Беларуская Служба

Забарона на прафесію. У Беларусі знішчаюць журналістыку (відэа)

03.06.2022 12:17
У чэрвені пройдуць пяць крымінальных працэсаў над журналістамі. Некаторым з нашых калег пагражае да 15 гадоў зняволення.
  (),   tut.by,       .       2021 .
Марына Золатава (справа), галоўны рэдактар tut.by, падчас пікету ў абарону журналістаў ў Мінску. Марына знаходзіцца ў СІЗА з траўня 2021 года.Фота: svaboda.org

У Беларусі цяпер 27 журналістаў знаходзяцца за кратамі. Улады вядуць планамерную і жорсткую вайну з вольным словам, свабодаю меркавання і выказвання: сайты незалежных медыя заблакаваныя, самі медыя, іх матэрыялы, сацсеткі і нават лагатыпы многіх з іх прызнаныя «экстрэмісцкімі», за рэпосты і лайкі ў сацсетках людзей пазбаўляюць свабоды. Сотні супрацоўнікаў медыясферы, і гэта не перабольшванне, былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі, працуюць з-за мяжы ў надзвычай складаных для прафесіі ўмовах: быць на месцы падзей немагчыма, героі просяць не называць іх імя, здабываць і правяраць інфармацыю – складана.

Адна з найбольш гучных спраў апошніх двух год – прысуд два гады калоніі журналісткам канала «Белсат» Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай за прамую трансляцыю з «плошчы перамен» у Мінску. Яны адбываюць пакаранне ў калоніі ў Гомелі, восенню ўжо мусілі выйсці на свабоду.

Журналісткі Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова падчас суду над імі. Следства абвінаваціла іх у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх». Журналісткі Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова падчас суду над імі. Следства абвінаваціла іх у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».

Аднак Кацярыне Андрэевай нечакана прадʼявілі новае абвінавачанне ў «здрадзе дзяржаве».

– Кацярына знаходзіцца ў зняволенні ўжо 18 месяцаў, мусіла 5 верасня выйсці на волю. Мы амаль два месяцы нічога не ведалі пра яе статус і нават артыкул, па якім заведзена новая справа, было толькі вядома, што яе перавялі ў СІЗА для нейкіх працэсуальных дзеянняў. Мы высветлілі, што адбываецца, толькі тады, калі ёй было выстаўлена канчатковае абвінавачанне і следства было завершана, гэта адбылося ў пачатку красавіка. Ёй выставілі абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве, гэта артыкул 356 Крымінальнага кодэкса, ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення, – гаворыць муж Кацярыны журналіст Ігар Ільяш.

Справу будуць разглядаць у Гомельскім абласным судзе. Важны момант: родныя не ведаюць дакладна, на падставе якіх падзей узнікла гэтая крымінальная справа. І, калі суд будзе закрытым, то і пасля працэсу гэта можа быць засакрэчана.

– Адзінае – відавочна, што новая справа звязаная з журналісцкай дзейнасцю Кацярыны. Кацярына сядзіць васямнаццаць з паловай месяцаў за сваю журналісцкую працу, за стрым. І натуральна, нічога новага за гэты час, што можна было б «нацягнуць» на здраду дзяржаве, не магло здарыцца, — упэўнены Ігар Ільяш.

Родныя чакалі, што суд мусіў адбыцца яшчэ ў траўні, аднак дату разгляду справы зацягваюць і не прызначаюць.

Кацярына адчувае сябе больш-менш нармальна, наколькі гэта магчыма ва ўмовах зняволення, піша вершы, на ўмовы ўтрымання ў СІЗА не скардзіцца. Ліставанне са сваякамі нармальнае, але ад іншых людзей Кацярына амаль нічога не атрымлівае.

«Абвінавачанне абсалютна сталінісцкае па сваім духу, няма сумневаў, што яно не мае ніякага дачынення да рэальнасці, Кацярына цалкам невінаватая», – падкрэслівае Ігар Ільяш.

8 чэрвеня пачнецца закрыты суд над фрылансерам «Радыё Свабода» Андрэем Кузнечыкам. Яго затрымалі ў лістападзе 2021 года, доўгі час было невядома, у чым канкрэтна абвінавачваюць журналіста. Напярэдадні суда стала вядома: арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).

