Кампанію з васьмі чалавек арыштавалі за лозунг "Слава Украіне".
У Ленінскім раёне Мінска 9 ліпеня затрымалі сем мужчын і адну жанчыну. Згодна з пратаколамі, мінчукі "ў стане алкагольнага ап'янення прынялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з мэтай публічнага выказвання сваёй нязгоды з правядзеннем спецыяльнай вайсковай аперацыі на тэрыторыі Украіны, падчас якой выкрыквалі "Слава Украіне". Суддзі Ленінскага раёна Мінска прызначылі кожнаму і кожнай па 15 сутак арышту.
Жыхара Наваполацка арыштавалі за расклейку антываенных улётак з выявай Пуціна.
Механіка ўстаноўкі ААТ «Нафтан» Ілью Двойрына асудзілі за гэта на 15 сутак. На судовае паседжанне мужчына не з'явіўся, бо знаходзіцца ў СІЗА ў межах крымінальнай справы. Ён завочна прызнаў віну.
Паводле пратакола, раніцай 16 траўня на аўтобусным прыпынку Ілля расклеіў улёткі з выявай прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і тэкстам на палітычную тэматыку.
Паводле матэрыялаў справы, пра ўлёткі на слупе прыпунку ў міліцыю паведаміла "неабыякавая" жанчына. Сам Двойрын распавёў міліцыянтам пра тое, што ён увесну 2023 года вырабіў улёткі з выявай Пуціна і тэкстам антываеннага характару, і з 15 на 16 траўня расклеіў іх на прыпынку грамадскага транспарту ў Наваполацку.
Раней паведамлялася, што Двойрына затрымалі за нібыта абліццё фарбай машыны прарасійскага актывіста Сяргея Юдаева. Інцыдэнт з аблітым фарбай аўтамабілем на крымскіх нумарах і вялікай літарай «Z» на капоце адбыўся ў Наваполацку 1 ліпеня.
За некалькі дзён да здарэння ў Іллі з Сяргеем быў канфлікт на дарозе — расіянін ехаў нецвярозы за рулём, а беларус зрабіў яму заўвагу з гэтай нагоды. Пасля інцыдэнту з машынай прарасійскі актывіст узгадаў гэтую сітуацыю і паведаміў сілавікам нумар машыны беларуса, які зрабіў яму заўвагу.
яс