Мару пакуль не ажыццявіў, але ўсё яшчэ наперадзе
Ягор — інжынер-тэхнолаг з Беларусі. Займаецца канструяваннем ровараў, як звычайных, так і электрычных. У Польшчу трапіў пасля падзей 2020 года. Першы раз мы размаўлялі з Ягорам яшчэ пазалетась, і ён распавядаў пра сваю мару — наладзіць у Польшчы вытворчасць электрычных ровараў уласнай канструкцыі, чаго яму так і не ўдалося зрабіць на радзіме. І вось цяпер, калі мінуў год, пытаюся ў яго: ці ўдалося ажыццявіць сваю мару? Ён сціпла ўсміхаецца, пачуўшы маё пытанне, і сур’ёзна кажа:
— Я пакуль да гэтага не дайшоў, але за гэты год зрабіў шмат індывідуальных электрычных ровараў і працягваю гэтым займацца. Апроч гэтага, раблю роварныя запчасткі: рамы, вілкі, рулі. Раблю гэта і для сябе, і працую з адным польскім вытворцам ровараў. У яго займаюся непасрэдна вытворчасцю: зварка, рэзка і іншыя працы з металам. Акрамя гэтага, працую ў інжынерных праграмах, але гэта ўжо для індывідуальных праектаў. Малюю эскізы, раблю 3D-мадэлі і рознага кшталту чарцяжы. Зараз распрацоўваю тры новыя мадэлі электрычных ровараў для кліентаў.
Мае кліенты любяць звяртаць на сябе ўвагу
Кліенты, як высветлілася ў Ягора, спецыфічныя — людзі з розных краін Еўропы, якія ўваходзяць у адну тусоўку «кастама» і разам катаюцца на роварах па ўсёй Еўропе. Як правіла, паводле суразмоўцы, яны добра разбіраюцца ў роварах, могуць ацаніць якасны прадукт і не набываюць для сябе абы-што.
— Нашы кліенты звычайна дарослыя людзі, якія адбыліся ў жыцці. Яны проста любяць ездзіць на ровары. Для іх гэта не спорт, а спосаб атрымліваць задавальненне. І яшчэ яны любяць звяртаць на сябе ўвагу.
За перавоз ровара з Беларусі ў мяне прасілі 800 еўра
Гаворачы пра мінулы год, Ягор звяртае ўвагу на тое, што пры ўсіх складанасцях яму давялося шмат чаго зрабіць.
— Мара пакуль застаецца марай. Мінулы год быў не такі лёгкі, як хацелася. Але галоўнае, што за гэты год я пазакрываў свае даўгі, якія яшчэ меў у Беларусі. Перавёз частку свайго абсталявання з Беларусі, і мне гэта каштавала не толькі нерваў, але і сродкаў. Не так проста цяпер нешта перавезці адтуль. Напрыклад, я хацеў перавезці свой электрычны ровар, але ніхто не пагаджаўся гэтага зрабіць. А тыя, хто за гэта браўся, выстаўлялі кошты — 800 еўра. І гэта толькі за тое, каб перавезці ровар. Я патраціў на ўсё гэта шмат часу, але вырашыў гэтыя праблемы і цяпер магу рушыць далей.
З Польшчы пакуль нікуды не хачу
А далей у планах Ягора праца над стварэннем новых мадэляў электрычных ровараў і наладжванне іх вытворчасці. Але цяпер, як кажа суразмоўца, трэба вырашаць новыя праблемы, якія стаяць перад ім. Кампаньён, з якім ён працаваў, збіраецца пакідаць Польшчу, а значыць, патрэбны новы. Да ўсяго, ён зразумеў, што ў каманду патрэбны добры мэнэджар, які мог бы займацца пошукам інвестыцый пад яго праекты.
— А я зараз не гатовы некуды пераязджаць з Польшчы, мне тут усё найбольш адпавядае. Буду далей працаваць і акумуляваць сродкі. У мяне распрацавана ўласная лінейка электрычных ровараў. Апошні ровар на дваццацідзюймовых шырачэзных колах. Гэта цяпер модна, і людзі на іх вядуцца. Трэнды роварнай індустрыі паказваюць, што яго купляюць, бо ён маленькі, не займае шмат месца і зручны — у яго пярэдняя і тыльная падвеска. Ён едзе 50 км/г, што даволі бяспечна.
Я не развітваюся з Беларуссю
Ягор кажа, што ў Польшчы пачынае ўсё з чыстага ліста, але гэта яго не засмучае, бо ён бачыць перспектыву. Больш за тое, у яго за плячыма досвед, распрацаваныя мадэлі. Цікаўлюся: калі ён перавёз нават свае інструменты ў Польшчу, ці азначае гэта, што ён развітваецца з Беларуссю?
— Я не паспеў у Беларусі пусціць карані, каб заставацца там назаўсёды. Я такі чалавек, якому пераехаць не складана. У выпадку з Беларуссю гэта было няпроста. Але я не развітваюся з Беларуссю, я проста іду далей.
Усе свае новыя праекты маю ў лічбавым варыянце
Суразмоўца кажа, што і рынак роварны ён ужо зразумеў у Польшчы і нават мае планы на тое, як на ім утрымацца. Па водгуках тых, хто карыстаецца яго роварамі, зразумеў, што пакупнікі заўсёды знойдуцца.
— Самае галоўнае цяпер — стварыць добрую каманду для працы. Будзе каманда — знойдуцца і сродкі. Бо іх знайсці не так і складана ў Польшчы. Я ўжо гэта спрабаваў рабіць і ведаю галоўную прычыну, чаму не атрымалася. Але я не засмучаны, наадварот, настроены рухацца наперад, рабіць нешта і паказваць людзям, як я ўмею крута працаваць. Зараз я бачу па зваротнай сувязі, што раблю сваю справу лепш, чым многія. Новыя праекты, якія я распрацоўваю, спачатку малюю ў выглядзе эскізаў, потым ствараю 3D-мадэлі - усё гэта ў мяне ёсць у лічбавым варыянце.
Натхняюся творчымі беларусамі
За гэты час, паводле суразмоўцы, ён зрабіў пэўныя крокі не толькі ў прафесійнай дзейнасці, але і больш пазнаёміўся з краінай. Яму падабаецца Польшча, асабліва тое, што тут шмат культурніцкіх імпрэз: выстаў, канцэртаў, спектакляў. А яшчэ падабаецца, што сярод беларусаў ёсць шмат творчых людзей, з якімі камфортна сябе адчувае.
— Тут вялікая колькасць беларусаў, якія займаюцца нечым творчым. І я, калі бачу гэта, натхняюся. Зразумела, я адчуваю сябе прыезджым, бо такім і ёсць, але інтэграцыя з польскай супольнасцю адбываецца добра. У мяне ёсць тут некалькі сяброў-палякаў, з якімі я праводжу час, разам недзе ходзім, спортам займаемся. Нейкага негатыву я тут амаль не сустракаў.
Усё адбудзецца неўзабаве
Ягор кажа, што час пасля 2020 года праляцеў хутка. Ён сочыць за тым, як адбываецца перадвыбарчая кампанія ў Беларусі. Ён не верыць, што зараз паўторацца падзеі, якія былі ў 2020-м, але адчувае, што нейкая развязка адбудзецца неўзабаве, і пра яе ніхто нават не падазрае.
Слухайце аўдыё!
Павел ЗАЛЕСКІ