Беларуская Служба

Пажыццёвае зняволенне пагражае меркаванаму беларускаму ўцекачу, які падпаліў гіпермаркет у Варшаве

12.03.2025 09:30
Следства, па якім праходзіць беларус, мае больш шырокі кантэкст і датычыць падпалаў, здзейсненых таксама ў іншых краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
СудInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

За падпалам гандлёвага цэнтра ў Варшаве стаіць меркаваны ўцякач з Беларусі. Пажар ён выклікаў дыстанцыйна і запісаў усё на свой тэлефон. Гаворка ідзе пра пажар, які ўспыхнуў 14 красавіка 2024 года ў варшаўскім гіпермаркеце OBI на вуліцы Радзыміньскай 166, то бок амаль месяц да іншага гіганцкага пажару буйнога гандлёвага цэнтра на вуліцы Марывільскай таксама ў Варшаве. Хутчэй за ўсё, таму падзея на Радзымінскай прайша практычна незаўважанай, канстатуе Rzeczpospolita. Паводле выдання, у СМІ паступіла толькі інфармацыя, што, быццам бы, маштабы пажару былі невялікія, бо эфектыўна спрацавала супрацьпажарная сістэмы аб'екта, якая здушыла агонь своечасова.



Між тым, як аказваецца, на самой справе пажар быў сур'ёзны і нанёс страты прыкладна на 3,5 мільёна злотых. Толькі дзякуючы супрацьпажарнай сістэме і хуткаму ўмяшанню пажарных уся крама не згарэла. Ніхто не загінуў, таму што пажар успыхнуў ноччу, калі ў папулярным гіпермаркеце не было пакупнікоў.

Цягам гадавога следства ўдалося ўстанавіць, што гэта быў наўмысны падпал. Яго здзейсніў меркаваны ўцякач з Беларусі Сцяпан К., які 13 красавіка разліў у гіпермаркеце лёгкаўзгаральную вадкасць і пакінуў там прыстасаванне, якое дазваляла дыстанцыйна распаліць агонь.

Як пацвердзіў прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Пшэмыслаў Новак, Сцяпан К. выклікаў пажар, а затым зняў усё на мабільны тэлефон, каб задакументаваць свой акт сабатажу.  



У панядзелак падпальшчыку прад'явілі абвінавачанне і затрымалі тэрмінам на тры месяцы. Між тым аказваецца, што беларус зведаў ужо польскі арышт, як член дыверсійнай групы, за ўдзел у якой нядаўна быў асуджаны ўкраінец Сяргей С. і затрыманы баксёр з узбярэжжа Ольгерд Л. Аднак, паводле інфармацыі газеты, па гэтай справе беларус праходзіць, як памочнік, але не прамы здзяйсняльнік злачынства.

Як паведамляе Rzeczpospolita, беларусу выставілі абвінавачанне па арт. 130 ч. 7 (акт дыверсіі і сабатаж). Згаданы артыкул датычыцца асаблівай формы шпіянажу, за які пагражае нават пажыццёвае зняволенне. Другое абвінавачанне, прад'яўленае беларусу, тычыцца наўмыснага выклікання пажару, гэта значыць здзяйснення падзеі, якая пагражала жыццю або здароўю многіх людзей або маёмасці ў асабліва буйным памеры.



Следства, па якім праходзіць Сцяпан К., мае больш шырокі кантэкст і датычыць таксама падпалаў іншых буйных крамаў, якія адбыліся ў Польшчы, а таксама ў іншых краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку ў Літве.

аз