Беларуская Служба

Veganuary. 30 дзён без мяса і прадуктаў жывёльнага паходжання

10.01.2025 14:55
Студзень – гэта месяц глабальнай кампаніі Veganuary. Яна праводзіцца з 2014 года, сёлета ёй спаўняецца 11 гадоў, і яны заклікае на 30 дзён адмовіцца ад мяса і прадуктаў жывёльнага паходжання.
Аўдыё
  • Veganuary. 30 дзён без мяса і прадуктаў жывёльнага паходжання
Здымак мае ілюстрацыйны характар753tomas753/pixabay.com/CC0 Public Domain

Веганская дыета - гэта больш абмежавальны варыянт вегетарыянства. Веганы выключаюць са свайго меню ўсе прадукты жывёльнага паходжання, гэта значыць мяса, малако, мёд, малочныя прадукты і яйкі. На вяршыні іх харчовай піраміды знаходзяцца садавіна і гародніна, а сама дыета прадугледжвае замену жывёльнага бялка раслінным.

Прыхільнікі веганства арганізоўваючы акцыі, як Veganuary, спрабуюць паказаць, што гэта нескладана, а карысці для планеты велізарныя. Фонд «Viva» далучаецца сімвалічна, у фондзе ёсць свая кампанія «Стань вега». Расказвае Каміла Гульбіцка:

- Кампанія заключаецца ў тым, каб паспрабаваць прытрымлівацца расліннай, веганскай дыеты як мінімум на працягу 30 дзён. Мы гарантуем, што гэта проста. Мы прапануем для выкарыстання электронную кнігу з рэцэптамі, як замяніць тое, што некаторыя людзі лічаць самым складаным для замены, напрыклад, малочныя прадукты. Прапануем варыянты і рэцэпты, якія спадабаюцца ўсёй сям'і. І пасля гэтых 30 дзён вельмі верагодна, што ўдзельнікі больш не захочуць вяртацца да стандартнай дыеты, таму што яны ўбачаць, што раслінная дыета не толькі карысная і здаровая, але, перш за ўсё, смачная, і нам не трэба ўжываць прадукты жывёльнага паходжання, каб атрымаць задавальненне, смак і ўсе пажыўныя рэчывы. Вядома, гэта этычнае харчаванне, якое азначае, што мы засяроджваемся на тым, каб ніводная жывёла не пацярпела. Каб не выкарыстоўваць прадукты жывёльнага паходжання, таму што пераважная большасць гэтых прадуктаў, каля 98% таго, што мы бачым у крамах, паходзіць з прамысловых фермаў, дзе жывёлы пакутуюць найбольш.

Акрамя этычных памкненняў асоб, якія пераходзяць на веганства, навукова даказана, што веганская дыета станоўча ўплывае на здароўе чалавека. Для гэтага павінна быць захаваная ўмова, што рацыён добра збалансаваны. Такі прынцып тычыцца любой дыеты, адзначае Каміла Гульбіцка:

- Неабходна забяспечыць паступленне ўсіх пажыўных рэчывах, належную колькасць бялка і адпаведную колькасць мікраэлементаў, такіх як жалеза і кальцый. Вядома, добра збалансаваная дыета на расліннай аснове забяспечвае 100% патрэбнасці ва ўсіх гэтых пажыўных рэчывах. Такім чынам, мы, безумоўна, маем тут этычныя перавагі, у нас ёсць перавагі для здароўя, але таксама і планетарныя перавагі. Навукоўцы даказалі, што веганская дыета можа быць планетарнай, гэта значыць дыетай, якая служыць экалогіі, клімату і з'яўляецца проста больш устойлівай.

Частай праблемай пры змене або ўвядзенні большай разнастайнасці ў рацыён з'яўляецца адсутнасць ідэй або ведаў, як перайсці ад традыцыйных страў да раслінных. Фонд «Viva» прапануе сваю дапамогу. На старонцы zostanwege.pl ёсць уся патрэбная інфармацыя, там можна спампаваць электронную кнігу з рэцэптамі. На старонцы можна пакінуць сваю электронную пошту, на якую будуць прыходзіць рэцэпты, матывацыйны змест, заахвочванне, цікавыя парады аб тым, як спрасціць пераход на веганскі стыль жыцця.

- Гэтыя 30 дзён патрэбныя для таго, каб ўвесці ў жыццё новыя звычкі. Замест прадуктаў, якія, на нашу думку, былі лёгкадаступнымі і проста штодзённымі, мы можам замяніць іх вельмі падобнымі прадуктамі, толькі больш здаровымі і этычнымі. Пасля гэтых 30 дзён гэта проста лягчэй зрабіць. Гэта пытанне звычкі, каб навучыцца кожны дзень рыхтаваць раслінныя стравы, замяняць некаторыя прадукты, а потым, праз гэтыя 30 дзён, усё прыходзіць само.

Веганская дыета апошнімі гадамі становіцца ўсё больш распаўсюджанай. Вядома, у вялікіх гарадах, як Варшава, быць веганцам прасцей, але трэнд стаў сталым, кажа Каміла Гульбіцка:

- На самай справе Варшава ўваходзіць у дзясятку гарадоў свету, дзе веганская, раслінная ежа з'яўляецца адной з самых даступных. Берлін, напэўна, на першым месцы, а Варшава недалёка за ім, так што гэта сапраўды вельмі проста. Я думаю, што большая праблема можа ўзнікнуць у меншых гарадах, дзе, напрыклад, рэстараны ці кавярні яшчэ не падаюць выключна веганскіх страў, але супермаркеты ўжо ўводзяць раслінныя заменнікі. Хаця я таксама хачу нагадаць, што мы не ставім выключна на мясныя або малочныя аналагі. Іх даступнасць, вядома, палягчае пераход ад мясной дыеты да бязмясной, але, вядома, мы арыентуемся ў першую чаргу на неапрацаваную раслінную дыету, багатую, пажыўную і здаровую, і мы заклікаем, каб было менавіта так. У мяне бацькі жывуць у невялікім горадзе. У іх ёсць доступ да двух вялікіх супермаркетаў, і часам яны дасылаюць мне фатаграфіі, каб паказаць паліцы, поўныя раслінных напояў, мясных нарэзак, сыроў, так што гэта вельмі крута. Веганства распаўсюджваецца і становіцца ўсё больш і больш папулярным, але не з-за моды, я думаю, больш па этычных і кліматычных прычынах.

Адмысловец пераконвае, што варта зрабіць высілак і праверыць, як гэта быць веганцам цягам месяца. Адначасова наша суразмоўца дадае, што кожная змена ў бок расліннага рацыёну мае сэнс:

- Нават абмежаванне і замена мяса расліннымі прадуктамі падчас аднаго прыёму ежы ў дзень аказвае велізарны ўплыў як на клімат, так і на жывёл, таму любыя змены, нават калі яны мінімальныя, адназначна пазітыўныя.

У выпадку сумневаў, ці веганская дыета нам не пашкодзіць, заўсёды варта пракунсальтавацца з дыетолагам ці лекарам.

слухайце аўдыё

ав