Беларуская Служба

Беларус стаў адным з лаўрэатаў XXXI прэміі часопіса Przegląd Wschodni

27.03.2024 15:30
У катэгорыі «Працы, выдадзеныя за мяжой» прэмія ўручана беларускаму гісторыку Андрэю Мацуку за кнігу «Павятовыя соймікі ў сацыяльна-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага (1697–1764 гг.)».
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". XXXI прэмія Przeglądu Wschodniego.
23              XXXI   Przegląd Wschodni.
23 сакавіка ў былым палацы Патоцкіх і Тышкевічаў У Варшаве адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў XXXI прэміі часопіса Przegląd Wschodni. Viktar Korbut

23 сакавіка ў былым палацы Патоцкіх і Тышкевічаў, які ўваходзіць у комплекс будынкаў Варшаўскага ўніверсітэта, па традыцыі адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў XXXI прэміі часопіса Przegląd Wschodni.

XXXI прэмія часопіса Przegląd Wschodni за лепшыя на думку журы гістарычныя кнігі, выдадзеныя ў 2023 годзе, сёлета ўручалася пры інфармацыйнай падтрымцы 5-й праграмы Польскага Радыё, у т.л. яе беларускай секцыі. Гэта невыпадкова, улічваючы, што наш эфір у значнай ступені арыентаваны на краіны Усходняй Еўропы, у т.л. Беларусь, якім прысвечана і тэматыка часопіса Przegląd Wschodni, і кнігі, адзначаныя прэміяй выдання.

Рэдактар часопіса Przegląd Wschodni Ян Маліцкі на цырымоніі ўручэння прэстыжнай у свеце гістарычнай навукі прэміі напомніў аб тым, што ў Цэнтры ўсходнееўрапейскіх даследаванняў (Studium Europy Wschodniej) пры Варшаўскім універсітэце, якім ён кіруе, створаны два спецыяльныя цэнтры.

Ян Маліцкі:Цэнтр вывучэння Украіны складаецца з тых даследчыкаў, якія прыехалі ў Польшчу з-за вайны і тут засталіся — для іх удалося знайсці магчымасць працы і выкарыстання іх навуковага патэнцыялу.

У сваю чаргу, Цэнтр беларускіх даследаванняў быў створаны яшчэ ў 2015 годзе, а ў 2020 годзе ён быў папоўнены даследчыкамі, якія тады былі вымушаны ўцячы з Беларусі — пасля падзей лета-восені 2020 года, калі ў гэтай краіне былі сфальсіфікаваны прэзідэнцкія выбары.

Журы прэміі (Агата Вансоўская-Паўлік, Лешак Заштаўт, Лукаш Каміньскі, Хэлена Красоўская, Ян Маліцкі, Войцех Матэрскі, Лех Мруз, Анджэй Рахуба, Дарота Янішэўская-Якубяк) 5 лютага і 1 сакавіка прыняло рашэнне ўручыць некалькі прэмій.

У катэгорыі «Працы, выдадзеныя за мяжой» (Dzieła Zagraniczne) прэмія ўручана вучонаму з Кіева Аляксею Сакірку за кнігу «Козацький Марс. Держава та військо Козацького гетьманату в добу мілітарної революції (1648–1764 рр.)» («Казацкі Марс. Дзяржава і войска Казацкага гетманата падчас мілітарнай рэвалюцыі (1648-1764 гг.)»), а таксама беларускаму гісторыку, які працуе цяпер у Варшаве, Андрэю Мацуку за выдадзеную ў Вільні кнігу «Павятовыя соймікі ў сацыяльна-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага (1697–1764 гг.)».

Ян Маліцкі прадставіў абгрунтаванне рашэння журы аб узнагароджанні мінскага гісторыка за яго працу.

Ян Маліцкі:Лаўрэат прэміі змог падрыхтаваць комплексную і ўнікальную працу, якая з'яўляецца наватарскай у параўнанні з тымі, што выходзілі раней па гэтай тэме — гісторыі соймікаў шляхты Рэчы Паспалітай Найноўшага часу. Пры гэтым аўтар выкарыстоўваў як дасягненні беларускай гістарыяграфіі, так і польскай і літоўскай.

Андрэй Мацук родам з Полацка. Раней ён працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пад грыфам гэтай установы выйшлі яго папярэднія працы: «Барацьба магнацкіх груповак у ВКЛ (1717-1763 гг.)» (2010); «Полацкае ваяводства ў XVIII ст.: ваявода, шляхецкая эліта, соймікі» (2014); «Грамадска-палітычнае жыццё Вялікага Княства Літоўскага ў часы бескаралеўя 1733-1735 гг.» (2020).

Дарэчы, летась у верасні Мацуку ўручылі прэмію польскага выдання Rocznik Lituanistyczny за 2022 г. за даследаванне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Андрэй Мацук:Доўгі час беларуская гістарыяграфія знаходзілася пад уплывам расійскай — фактычна гэта была каланіяльная гістарыяграфія, і ў ёй амаль не было працы па палітычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Сітуацыя пачалася мяняцца ў 1990-я гг., але яшчэ ў пачатку 2000-х гг. было складана займацца гэтай тэматыкай.

Андрэй Мацук адзначае, што ў яго прафесіянальным жыцці асаблівае значэнне мела магчымасць вучобы ў Польшчы на працягу года па стыпендыі ўрада Польшчы, атрыманай ад Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў.

