Беларуская Служба

Пракурор патрабуе пажыццёвага зняволення для забойцы беларускі Лізы

13.01.2025 14:11
Пракурор запатрабаваў пажыццёвага зняволення для Дорыяна С., абвінавачанага ў забойстве беларускі Лізы ў Варшаве. Суд агучыць вырак 17 студзеня.
Аўдыё
  • Пракурор запатрабаваў пажыццёвага зняволення для абвінавачанага.
    ,    .
Кветкі і знічы на месцы, дзе была забітая Ліза.Беларуская служба Польскага радыё/Radyjo.net

Сёння ў Варшаве ў Акруговым судзе прайшлі заключныя спрэчкі ў працэсе над Дорыянам С., якога абвінавачваюць у забойстве і згвалтаванні грамадзянкі Беларусі Лізы.

Пракурор запатрабаваў пажыццёвага зняволення для абвінавачанага.

У пятніцу, 17 студзеня, Акруговы суд у Варшаве абвесціць прысуд па справе Дорыяна С., абвінавачанага ў забойстве і згвалтаванні маладой беларускі. Падчас сённяшняга паседжання, якое праходзіла ў закрытым рэжыме, бакі працэсу выступілі са сваімі заключнымі словамі.

Пракуратура і пракуроры дамагаюцца пажыццёвага зняволення і кампенсацыі для сваякоў загінулай. Адзін з абаронцаў Дорыяна С. дамагаўся спынення справы, другі — змякчэння пакарання. Сам абвінавачаны раскаяўся, папрасіў прабачэння ў блізкіх ахвяры.

Судовае пасяджэнне праходзіць у закрытым рэжыме, бо, у тым ліку, у заключным слове пракурора ёсць фрагменты экспертызы сексолага, якая не была публічнай. 

Паводле абвінавачання, у лютым мінулага года ў цэнтры сталіцы мужчына Дорыян С. жорстка згвалтаваў і пакінуў без прытомнасці грамадзянку Беларусі Лізу. Жанчына памерла праз некалькі дзён у бальніцы.

Падчас першага пасяджэння, якое адбылося крыху больш за месяц таму, абвінавачаны прызнаўся ў інкрымінаваных дзеяннях, але не ў жаданні забіць. Ад тлумачэнняў ён адмовіўся, таму с суддзя Павел Добаш, які ўзначальвае працэс, працытаваў тлумачэнні Дорыяна С., якія той даў падчас следства:

«Я адчуваў сябе дзіўна, я не магу гэтага апісаць. Я пераходзіў праз вуліцу Маршалкоўскую і тут убачыў гэтую дзяўчыну. Я не разумею чаму, але раней, калі мяне затрымалі і я апісваў сітуацыю, я сказаў што гэта быў нейкі імпульс. Я не адчуваў страху, нічога, хаця агулам я баязлівы і эмацыйны. Я быў у нейкім вар'яцтве. Я пачуў плач і падышоў да яе, апрануў на твар шалік, які быў зроблены за штаніны. Я не рабіў гэта, каб забіць, патрабаваў грошы».

Абвінавачаны хацеў, каб дзяўчына аддала яму свае грошы.

«Я дакладна не памятаю, што здарылася, але мне здаецца, што я прыціснуў яе да сцяны і ведаю, што пачаў гаварыць з ёй па-англійску, што яна павінна аддаць мне грошы. Яна спытала, колькі, і я сказаў, што ўсё. Яна адказала, каб я вярнуў ёй тэлефон, і яна аддасць грошы, я адабрала ў яе тэлефон раней, і тады я пачала душыць яе рукамі... Потым я зняў свой рэмень, каб завязаць яго на яе шыі і прывязаць да гэтай брамы», — зачытаў паказанні суддзя.

Пракурор Ганна Стаховіч звяртала ўвагу на паказанні сведак нападу:

— Падзеі былі жорсткія. Сведкі падзей апісвалі, што абвінавачаны рабіў гэта спакойна, без нейкай збянтэжанасці, нервовасці. І сітуацыя скончылася жахліва, ахвяра памерла, вынікі здарэння вельмі кепскія.

Судовы працэс у цэлым праходзіць у часткова закрытым рэжыме. Супраць гэтага выступалі прадстаўнікі Фонду супраць культуры гвалту, пра што заявіла яго прадстаўнік Караліна Ферэнц:

— Грамадскасць, грамадская думка хацела б ведаць больш дэталяў у гэтай справе, як да гэтага дайшло. Гэтая інфармацыя можа паказаць механізмы сексуальнага гвалту, а таксама гэта быў бы знак  пашаны ў гэтай справе — спадарыні Лізавеце, якая страціла жыццё ў выніку нападу на сексуальнай глебе з асаблівай жорсткасцю.

Дорыяну С. пагражае пажыццёвае зняволенне. У пракуратуры паведамілі, што прызначаныя экспертызы паказалі, што ён быў у адэкватным стане.

Выпадак Дорыяна С. сведчыць пра тое, што мы баімся рэагаваць, сказаў у эфіры Polskie Radio 24 Павел Галішак (Paweł Goliszek), тэрапеўт з фундацыі Odzyskaj Siebie. Паводле эксперта, палякі ўхіляюцца ад дапамогі незнаёмцам, баючыся пазнейшых наступстваў такіх дзеянняў:

— Мы баімся рэагаваць на такога тыпу здарэнні, часта праходзім міма, калі бачым на вуліцы чалавека і не ведаем, ці то яму стала кепска, ці то ён пад уздзеяннем алкаголю.  Але звычайна мінаем, робім выгляда, што нас гэта не тычыцца, каб пазней не мець праблем. І не выцягваем тэлефон, каб пазваніць у службы, каб пазней не трэба было нічога тлумачыць, і не дапамагчы неяк таму чалавеку.

Пасля здарэння з беларускай у цэнтры Варшавы ў сакавіку мінулага года прайшоў марш «Яе звалі Ліза»   на знак памяці 25-гадовай беларускі. І адначасова гэта была акцыя пратэсту жанчын супраць гвалту.

Вядома, што большасць жанчын у выпадку гвалту не падаюць заяву ў паліцыю.  У паліцыю Польшчы кожны год паступае афіцыйна прыкладна 500-700 заяў, а паводле дадзеных блакітнай лініі, штогод ахвярамі гвалтаўнікоў становяцца каля 30 тысяч жанчын. Як правіла ахвяры мяркуюць, што няма сэнсу падаваць заяву, паколькі злачынца так не будзе пакараны, а жанчыне давядзецца праходзіць праз шматлікія траўмуючыя працэдуры.

IAR/вх