Беларуская Служба

Мы ўсе згарэлі. Канец ідэі балансу паміж працоўным і асабістым жыццём?

20.01.2025 13:13
«Загніванне мазгоў», падзенне цікаўнасці да клубнай культуры і рост папулярнасці чыстай ляноты — з'явы, якія адлюстроўваюць наш стан. Мы дасягнулі кропкі, калі нават задавальненне здаецца занадта вялікім намаганнем.
.
Иллюстрация.Фото: pixabay.com

Ідэя балансу працы і асабістага жыцця павінна была стаць проціяддзем ад стрэсу, ціску і прафесійнага выгарання. Аднак у рэчаіснасці гэты баланс па-ранейшаму недасягальны для многіх супрацоўнікаў, асабліва ў Польшчы, дзе культура звышурочнай працы і пастаянная пагоня за прадукцыйнасцю азначаюць, што нават адпачынак ад працы не прыносіць сапраўднага аднаўлення, піша businessinsider.com.pl.

Мы не можам сказаць «не». Адсутнасць выразных межаў у адносінах да іншых і да сябе стала нормай. Выхаванне, сацыяльныя мадэлі паводзінаў і сістэма адукацыі вучаць нас быць падпарадкаванымі працы, а не сумяшчаць працу і асабістае жыццё. У выніку мы бярэм на сябе ўсё новыя і новыя задачы, мяркуючы, што гэта толькі часовы цяжар абавязкаў. Мы працуем шмат гадзін, недасыпаем і грэбуем асабістым жыццём. Потым прыходзяць выхадныя, і сіл ужо няма ні на што.

Больш, хутчэй, лепш

Доктар Ёанна Юрга (Dr Joanna Jurga), прадуктовы і прасторавы дызайнер, наватар і спецыяліст у галіне дызайну, пракаментавала ў паведамленні на LinkedIn колькасць справаздач і аналізаў, якія запоўнілі яе сацыяльныя сеткі пасля таго, як Сусветны эканамічны форум апублікаваў новы даклад пра будучыню ў працоўнай сферы.

— Мне становіцца млосна, калі я чарговы раз чытаю пра кампетэнцыі будучыні, якія гучаць як прадстаўленне жаданага за рэальнае ад тэхнааптымістаў. Таму ў мяне ёсць прапанова: давайце паглядзім на працу будучыні з пункту гледжання людзей, а не справаздач аб зарплаце ў Excel, дзе ў кожнага нумар, а не імя і прозвішча і яго гісторыя, — піша Ёанна Юрга.

Сярод важных кампетэнцый будучыні яна называе, сярод іншага, здольнасць маўчаць, мець жаданні да нечага, здольнасць адпачываць.

Пост атрымаў шырокі рэзананс, шматлікія каментары ў падтрымку аўтара, сярод якіх пераважалі заклікі знізіць тэмпы.

Палякі з'яўляюцца аднымі з самых занятых краінаў ЕС. Паводле даных Еўрастата,  сярэдні працоўны тыдзень у Польшчы складае 40,9 гадзіны. Акрамя таго, паводле справаздачы Hays, 85 працэнтаў супрацоўнікі заяўляюць, што рэгулярна працуюць звышурочна, а 45,2 працэнты маюць дадатковую працу. Асноўная прычына высокай занятасці — жаданне палепшыць свой фінансавы стан.

Хваробы ад стомы

Хваробы, звязаныя з хранічнаю стомаю, становяцца ўсё больш распаўсюджанымі ў Польшчы. Паводле справаздачы ZUS, у 2023 годзе рэакцыі на моцны стрэс і парушэнні адаптацыі ў 33,9% былі прычынаю выдачы медыцынскія даведкі. Эпізоды дэпрэсіі складалі 17,9%, а іншыя трывожныя расстройствы — 17,5%. Колькасць лісткоў непрацаздольнасці, звязаных з псіхасаматычнымі захворваннямі, такімі як стомленасць, вырасла больш чым у чатыры разы з 2021 года.