Аляксандр Лукашук, дырэктар Беларускай службы «Радыё Свабода» распавёў, што  двое супрацоўнікаў рэдакцыі ўжо асуджаныя

– Гэта Ігар Лосік, арыштаваны ў чэрвені 2020 года і асуджаны на 15 гадоў калоніі, Алег Груздзіловіч, якога затрымалі ў снежні 2021 года і асудзілі на 1,5 года зняволення. Усяго ў рэдакцыі пасля падзей 2020 года было арыштавана 10 чалавек, якія адбывалі адміністрацыйныя арышты і былі пакараныя штрафамі. 1180 дзён журналісцкай працы страціла рэдакцыя – менавіта столькі яе журналісты правялі ў турме.

За кратамі знаходзяцца і трое супрацоўнікаў «Новага Часу»: гэта галоўны рэдактар газеты Аксана Колб, журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын і Мікалай Дзядок, якога асудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі.

– Адно з катаванняў – гэта катаванне невядомасцю. Родным не паведамляюць нічога пра іх блізкіх за кратамі, – адзначыў Сяргей Пульша, рэдактар выдання «Новы Час». – Нам вядома, што Аксану Колб абвінавачваюць у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак. Але ў чым выявіліся гэтыя дзеянні і ці звязана гэта з рэдакцыяй і яе працай на мітынгах – таксама невядома. Мы зможам пра гэта даведацца падчас суда, але не ведаем, ці будзе ён адкрыты. Тое ж тычыцца і журналіста Дзяніса Івашына. Яму прадʼявілі абвінавачанне ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных спраў. Але Івашын займаўся OSINT-расследаваннямі, якія прадугледжваюць узяцце інфармацыі з адкрытых крыніц, гэта ўсё адкрытая інфармацыя, таму ён не мог распаўсюдзіць ніякую таямніцу, якая б знаходзілася пад грыфам «сакрэтна».

Таксама Івашыну выставілі абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве, але, зноў жа, за што – невядома.

Аналагічная сітуацыя і наконт публіцыста, актывіста анархічнага руху Міколы Дзядка, ад яго не даходзяць лісты, невядома пра ўмовы ўтрымання. Гэта інфармацыйная ізаляцыя, прычым ізаляцыя не толькі яго, але і яго калег, родных.

Сяргей Пульша распавёў, што лісты даходзяць толькі ад зняволенай рэдактаркі Аксаны Колб. Яна ў добрым настроі, малюе коміксы. Але больш ніякай афіцыйнай інфармацыі няма, бо і адвакат пад падпіскай аб неразгалошванні.

Палітзняволеныя журналісты медыя «Наша Ніва» Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч асуджаныя на 2,5 года калоніі за «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу», нядаўна была апеляцыя прысуду, але яго пакінулі ў сіле, таму журналістаў хутка мусяць этапаваць у калонію. Не так даўно журналісты мелі спатканні з роднымі ў СІЗА. Настасся Роўда, дырэктар выдання «Наша Ніва», распавяла, што калегі змучаныя зняволеннем.

– Трымацца бадзёра, але выглядаюць змучанымі, бо так шмат часу знаходзяцца ў закрытым памяшканні без магчымасці нармальна дыхаць свежым паветрам, што гэта ўплывае. На фізічным здароўі гэта адбіваецца. Вялікі і кепскі сінгал нам усім, што ідуць паўторныя суды. Каці пагражае драконаўскі вялікі тэрмін ні за што, гэта помста, якая нам не зразумелая. Любога чалавека можа выхапіць. Гэта страшна, бо мы не можам у такіх умовах гаварыць пра вяртанне ў Беларусь і працу ўнутры краіны. Працягваюць браць людзей, затрымалі дырэктара «Беларусы і рынак», Аксану Колб. Аксана, уся каманда «Новага Часу», зрабілі подзвіг: гэта было адзінае незалежнае беларускамоўнае друкаванае выданне, якое трапляла ў турмы. Для палітвязняў створаныя асаблівыя ўмовы, яны ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі, з каталогаў выкінулі ўсе незалежныя выданні, засталіся толькі тыя, што транслююць ідэі дзяржавы, – гаворыць Настасся Роўда.

Настасся Роўда, дырэктар выдання «Наша Ніва», мяркуе, што ўзмацненне рэпрэсій будзе працягвацца, хаця ніхто і не думаў, што рэпрэсіі будуць так доўга, што ўлады выпаляць усё медыяполе, а сотні журналістаў зʼедуць і не будуць мець магчымасці бяспечна вярнуцца ў Беларусь.

вх