У Польшчы папуляцыя некалі шырока распаўсюджанай птушкі сіваграк звычайны, яе таксама называюць ракша або сіваваронка, за апошнія гады скарацілася да пяці гняздуючых пар, то бок, гэты від птушкі, верагодна, неўзабаве цалкам знікне з Польшчы.
Сіваваронка - птушка, якая назіраецца ў сельскагаспадарчым асяроддзі. Гэта адна з самых прыгожа афарбаваных птушак, і яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму яна была звычайнай для ўсёй краіны. На жаль, як кажа арнітолаг з Універсітэта прыродазнаўчых навук у Познані прафесар Пётр Трыяноўскі (Piotr Tryjanowski), з-за адыходу ад традыцыйнай сельскай гаспадаркі лёс сіваваронкі ў Польшчы вырашаны.
— Прыгожая, каляровая блакітная птушка. 30-40-50 гадоў таму ў Польшчы жыло яе прыкладна некалькі сотняў пар, некаторыя ацэньваюць, што іх было нават некалькі тысяч. Сіваваронка была цесна звязаная з сельскагаспадарчымі тэрыторыямі, дзе пасвілі коней, кароў ці авечак. Такіх месцаў становіцца ў Польшчы ўсё менш і таму папуляцыя сіваваронкі знікае.
Арнітолаг падкрэслівае, што цяпер у Польшчы гняздуецца настолькі малая колькасць гэтых птушак, што спрабаваць выратаваць папуляцыю ўжо позна. Аднак у будучыні від можна будзе аднавіць, тым больш, што падобныя праграмы паспяхова ажыццяўляюцца ў некаторых еўрапейскіх краінах.
— У Польшчы засталіся толькі пяць гняздуючых пар. Мы з'яўляемся сведкамі вымірання сіваваронкі ў Польшчы. Ці магчыма яе выратаваць? Верагодна так - у Францыі, Швейцарыі, у Сербіі рэалізуюцца праграмы, мэта якіх аднаўленне асяроддзя, у якім жыве сіваваронка - і птушка там вяртаецца.
Садовая аўсянка, садовая стрынатка
Сіваваронка - не адзіны від птушкі, колькасць якога рэзка скарацілася ў Польшчы за апошнія гады. З-за адыходу ад традыцыйнага земляробства з палёў і лугоў імкліва знікае палявы жаваранак і садовая аўсянка, а таксама практычна вынішчана польская папуляцыя цецерукоў. З-за хвароб па ўсёй краіне сустракаецца ўсё менш зелянушак і шчыглоў.
Палявы жаваранак, жаўрук палявы
На папуляцыі птушак таксама ўплываюць змены клімату, працяглыя засухі і павышэнне тэмпературы. Цяпер у польскай прыродзе даволі вялікая блытаніна, некаторыя птушкі спынілі міграцыю на месцы зімоўкі і зімуюць у краіне. Сярод іх -- жураўлі і гусі.
Змены клімату таксама спрыяюць з'яўленню некаторых відаў, якія раней рэдка сустракаліся ў Польшчы. Самы яскравы прыклад -- шчурка-пчалаедка, таксама яе называюць шчурка залацістая, колькасць гэтых птушак у апошнія гады, расце вельмі хутка, асабліва на поўдні Польшчы.
Залацістая шчурка, шчурка-пчалаедка
IAR/яс