Андрэй Мацук:І якраз за гэты год я зразумеў, чым я хачу займацца ў навуцы. Акрамя таго, я пазнаёміўся са шматлікімі выдатнымі вучонымі — класікамі польскай навукі, якія даследавалі гісторыю Вялікага Княства Літоўскага XVIII стагоддзя, у т.л. з прысутнымі на гэтай цырымоніі праф. Анджэем Рахубам і Анджэем Закжэўскім, а таксама праф. Зоф'яй Зяліньскай і св. памяці праф. Хэнрыкам Люлевічам.

У катэгорыі «Працы, выдадзеныя ў Польшчы» (Dzieła Krajowe) лаўрэатам XXXI прэміі часопіса Przegląd Wschodni стаў Войцех Лысэк за кнігу Intelektualny włóczęga. Biografia Stanisława Swianiewicza («Інтэлектуальны валацуга. Біяграфія Станіслава Свяневіча»).

Свяневіч падчас рэвалюцыі 1917 г. знаходзіўся ў расійскім Арле, дзе заканчваў гімназію і з'яўляўся лідарам патрыятычнага гуртка польскай моладзі, у які ўваходзіў вядомы ў будучыні вядомы Вітольд Пілецкі.

У 1920-1930-я гады Свяневіч працаваў у Вільні — ва Універсітэце Стэфана Баторыя і Навукова-даследчым інстытуце Усходняй Еўропы, а таксама супрацоўнічаў з нямецкім Інстытутам Усходняй Еўропы ў Брэслау (цяпер Вроцлаў).

У верасні 1939 года, падчас абароны Польшчы, Станіслаў Свяневіч трапіў у савецкі палон. У красавіку 1940 года яго транспартавалі на растрэл у Катынь, але прыпынілі этапаванне па загадзе нам. наркама ўнутраных спраў СССР і члена «тройкі» па расстрэле палякаў Усевалада Мяркулава. Судзячы па характары допытаў Свяневіча, НКУС СССР зацікавіўся ім як спецыялістам па эканоміцы Германіі.

Свяневіч трапіў спачатку ў турму ў Смаленску, потым ва ўнутраную турму НКУС на Лубянцы і, нарэшце, у Бутырскую турму ў Маскве. Па заканчэнні следства атрымаў прыгавор: 8 гадоў зняволення, і быў накіраваны ва Усць-Вымскі ІПЛ.

Аднак па хадайніцтве польскага эміграцыйнага ўрада Свяневіча ў 1941 годзе выпусцілі на волю. Ён уступіў у войска генерала Андэрса і перадаў польскім уладам справаздачу, якая тычылася зніклых без вестак (расстраляных) афіцэраў Войска Польскага непадалёк ад Катынскага лесу.

Свяневіч пакінуў Расію ў ліпені 1942 года. У 1948 годзе выйшла ў свет яго праца аб Катынскім злачынстве — адно з першых абвінавачанняў СССР па гэтай справе.

На цырымоніі ўзнагароджання Войцеха Лысэка прысутнічалі члены сям'і Свяневіча. А пра аўтара кнігі і яе героя расказаў даследчык з каўнаскага Універсітэта імя Вітаўта Вялікага Анджэй Пукшта.

Анджэй Пукшта:Велізарным парадоксам было тое, што пра вядомага сведку Катынскага злачынства, аўтара шырока вядомай кнігі «У цені Катыні», выдадзенай на польскай, англійскай і іншых мовах, да гэтага часу не было біяграфічнай кнігі. У сувязі з гэтым у Войцеха Лысэка была няпростая задача. Ён адлюстраваў дзяцінства Свяневіча ў яго родным Дзвінску (Даўгаўпілсе), тулянні па Расіі ў Першую сусветную вайну, службу ў Войску Польскім і, нарэшце, навуковую кар'еру ва Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні, а затым — лёс у савецкіх турмах, пасляваеннае жыццё ў Вялікабрытаніі, ЗША і Канадзе.

XXXI прэмію часопіса Przegląd Wschodni ў катэгорыі «Гісторыя палякаў ва Усходняй Еўропе» (Dzieje Polaków na Wschodzie) атрымалі Малгажата Аміляноўская-Кільянчык за кнігу Marian Lalewicz. Architekt petersbursko-warszawski («Мар’ян Лялевіч. Пецярбургска-варшаўскі архітэктар») і Радослаў Будзыньскі — за кнігу Historyk z Inflant Polskich. Gustaw Manteuffel (1832–1916) («Гісторык з польскай Лівоніі. Густаў фон Мантойфель (1832–1916)»). Спецыяльная прэмія прысуджана Дарыюшу Каладзейчыку за ўсе яго даследаванні, работу і навуковую творчасць. Прэмія імя Аляксандра Гейштара ўручана літоўскаму мастацтвазнаўцу Відасу Далінскасу, дырэктару Нацыянальнага музея «Палац уладароў Вялікага Княства Літоўскага» ў Вільні.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мастацтвазнавец Марыя Каламайская-Саід магла як рэнтген разгледзець твор мастацтва

07.03.2024 16:03
Мастацтвазнавец Марыя Каламайская-Саід як ніхто ў Польшчы добра ведала Беларусь і Літву і іх гісторыка-культурную спадчыну перыяду ВКЛ.

Адна з самых старых выяў «Пагоні» знойдзена ў Вільні

14.03.2024 15:56
Гід Агата Садоўская праводзіць экскурсію па падзямеллі Палаца ўладароў Вялікага княства Літоўскага ў Вільні.

25 Сакавіка адзначаць не толькі беларусы, але і палякі, у тым ліку навуковая грамадскасць

22.03.2024 13:39
К 106-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі польскімі і беларускімі вучонымі арганізаваны навуковы сімпозіум у Лондане.