Беларуская Служба

Газета „Rzeczpospolita” заклікае пісаць лісты зняволеным палякам у Беларусі

28.06.2021 15:19
Анжаліка Борыс знаходзіцца ў турме ўжо трэці месяц.
Andżelika Borys
Andżelika BorysAC/ FORUM

 Кантакт з ёй абмежаваны, таму газета „Rzeczpospolita” у сённяшнім выданні заклікае пісаць лісты актывістцы. Борыс з’яўляецца кіраўніком Саюза палякаў у Беларусі, ужо шмат гадоў яна дапамагае мясцовым палякам. Зараз, у сувязі з заведзенай крымінальнай справай, яна знаходзіцца ў турме ў Жодзіна. У тым жа месцы яшчэ да нядаўна былі тры іншыя актывісткі польскай арганізацыі. Ірэна Бярнацка расказала выданню „Rzeczpospolita” пра ўмовы, у якіх прыходзіцца жыць у жаночай калоніі.

Недастаткова ложкаў, заўсёды ноччу двое чалавек не спіць, працаўнікі турмаў адносяцца да цябе груба, здзекваюцца псіхалагічна. Большасць зняволеных – гэта жанчыны, затрыманыя за ўжыванне наркотыкаў і крадзяжы. У такіх умовах прыходзіцца жыць і Анжаліцы Борыс. Паводле інфармацыі выдання, яна не згадзілася на выезд у Польшчу і вырашыла застацца ў Беларусі. Падобнае рашэнне прыняў журналіст Андрэй Пачобут. Тры актывісткі, у тым ліку Ірэна Бярнацка, якая была старшынёй аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі, былі вывезены ў Польшчу.

Борыс упершыню стала кіраваць Саюзам у 2005 годзе. Тады лукашэнкаўскія ўлады паспрыялі расколу ў арганізацыі, частка яе чальцоў стварыла новы Саюз, тым разам лаяльны ўладзе. Нягледзячы на гэта, арганізацыя на чале з Борыс дзейнічае да сёння і з’яўляецца адной з буйнейшых ва ўсёй Беларусі – налічвае 170 аддзелаў і 8 тысяч чальцоў. З прычыны таго, што скантактавацца з Борыс, яе сям’ёй і адвакатам немагчыма, „Rzeczpospolita” заклікае пісаць лісты палітзняволенай.

аев