Палякі ганарацца сваёй салідарнасцю, гэтым словам быў названы славуты прафесійны саюз, які змагаўся з камуністычнай сістэмай. Сёння ж салідарнасць, таксама, як і гасціннасць, сталі выбарчымі, яны датычаць не ўсіх людзей, якія прыбываюць у краіну. Турыстаў вітаюць з радасцю, але мігрантаў – ужо не.
У Польшчы пагаршаецца стаўленне да іншаземцаў, асабліва да мігрантаў, якія адрозніваюцца ад палякаў веравызнаннем ці колерам скуры. Праблема, відаць, у тым, што грамадскія працэсы, якія ў іншых дзяржавах былі раскладзеныя на дзясяткі або і сотні гадоў, у Польшчы адбыліся вельмі хутка – практычна за некалькі гадоў выгляд польскіх вуліц змяніўся радыкальна і пачаў усё больш нагадваць вуліцы Лондана, Парыжа або Нью-Ёрка. Гэта выклікае боязь і недавер, а слова “мігрант” стала сінонімам выразу “злачынец”. На думку дырэктара Душпастырства мігрантаў айца Веслава Давідоўскага (Wiesław Dawidowski), мігрант стаў палітычным закладнікам.
— Мігрант стаў ахвярай, стаў непажаданым чалавекам. Шмат абразлівых слоў чуваць у адрас каляровых людзей. Сёння мігрант азначае "злачынец", і гэта каласальнае семантычнае злоўжыванне, але не толькі семантычнае, бо яно таксама перакладаецца на сацыяльныя адносіны. А мігранты, якія жывуць у Польшчы, тут працуюць, некаторыя вельмі цяжка. Не толькі кур’ерамі Uber ці ў іншых кампаніях, але многія працуюць у вельмі буйных карпарацыях. Яны шмат працуюць, плацяць тут падаткі, шукаюць лепшага жыцця.
Ксёндз Давідоўскі расказвае, як змяніліся людзі, якія прыходзяць кожны тыдзень на богаслужэнні на англійскай мове. У іх удзельнічае каля 400 асоб чалавек. Яшчэ нядаўна гэта былі ў асноўным белыя, а цяпер іх толькі каля адной пятай.
— Яны паходзяць з 20 розных краін. Большасць – з Азіі, Афрыкі, Індыі. Нас аб'ядноўвае вера - каталіцызм. А ці яны згадваюць пра свае праблемы? Яны не хацелі б пакрыўдзіць палякаў, таму вельмі цёпла кажуць пра польскую гасціннасць. З іншага боку, яны ведаюць, што ў Польшчы неабходна прайсці вельмі доўгі шлях, каб атрымаць від на жыхарства. Даходзяць да мяне і сумныя гісторыі. Напрыклад, мой вікарый — святар з Нігерыі – стаў ахвярай нападу. Хтосьці кінуў у яго камень у трамваі толькі таму, што ў чалавека іншы колер скуры.
А што ляжыць у аснове гэтага стаўлення? Можа, палітыкі падбухторваюць людзей да такой пазіцыі? Пры гэтым, ёсць жа нейкія рэальныя страхі, на якія адказваюць палітыкі. Ёсць страх перад незнаёмцамі, боязь за ўласныя працоўныя месцы, за будучыню краіны. Меркаваннем госця Польскага радыё, гэта сведчыць пра абсалютнае неразуменне сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі краіны.
— Гэта тычыцца таксама дэмаграфіі. Палякі не разумеюць, што нас мала, што, на жаль, грамадства вымірае. Разумны чалавек, які ведае прынцыпы сацыяльнага развіцця і эканомікі, ведае, што няма іншай пенсійнай сістэмы, акрамя той, якая ў нас ёсць. Камусьці давядзецца на нас працаваць. Калі не нараджаюцца дзеці, калі натуральны прырост у Польшчы сёння складзе мінус 0,4, эксперты падлічылі, што спатрэбіцца 20 гадоў, каб вярнуцца да стану, які быў 40 гадоў таму. Палякі гэтага не разумеюць. Другі элемент — гэта няправільнае разуменне таго, што называецца міграцыяй народаў. Міграцыя — гэта частка нашага жыцця, якое стала “глабальнай вёскай”.
