Беларуская Служба

Улады рэкамендуюць летні адпачынак у Польшчы

09.06.2020 17:12
Кампанія «Адпачынак у Польшчы» ставіць на мэце падртымку айчыннай турыстычнай галіны, пацярпелай ад каранавіруса.
Mazury
MazuryShutterstock/Slawomir Kruz

Польская арганізацыя турызму і Міністэрства развіцця праводзяць кампанію «Адпачынак у Польшчы». Яе мэта – падтрымка польскага турыстычнага сектара.

На працягу бліжэйшых двух месяцаў на тэлебачанні і ў Інтэрнэце будуць з'яўляцца матэрыялы, якія прадстаўляюць цікавыя, часта невядомыя месцы ў Польшчы.

Акцыя звязаная з эпідэміяй каранавіруса і з крызісам, які жорстка закрануў нацыянальную турыстычную галіну.

Кампанія «Адпачынак у Польшчы» будзе папулярызаваць усе польскія ваяводствы. У матэрыялах будуць паказаныя месцы з сертыфікатамі Польскай арганізацыі турызму і пераможцы на розных конкурсах і плебісцытах. Акрамя таго, будуць таксама месцы, якія парэкамендуюць мясцовыя ўлады.

«Гэта шанец нанова адкрыць для сябе Польшчу», – сказаў намеснік міністра развіцця Анджэй Гут-Мастовы:

 - Рэкламная кампанія «Адпачынак у Польшчы» нам вельмі патрэбная асабліва гэтым летам. Мы ізноў зможам адкрыць для сябе шматлікія скарбы нашых рэгіёнаў, прыгожыя месцы прыроды ў горах Бяшчады, у рэгіёне Малапольшча, на Падляшшы, архітэктурныя шэдэўры, і мы нанова вынесем на публіку кулінарныя скарбы ў цэлай Польшчы.

Міністэрства развіцця і Польская арганізацыя турызму разлічваюць на тое, што дзякуючы кампаніі, большая колькасць палякаў вырашыць правесці лета ў краіне, што можа паспрыяць паляпшэнню сітуацыі турыстычнай галіны, пацярпелай ад крызісу.

Падтрымкай для польскай турыстычнай галіны павінен быць таксама турыстычны ваўчар на летні адпачынак вартасцю ў 500 злотых ( $130) для кожнага дзіцяці. Ваўчар паабяцаў у выбарчай кампаніі дзейсны прэзідэнт Анджэй Дуда.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі