Беларуская Служба

25 Сакавіка адзначаць не толькі беларусы, але і палякі, у тым ліку навуковая грамадскасць

22.03.2024 13:39
К 106-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі польскімі і беларускімі вучонымі арганізаваны навуковы сімпозіум у Лондане.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Ю. Грыбоўскі пра 25 Сакавіка.
 .
Ілюстрацыйнае фота.https://www.eventbrite.co.uk/e/c-25-tickets-856101511667

25 сакавіка 106-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі будуць адзначаць у розных фарматах ва ўсім свеце, у т.л. у Польшчы. У гэты дзень у Варшаве, а таксама ў Лондане, з удзелам польскіх вучоных запланаваны навуковыя канферэнцыі па гісторыі БНР і беларускай мовы.

Кафедра беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта 25-26 сакавіка праводзіць Міжнародную навуковую канферэнцыю “Мова, літаратура і культура Беларусі ў Польшчы і свеце. Да 100-годдзя з дня нараджэння Васлія Быкава”. Яна будзе прысвечана, сярод іншага, такім праблемам, як беларуская мова ў інтэрнэце; беларуская мова як замежная; мова і ідэнтычнасць; мова СМІ; беларуская дыялекталогія. Таксама будуць абмяркоўвацца пытанні беларускай літаратуры, тэатра, фальклору —  гісторыі і сучаснасці.

***

Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта і Беларуская бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны ў Лондане арганізуюць 25 сакавіка міжнародны навуковы сімпозіум “Cпадчына 25 Сакавіка і беларуская нацыянальная ідэнтычнасць”.

Юры Грыбоўскі, намеснік кіраўніка кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта:Безумоўна, падзеі 1918 г. уплывалі раней і ўплываюць цяпер на беларусаў. Яны не могуць на іх не ўплываць. Гэта важная, нават можна сказаць, пераломная падзея ў гісторыі Беларусі ХХ ст.

На канферэнцыі мы будзем гаварыць пра тое, як у розных абставінах, у розныя часы беларусы адзначалі 25 Сакавіка. Гэта значыць, што сярод значнай часткі грамадства памяць пра гэту падзею жыла. Апрача гэтага, гэта дата выконвала ролю пэўнага арыенціра, была часткай пэўнай сістэмы каштоўнасцей, і такім чынам фарміравала ўяўленні беларусаў пра сябе, сваё мінулае, а таксама ўплывае на сучаснасць.

Сімпозіум пройдзе пад ганаровым патранатам рэктара Варшаўскага ўніверсітэта па адрасе: 37 Holden Rd London N12 8HS.  Для ўдзелу анлайн на Zoom можна зарэгістравацца па спасылцы.

Форум збярэ гісторыкаў, палітолагаў, культуразнаўцаў, літаратуразнаўцаў і мовазнаўцаў з Польшчы, Беларусі, Літвы, Чэхіі, Канады і Вялікабрытаніі.

Юры Грыбоўскі:Для нас, гісторыкаў, гэта не толькі падзея ў календары, гістарычная дата, але і нагода, каб адсвяткаваць 25 Сакавіка па-навуковаму. І таму перш за ўсё варшаўскія гісторыкі вырашылі арганізаваць міжнародны навуковы сімпозіум “Cпадчына 25 Сакавіка і беларуская нацыянальная ідэнтычнасць”. Мы хацелі б больш уважліва прааналізаваць той уплыў, які аказалі падзеі 1918 г. на фарміраванне і развіццё беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, на працэс фарміравання беларускай нацыі, які тады вельмі актыўна працякаў.

А паколькі гэта з’ява вельмі складаная, то да ўдзелу ў сімпозіуме мы вырашылі запрасіць прадстаўнікоў розных навуковых дысцыплін, у першую чаргу, безумоўна, гісторыкаў. Мы хацелі б паказаць уплыў ідэі БНР на беларускую ідэнтычнасць. Таму мы будзем менш гаварыць пра тое, у якіх абставінах была абвечшана БНР. Нам хацелася б паказаць уплыў ідэі БНР на беларусаў не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі.

Наша мэта — паказаць, якім чынам ідэя БНР функцыянавала, падтрымлівалася, шанавалася рознымі пакаленнямі беларусаў як на бацькаўшчыне, так і на чужыне. Напрыклад, як гэта адбывалася ў даваеннай Польшчы, у пасляваеннай Польшчы, як гэта адбывалася ў даваеннай Чэха-Славакіі, Латвіі і Літве.

Сярод тэм, якія прагучаць падчас сімпозіума, — гэта, напрыклад, адзначэнне свята 25 Сакавіка ў Заходняй Беларусі, мерапрыемствы па захаванні памяці пра БНР сярод беларусаў за акіянам. Таксама будуць закранацца моўныя аспекты беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама сімволіка БНР і той шлях, які яна прайшла ад з’яўлення па сённяшні дзень і тая роля, якую яна адыгрывала і па-ранейшаму адыгрывае ў беларускім грамадстве.

Напярэдадні сімпозіума аб’яўлена аб стварэнні польска-брытанскага калектыву вучоных па даследаванні культурнай спадчыны Беларусі.

Юры Грыбоўскі:Мы паспрабуем па-новаму зірнуць на нацыянальна-культурныя працэсы, якія адбываліся раней і якія адбываюцца цяпер.

Беларуская бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны ў Лондане стала невыпадковым месцам правядзення навуковага сімпозіума.

Юры Грыбоўскі:Гэта ўстанова ўзнікла яшчэ ў 1970-я гг. І яна заўсёды з’яўлялася вельмі важным месцам для даследчыкаў беларускай гісторыі. І таму для нас вялікі гонар мець магчымасць правесці навуковае мерапрыемства ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Ф. Скарыны ў Лондане.

***

Навуковымі мерапрыемствамі святочная праграма 25 сакавіка не вычэрпваецца. У гэты дзень таксама запланаваны ўрачысты канцэрт «Беларускі музычны краявід. Гісторыя пра волю», які адбудзецца а 18.00 у канцэртнай зале Падляшскай оперы і філармоніі на вул. Падлесьнай, 2 у Беластоку.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык Яраслаў Грыцак: Каб утварылася Украіна, зрэшты, як і Беларусь, Расія, павінна была быць зруйнавана старажытная Русь

28.09.2023 15:02
Вядомы ўкраінскі гісторык Яраслаў Грыцак лічыць, што ўкраінцам мала галушак і песень — ім патрэбна ўласная культура і дзяржава.