Магчыма, менавіта гэтага мы і баімся больш за ўсё – страціць прывычны лад жыцця. Скажам, Злучаныя Штаты — гэта краіна мігрантаў, менавіта яны заснавалі дзяржаву, і, пры гэтым, там таксама назіраецца адмоўнае стаўленне да мігрантаў. “Гэта выключна залежыць ад палітыкаў”, - кажа айцец Давідоўскі.
— Гэта вынік пазіцыі палітыкаў, якія вырашылі, што цяпер прыйшоў час, каб выкарыстаць гэты ключ і атрымаць адпаведную ўладу. На жаль, я вельмі шкадую, што ў Польшчы, якая хоча звацца салідарнай дзяржавы, было прыпынена права на прытулак. Сёння салідарнасць у Польшчы стала «салідарнасцю супраць (кагосьці)», а не «салідарнасцю з (кімсьці)». Гэта каласальная памылка, бо «салідарнасць супраць» — гэта ксенафобія. А сапраўдная салідарнасць павінна быць салідарнасцю з тымі, хто пакутуе. Мы пра гэта забылі.
Прадстаўнікі польскай палітычнай сцэны згодныя ў тым, што абмежаванне права на прытулак - гэта адказ на міграцыйны ціск на мяжы з Беларуссю, які з'яўляецца выключна палітычным ціскам. Нядаўна Лукашэнка запрасіў 150 тысяч мігрантаў з Пакістана, якія могуць атакаваць мяжу.
— Так, гібрыдная вайна — гэта адно, але дзяржава мае інструменты, каб вызначыць, каго можна дапусціць у гэтую дзяржаву, а каго – нельга. Лёгка выкарыстаць аргумент, што 150 тысяч чалавек стаяць на межах, а мы баімся, што гэтае “войска Пуціна” ідзе, каб забіваць нас. Але сярод гэтых тысяч можа быць некалькі праведнікаў. Напрыклад, былая манашка з так званай Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Яна стала ахвярай згвалтавання, уцякла праз Бурундзі ў Расію, адтуль у Беларусь, а тут, у Польшчы, яна папрасіла прытулку. Польскія службы тройчы адхілялі просьбу і адпраўлялі яе назад, а яна – сапраўды ахвяра і хоча толькі аднаго: жыць.
Недаверлівае стаўленне да асоб з іншым колерам скуры можна зразумець, але мяняецца таксама падыход да ўкраінцаў, якіх тры гады таму палякі прымалі ў свае дамы. Назіраецца стомленасць ад вялікай колькасці мігрантаў і ад таго, што канца вайны не бачна. На думку святара, які займаецца мігрантамі, існуе праблема ацэнкі іх эканамічнага становішча, а часта і зайздрасці.
— Хтосьці зарабляе добра, лепш за мяне, таму ён – мой вораг, ён не павінен тут быць, бо ў яго лепшы эканамічны статус. Чаму ён ездзіць на лепшай машыне, чым я? Я з заклапочанасцю назіраю і слухаю палітыкаў, якія кажуць, што мы не ўпусцім ніякіх мігрантаў, пабудуем дамбу, паставім бар'ер. Ці магчыма прыпыніць Евангелле? Калі мы можам прыпыніць Евангелле, то няма чаго шукаць у такой краіне.
Магчыма, неразуменне іншых людзей вынікае таксама з таго, што мы іх не ведаем, хоць яны і жывуць побач. А, па словах ксяндза Веслава Давідоўскага, у іх звычайныя праблемы - дзе знайсці мужа, жонку, ці хопіць грошай да першага, ці змагу атрымаць від на жыхарства і гэтак далей.
Polskie Radio Pr. I
нг