Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага універсітэта выдала на гэтым тыдні ўжо пяты па ліку том часопіса „Przegląd Środkowo-Wschodni” (ISSN 2543-618X, eISSN 2545-1324). Па традыцыі ў штогодніку асабліва многа артыкулаў па гісторыі Беларусі.
Штогоднік „Przegląd Środkowo-Wschodni” за пяць гадоў існавання стаў саліднай пляцоўкай для вучоных з Польшчы, Беларусі, Украіны і іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы для абмену напрацоўкамі па вывучэнні мінулага гэтага рэгіёна.
Юры Грыбоўскі, галоўны рэдактар часопіса „Przegląd Środkowo-Wschodni”: — Рэдакцыя часопіса ўспрымае Цэнтральную і Усходнюю Еўропу як мультыкультурную прастору, у якой на працягу гісторыі розныя культуры і традыцыі суіснавалі і ўзаемадзейнічалі паміж сабой. Многія народы рэгіёна маюць багатую культурную спадчыну. Суіснаванне розных культур побач можа разглядаецца вучонымі кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага універсітэта як прыклад талерантнасці. Але прызнаецца і той факт, што гэта і зона канфліктаў, якія таксама пакінулі свой след на сучасным культурным абліччы рэгіёна.
Наяўнасць розных традыцый у рэгіёне аказала вялікі ўплыў на характар міжнародных адносін у перыяд стварэння тут суверэнных нацыянальных дзяржаў у ХХ стагоддзі, якія ўзніклі з памкненняў канкрэтных, гістарычна сфарміраваных этнічных і культурных супольнасцей. Прымаючы пад увагу складанасць і спецыфіку культурнай сітуацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, рэдакцыя часопіса „Przegląd Środkowo-Wschodni” лічыць, што гісторыя і сённяшні дзень гэтага рэгіёна павінны быць прадстаўлены не толькі ў межах культур асобных краін рэгіёна, але і шляхам аналізу ўзаемнага ўплыву, іншых форм узаемадзеяння паміж культурамі.
Таму часопіс „Przegląd Środkowo-Wschodni” адрасаваны ў першую чаргу вучоным і іншым зацікаўленым асобам, якія праводзяць даследаванні міжкультурных адносін і эвалюцыі культурных з'яў, што фарміруюць сучасную культурную і нацыянальную карту рэгіёна. Аднак паколькі немагчыма паказаць культурныя працэсы без уліку гістарычных, палітычных, сацыяльных і эканамічных умоў, таму „Przegląd Środkowo-Wschodni” — гэта шматпрофільнае выданне, у якім асвятляюцца тэмы, звязаныя з вывучэннем культуры, гісторыі, літаратуры і моў народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Юры Грыбоўскі.
Юры Грыбоўскі адзначае, што на старонках часопіса „Przegląd Środkowo-Wschodni” друкуюцца вядомыя беларускія даследчыкі, і Юры Грыбоўскі запрашае вучоных з Польшчы, Беларусі і ншых краін дасылаць свае тэксты для публікацыі ў выданні.
Юры Грыбоўскі: — У свеце не так многа выданняў, дзе могуць публікавацца беларускія аўтары на беларускай мове. „Przegląd Środkowo-Wschodni” дае такую магчымасць. Пяты том за 2020 год прысвечаны феномену міфа, настальгіі і памяці як кампанентаў ідэнтычнасці нацый Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Сярод артыкулаў, якія публікуюцца ў пятым томе выдання, беларускага чытача, бясспрэчна, зацікавяць наступныя:
Аляксандр Гужалоўскі, «Сталін у беларускай савецкай літаратуры»,
Уладзімір Ляхоўскі, Андрэй Чарнякевіч, «Деятельность Белорусской торговой палаты в Украине в 1918 году»,
Віктар Корбут, «Ідэнтычнасць жыхароў Мінска ў XIX – пачатку XX ст. у святле мемуарнай літаратуры»,
Віктар Астрога, «Белорусские таможенники в борьбе с контрабандой историко-культурных ценностей (1944–1991 гг.)»,
Вячаслаў Швед, «Варшаўскі перыяд жыцця Я. Ф. Карскага і лёс яго бібліятэкі»,
Людміла Слуцкая, «Христианская дипломатия» Шарля Кёне: в поисках франко-литовского сближения»,
Андрэй Любы, «Беларуская гістарыяграфія Вялікага Княства Літоўскага на мяжы ХХ і ХХІ ст.: да 25-годдзя кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта».
Рэдакцыя выдання адкрыта да супрацоўніцтва з аўтарамі з розных навуковых колаў: культуролагамі, гісторыкамі, літаратуразнаўцамі, лінгвістамі, сацыёлагамі і прадстаўнікоў іншых абласцей навукі.
Мы перакананы, што толькі праз прызму мультыдысцыплінарнасці можна глыбей і максімальна аб'ектыўна пазнаёміцца з Цэнтральнай і Усходняй Еўропай і феноменам яе мультыкультуралізму.
У часопісе „Przegląd Środkowo-Wschodni” публікуюцца артыкулы, дакументы і матэрыялы, агляды і дыскусіі, навуковая хроніка, даследаванні, якія апісваюць праблемы ў галіне культуры, гісторыі, літаратуры і моў рэгіёна, а таксама справаздачы аб важнейшых навуковых і навукова-папулярных падзеях па праблемах гісторыі і культуралогіі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
„Przegląd Środkowo-Wschodni” ўключаны ў European Reference Index for the Humanities and the Social Sciences — прэстыжную базу выданняў па гуманітарных і сацыяльных навуках. Таксама часопіс знаходзіцца ў спісе навуковых выданняў Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы, г.зн. ён высока каціруецца — публікацыі ў ім ацэньваюцца значнай колькасцю пунктаў.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё