Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT) разглядае магчымасць усталявання фізічных бар'ераў на мяжы з Беларуссю ў балоцістай мясцовасці.
Зараз агароджы і калючы дрот ёсць на каля 550 км 679-кіламетровай мяжы Літвы з Беларуссю. Больш за 100 км мяжы праходзіць па рэках, азёрах і балотах, дзе кантроль адбываецца пры дапамозе камер відэаназірання і іншых тэхнічных сродкаў, але там няма агароджы.
«VSAT стварыў рабочую групу для вывучэння магчымасці ўсталявання там фізічных барʼераў і разліку кошту», – паведаміў BNS Гедрыўс Мішуціс, прэс-сакратар Памежнай службы.
Паводле яго слоў, агароджы істотна ўплываюць на спыненне нелегальнай міграцыі праз літоўска-беларускую мяжу.
«Дадатковыя фізічныя перашкоды былі б эфектыўнымі як цяпер, так і ў будучыні», – сказаў ён. Паводле яго, эфектыўнасць агароджы бачная і ў параўнанні сітуацыі з Латвіяй, дзе наплыў нелегальных мігрантаў значна большы.
Літва вырашыла пабудаваць плот уздоўж мяжы з Беларуссю пасля таго, як у 2021 годзе перажыла ўсплёск нерэгулярнай міграцыі.
ав/lrt.lt