Гэта трывожныя дадзеныя, але праблемы, звязаныя з ператамленнем, — гэта не толькі польская рэчаіснасць. Ва ўсім свеце мы назіраем падобныя з'явы, якія паглыбляюць крызіс псіхічнага здароўя сярод работнікаў.

ШІ павінен быў палегчыць нашу працу

Футуролаг д-р Эдыта Садоўска (Dr Edyta Sadowsk) звяртае ўвагу на змену ў наратыве адносна штучнага інтэлекту, які эвалюцыянаваў ад аптымістычнага бачання эканоміі часу да прасоўвання культуры звышпрадукцыйнасці. Эканомія часу проста азначае, што вы можаце выконваць больш задач.

— Мы з усмешкай на вуснах цягнем гэты вазок на базе штучнага інтэлекту, забываючы, што мы створаны з целам і што празмерна стымуляванае, стомленае цела не вытрымае гэтай звышпрадукцыйнасці ў доўгім цыкле, — каментуе эксперт.

Хаця пытанні пра свет без працы і стан грамадства, якое мае ўсё і ні ў чым не мае патрэбы, аказваюцца на ўзбочыне асноўнага дыскурсу, яны застаюцца ў сферы ўтапічных візій.

У публічнай прасторы дамінуе тэма новых кампетэнцый, патрэбы перакваліфікацыі, бесперапыннага навучання і ціску, што мы хутка выйдзем з гульні.

— Калі мы задумваемся пра сваю будучыню, усё роўна адчуваем спазненне. Мы жывём у пастаянным страху перад тым, чаго не ведаем, але што павінны ведаць, — кажа Садоўска. — Год за годам мы пералічваем новыя кампетэнцыі, якім надаём уладу над нашым поспехам — у асноўным прафесійным, бо толькі ў гэтай сферы мы гаворым пра кампетэнцыі. Мы забываемся, што наша жыццё — гэта таксама захапленні, вольны час, сям'я, адносіны, здароўе. Надышоў час пагаварыць і пра кампетэнцыі ў гэтых сферах.

Выпаленае грамадства

Нядаўна Financial Times абвясціла пра канец клубнай культуры. Аўтары тэксту «Хто забіў рэйв? Начныя танцы прыходзяць у сусветны заняпад» падкрэсліваюць сур'ёзныя змены ва ўсім сектары забаў. Начныя вечарынкі саступаюць больш спакойным дзённым мерапрыемствам. Усё больш людзей адмаўляюцца ад забавак на карысць аднаўлення і адпачынку.

Оксфардскі слоўнік англійскай мовы абраў словам 2024 года «brainrot» (загніванне мозгу), якое выдатна адлюстроўвае стан сучаснага грамадства — стомленага, пераўзбуджанага і згубленага праз лішак лічбавага кантэнту, які пазбаўляе нас энергіі, неабходнай для аднаўлення.

Эпоха салодкай ляноты

Адна з тэндэнцый 2025 года, прааналізаваных WGSN, — «тэрапеўтычная лянота».

Гэта кірунак клопату пра сябе, апорай якога з'яўляецца наўмысная непрадуктыўнасць.

Па дадзеных WGSN, папулярнасць хэштэга #bedrotting на TikTok вырасла на 175 працэнтаў у 2024 годзе. Маладыя пакаленні пераасэнсоўваюць адпачынак, разглядаючы непрадукцыйнасць як форму рэгенерацыі ў параўнанні з празмернай прадукцыйнасцю. Парадаксальна, але такое стаўленне лічыцца асновай крэатыўнасці, яшчэ адной важнай кампетэнцыі, якую нам трэба адточваць.

Калі мы хочам аднавіць баланс паміж працоўным і асабістым жыццём, нам трэба змяніць сваё стаўленне да прадукцыйнасці. Укараненне мерапрыемстваў, якія падтрымліваюць баланс паміж працоўным і асабістым жыццём, такіх як прасоўванне свядомага адпачынку або пераасэнсаванне таго, што значыць прафесійны поспех, з'яўляецца не толькі неабходнасцю ў дадзены момант, але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта можа прынесці карысць як работнікам, так і арганізацыям.

вх