўдыё
 Notre Dame.
Сабор Notre Dame.Фота: PAP/EPA/Teresa Suarez

За некалькі тыдняў да свята Раства Хрыстовага, у Парыжы, з удзелам самых высокапастаўленых асоб французскай ды сусветнай палітыкі, быў зноў адкрыты славуты Сабор Парыжскай Божай Маці (Кафедральны сабор Нотр-Дам). Гэты касцёл – паўнапраўны цэнтр рэлігійнага і культурнага жыцця ў сталіцы Францыі. Ён уражвае сваімі памерамі, цудоўнымі вітражамі, велічнымі фасадамі і скульптурамі, якія ўвасабляюць біблейскія сюжэты.

Будаўніцтва касцёла пачалося ў 1163 годзе і працягвалася каля 180 гадоў. Нотр-Дам перажыў мноства гістарычных падзей, у тым ліку Французскую рэвалюцыю, падчас якой многія яго элементы былі пашкоджаныя. У XIX стагоддзі сабор быў адноўлены, а ў ХХ-ым стаў, нароўні з Эйфелевай вежай, адным з самых знакамітых турыстычных аб’ектаў Парыжа.

У красавіку 2019 года сабор моцна пацярпеў ад пажару, які знішчыў шпіль і дах. Аднак асноўная структура і многія мастацкія каштоўнасці ўдалося захаваць. Рэстаўрацыя працягвалася пяць гадоў, у ёй удзельнічала больш за 1300 спецыялістаў з розных краін. 8 снежня адноўлены сабор быў адкрыты для наведвальнікаў, стаўшы прыкладам сумяшчэння сучасных тэхналогій і традыцый у аднаўленні гістарычных помнікаў.

Пажар і доўгае аднаўленне храма выклікалі разважанні аб самабытнасці Францыі, яе традыцыі, але не абудзілі французскіх католікаў, не было хвалі вяртання да веры. Так лічыць адзін з найлепшых знаўцаў Касцёла ў Францыі, ватыканіст і галоўны рэдактар рэлігійнага аддзела “Le Figaro” Жан-Мары Генуа (Jean-Marie Guénois). 

- Нельга сказаць, што пажар выклікаў вяртанне да веры, духоўнае адраджэнне. Сярод веруючых, практыкуючых католікаў гэта было ўспрынята як своеасаблівы знак – сабор гарыць, можа, гэта азначае, што мы надта абыякавыя, што наша вера не такая моцная, як павінна быць. А для няверуючых людзей гэта таксама быў шок, але хутчэй звязаны з культурнай спадчынай – як гэта магчыма, што такі помнік мог згарэць? Пажар Нотр-Дам стаў таксама метафарай дэградацыі хрысціянскай цывілізацыі ў Францыі і Еўропе. Цяжка казаць пра адраджэнне, але ёсць галасы, якія заклікаюць да разважанняў, да пераасэнсавання тоеснасці Францыі – ці гэта ўжо цалкам свецкая дзяржава, ці яшчэ хрысціянская.

Аднаўленне Нотр-Дам пасля пажару доўжылася пяць гадоў. Урачыстае адкрыццё адбылося 7 снежня, гэта была палітычная цырымонія з удзелам прадстаўнікоў краін, якія падтрымалі рэстаўрацыю ў фінансавым плане. У нядзелю, 8 снежня, была праведзена першая імша, якую ўзначаліў архібіскуп Парыжа. А ці гэтыя падзеі палепшылі адносіны паміж дзяржаўнымі ўладамі і найвышэйшымі касцельнымі іерархамі? Адказвае Жан-Мары Генуа.

- Дзякуй за пытанне, на якое складана адказаць проста. У прэзідэнта Макрона два твары. Першы – гэта твар чалавека, які папрасіў ахрысціць яго, калі быў падлеткам, аднак пазней ён страціў веру. А другі твар – палітычны, чалавека, які хоча прагрэсіўнага грамадства, адкрытага на змены, у тым ліку на эўтаназію або гендар. Макрон выступае за прагрэс у поглядах, але ён таксама памятае пра каталіцкае мінулае Францыі, і ён заўсёды стараецца выкарыстоўваць гэта ў сваіх адносінах з касцёлам.

Прэзідэнт Францыі прысутнічаў на адкрыцці сабора, чым падкрэсліў важнасць гэтай падзеі, але не прыбыў Папа Рымскі Францішак, чым выклікаў розныя домыслы. Цяпер храм зноў даступны для наведвальнікаў. Святыня можа прыняць у адным часе да 3000 чалавек. Гэта вялізная лічба, але і так ля ўваходу стаялі доўгія чэргі жадаючых наведаць славуты касцёл.

Падчас паўторнага адкрыцця сабора Нотр-Дам у Парыжы, калі ў яго ўваходзіла прэзідэнцкая пара, гучала кампазіцыя Totus Tuus польскага кампазітара Генрыка Мікалая Гурэцкага. Гэта быў вельмі кранальны момант, але таксама вельмі сімвалічны, - кажа дачка кампазітара, піяністка Анна Гурэцка.

- Калі я слухала гэтую музыку ў такім месцы, якое спалучае ў сабе і вялікую традыцыю еўрапейскай культуры, і сакральнасць, і такі момант адраджэння пасля бяды, я падумала, што ўсе мы слухаем гэтую музыку, і можам мець падобныя думкі. А гэтыя думкі могуць даваць надзею, паколькі музыка можа выклікаць у людзях моцную рэакцыю.

Сабор Нотр-Дам быў зачынены ў 2019 годзе пасля буйнога пажару, які знішчыў шпіль вышынёй амаль 100 метраў і расплавіў пакрыты свінцом дах. Рэканструкцыя каштавала каля 800 мільёнаў еўра. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі прадстаўнікі дзяржаў з усяго свету, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Трагічны пажар стаў шокам для французскага грамадства, але нельга сказаць, што трагедыя на столькі страсянула жыхарамі Францыі, каб выклікаць масавае вяртанне да хрысціянскай веры.

IAR/Стэфан Фольцэр/нг