Беларуская Служба

Улады ліквідуюць арганізацыі, якія абаранялі правы інвалідаў і правы жанчын 

12.07.2024 13:42
Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, на 12 ліпеня ўлады Беларусі зліквідавалі не менш як 1665 некамерцыйных арганізацый.
Ілюстрацыйнае фотаspring96.org

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, на 12 ліпеня ўлады Беларусі зліквідавалі не менш як 1665 некамерцыйных арганізацый, звярнула на гэта ўвагу Радыё Свабода.

Міністэрства юстыцыі падало пазоў у суд  аб ліквідацыі Асацыяцыі інвалідаў, зарэгістраванай 14 красавіка 1998 году. Таксама вядома, што Мінюст настойвае на ліквідацыю праваабарончай «Беларускай арганізацыі працоўных жанчын» (БАПЖ). Гомельскі абласны суд разгледзіць пазоў 26 ліпеня.

БАПЖ – праваабарончая арганізацыя, дапамагала жанчынам «павышаць прававую пісьменнасць у пытаннях гендарнай роўнасці і па меры сіл абараняць сябе на рынку працы».

На старонцы арганізацыі ў «Фэйсбуку» адзначаецца, што яе супрацоўнікі праводзілі «адвакацыйныя кампаніі», у прыватнасці праект «Усе працы для ўсіх жанчын у Беларусі» дзеля адмены спісу прафесій, недасяжных жанчынам.

Акрамя гэтага, БАПЖ арганізоўвала сустрэчы-дыскусіі, навучальныя гульні, вэбінары, якія дапамагаюць жанчынам розных узростаў і прафесій мець зносіны, дзяліцца досведам, адстойваць і абараняць працоўныя правы.

яс