Колькасць выпадкаў нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы ў гайнаўскім павеце Польшчы апошнім часам значна скарацілася. Тым не менш, іншыя праблемы застаюцца – закрытыя памежныя пераходы, недахоп турыстаў, ваенная тэхніка на публічных дарогах ды няўпэўненасць у тым, што будзе далей. А што думаюць пра гэта людзі, якіх гэтая сітуацыя кранае найбольш, то бок, жыхары памежных з Беларуссю населеных пунктаў?
“Жывём 200 метраў ад мяжы. Бліжэй не можна дабрацца без адмысловага пропуску”, – кажа жыхар вёскі Клякава (Klakowo) Віктар Кэндысь. Раней прыязджалі актывісты, якія дапамагалі мігрантам: “Бегалі па лесе з сумкамі. Невядома, хто і што рабіў. А зараз нельга ім тут хадзіць. І гэта вельмі добра для нас – мясцовых жыхароў. Мігранты нішчылі нам агароджу, і ніхто нам гэтага не кампенсаваў. Як тады іх тут прымаць? Лепш, каб іх не было і будзе спакой.”
Жыхар вёскі Воўнаўка Мікалай Бялевец: “Шкада людзей (мігрантаў), але іхны лёс не залежыць ад нас. Бачыў тут некалькі груп, побач з маёй пасэсіяй. Былі там жанчыны і дзеткі. Ніякіх праблем не стваралі. Войска нам замінала, бо ездзілі танкі і цяжкая ваенная тэхніка. Дарога пасыпалася так, што праз вёску нельга было пераехаць. Ужо адрамантавалі, але войска зноў пачынае ездзіць туды.”
Віктар Кэндысь кажа, што людзі дамаўляюцца з войскам на рамонт дарог, але без рэзультату, бо вайсковае кіраўніцтва часта мяняецца і ўсе размовы трэба пачынаць нанава.
Ніна Яўдасюк з вёскі Дабрывада сустрэла мігрантаў двойчы: “Адзін ішоў далей, а з другім сустрэлася. Пакланіўся, сказаў нешта, я адказала “дзень добры”. Садзім гародніну ў полі, паміж лесам і карчамі, мы крыху баяліся, але ніхто да нас не прыходзіў. Днём і ноччу ездзіла войска і паліцыя. Неспакой быў у душы, каб не сарваліся ваяваць як ва Украіне, дзе тая бяда настала. Але людзі прывыклі. А цяпер не бачна мігрантаў. Часам праедзе вайсковая машына, але вельмі рэдка.”
“Верталёты лёталі так нізка, што дрэвы варушыліся”, – дадае Ірэна Яўдасюк з Дабрывады – “Зараз ужо спакойна, але калі іду ў лес па грыбы, то крыху баюся, каб не спаткаць нікога. Часам паліцэйскія пыталіся, што тут робім, але мяне асабіста гэта супакойвала. Ведала, што службы ёсць тут, каб мы адчувалі сябе бяспечна.”
Міхал Зіневіч з Дабрывады мае сваю агратурыстыку. Кажа, што прысутнасць войска палохае патэнцыйных турыстаў, а колькасць ягоных кліентаў значна зменшылася. “Як жыхары, не адчуваем нічога дрэннага, але як уладальнікі агракватэр маем нуль турыстаў. Яны мусяць зразумець, што тут бяспечна. Можа, нават болей, чым там, дзе няма войска. Засталіся толькі тыя турысты, якія прыязджалі раней. Яны ведаюць сітуацыю і не баяцца. Час ад часу прывязуць з сабой кагосьці новага. А жыццё плыве тут так, як і раней.”
Войт гміны Дубічы Царкоўныя Лявон Малашэўскі: “Некаторыя жыхары куплялі паліва за мяжой, дзе яно каштуе намнога танней. Няма малога прымежнага гандлю, які ажыўляў гэтыя тэрыторыі.”
Войт гміны Чаромха Юры Васілюк: “Закрыццё мяжы вельмі моцна адбілася на прадпрыемствах, якія супрацоўнічалі з беларускім бокам. Цяпер ледзьве выжываюць. Не ведаюць, ці закрываць свае інтарэсы, ці чакаць. Я іх разумею. Трэба ўжо адкрыць мяжу, каб нашы людзі пачалі зарабляць грошы”. Дадае, што не трэба баяцца прысутнасці мігрантаў, бо зараз іх амаль няма. А мясцовы турызм чакае ўсіх.
Зміцер Косцін