Беларуская Служба

Польскі грамадскі дзеяч: Важна, каб беларусы маглі жыць у сваёй, незалежнай ад Расіі дзяржаве

01.09.2022 16:02
Збігнеў Глюза, стваральнік і старшыня фонду Ośrodek Karta, лічыць, што вайна Расіі супраць Украіны зрабіла зноў актуальнымі каштоўнасці «Салідарнасці».
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". З.Глюза пра "Салідарнасць".
        .
Сцэна канцэрта з цыкла «Салідарныя з Беларуссю» ў Варшаве.Commons.wikimedia.org/Bladyniec/CC BY 4.0

У Варшаве на плошчы Канстытуцыі фонд Ośrodek Karta адкрыў Усходні дом. Гэта ўстанова першапачаткова павінна была з’явіцца ў мясцовасці Морды, недалёка ад граніцы Беларусі і Украіны. Адна вайны Расіі супраць Украіны паскорыла магчымасць адкрыцця дома ў сталіцы Польшчы.

У Польшчы адзначаецца 42-я гадавіна Жнівеньскіх пагадненняў (Porozumienia sierpniowe) — пакета дакументаў, падпісаных урадам ПНР і забастовачнымі камітэтамі ў Шчэціне, Гданьску і інш. гарадах Польшчы ў канцы жніўня — пачатку верасня 1980 года. Яны з'яўляліся першымі ва Усходняй Еўропе пасля 1948 года афіцыйнымі дамоўленасцямі паміж кіруючай у краіне ПАРП і апазіцыяй. Дамоўленасці легалізавалі польскі незалежны прафрух, прывялі да стварэння прафсаюза “Салідарнасць”. Яны разглядаюцца як рубежная падзея польскай і ўсходнееўрапейскай гісторыі. Найбольшую вядомасць у свеце набыў дакумент, падпісаны 31 жніўня 1980 года на Гданьскай суднаверфі.

Збігнеў Глюза, стваральнік і старшыня фонду Ośrodek Karta, навуковай і культурнай установы, якая з’яўляецца “дзіцем” “Салідарнасці”, падзяліўся сваім бачаннем выкарыстання вопыту “Салідарнасці” пачатку 1980-х гг. у сучаснай Польшчы, дзе ідэі салідарнасці зноў актуальныя — у сувязі са шчырай падтрымкай палякамі ўкраінцаў, беларусаў дый расіян, якія змагаюцца з расійскім імперыялізмам.

Збігнеў Глюза:Я лічу, што важнае стварэнне “Салідарнасці” не толькі як прафсаюза, але і як і перш за ўсё грамадскага руху, які адкрыта дзейнічаў 16 месяцаў. І гэты рух узарваў савецкі блок. Праўда, ваеннае становішча прымусіла згарнуць прафсаюзную дзейнасць, але не спыніла вызваленчага руху, руху за свабоду, які быў распаўсюджаны ў Польшчы і дасягнуў поспеху ў 1989 годзе.

Мне здаецца, што час нефармальнай, непартыйнай “Салідарнасці”, якая не падзяляла людзей, якая была блізкая ўсім, змяняла пээнэраўскую рэчаіснасць у нейкую іншую, якая мела на мэце сапраўдную незалежнасць, свабоду і дэмакратычны лад, пачаўся менавіта ў жніўні 1980 года і скончыўся ў чэрвені 1990-га, калі распаўся грамадскі камітэт, створаны з прадстаўнікоў арганізацый, якія былі аб’яднаны вакол руху “Салідарнасці”.

“Салідарнасць” увайшла ў сусветную гісторыю.

Фонд Ośrodek Karta быў створаны ва ўмовах ваеннага становішча ў ПНР. 4 студзеня 1982 года пабачыў свет першы нумар падпольнага выдання Karta, якое выходзіць дагэтуль, ужо легальна. Гэта выданне — таксама дзіця “Салідарнасці” 1980–1990 гадоў.

Збігнеў Глюза:Мы заснавалі Karta як публіцыстычную газетку, якая пазней стала часопісам з больш шырокімі задачамі і даследчым цэнтрам. Мы заснавалі гэта выданне на трэцім тыдні ваеннага становішча. І цяпер я бачу, што такім чынам мы хацелі абараніць той рух “Салідарнасць”, які ішоў з народу. Мы сталі ў абарону руху, знішчанага падчас ваеннага становішча. І потым мы працягвалі сваю дзейнасць у гэтым кірунку.

І калі ў 1990 годзе мы легалізавалі сваю дзейнасць як фонд Ośrodek Karta, то былая “Салідарнасць” стала занепадаць, бо яе члены падзяліліся. Пачалі арганізоўвацца палітычныя партыі. Пачаўся партыйны плюралізм, які забіў ідэю грамадскай салідарнасці.

Мы ж стараемся захаваць каштоўнасці адзінства грамадства, не паддавацца яго палярызацыі. Мы дзейнічаем на карысць польскага грамадства — і не толькі ўласна палякаў, але і тых нацыянальных меншасцей, якія з’явіліся цяпер у Польшчы. Бо наша краіна перастала быць аднанацыянальнай. Праўда, яна такой ніколі і не была. Аднак цяпер стала відавочна, што многанацыянальнасць ужо стала рысай Польшчы.

І таму цяпер трэба мысліць інакш. Нельга мысліць у нацыяналістычных катэгорыях, што часам бывае ў палітыцы, а трэба мысліць у інклюзіўным ключы — г.зн., што мір, дабрабыт грамадства, свабода, незалежнасць і г.д. з’яўляюцца нашымі супольнымі каштоўнасцямі.

Стваральнік і старшыня фонду Ośrodek Karta лічыць, што каштоўнасці “Салідарнасці” не страцілі сваёй актуальнасці.

Збігнеў Глюза:Мы павінны звяртацца да вопыту “Салідарнасці” як да свайго роду ўзору.

Я лічу, што дапамога, якую палякі аказалі ўкраінцам з пачатку вайны, напомніла часы колішняй “Салідарнасці” — г.зн., што чалавек пачынае менш лічыцца з уласнымі інтарэсамі, а прымае прынцыпы грамадства, становіцца ў абарону яго асноўных каштоўнасцей.

Гэта вайна ў пэўным сэнсе зноў зрабіла актуальнымі гэтыя каштоўнасці.

Усе былі здзіўлены рэакцыяй палякаў, што яны могуць так згуртавацца і дзейнічаць — асабліва пасля антыўкраінскіх выступленняў (нацыяналістычных сіл. — Рэд.) у папярэднія гады. Мы раптам сталі саюзнікам Украіны і вельмі добразычлівымі да ўкраінцаў.

 Так праявілася найлепшая Польшча — тая, якая была ў часы “Салідарнасці”.

Так, вайна гэта бяда, але ў той жа час агрэсія Расіі супраць Украіны, Захаду і ўсяго цывілізаванага свету стала фактарам кансалідацыі як украінскага, так і польскага грамадства, адзначае Збігнеў Глюза.

Збігнеў Глюза:Гэта пазіцыя стваральная, яна перакрэслівае многія адмоўныя працэсы, якія ў Польшчы адбыліся. Калі гэтыя адносіны захаваюцца, калі дух польска-ўкраінскага супрацоўніцтва захаваецца, то гэта будзе мець важнае значэнне для ўсіх краін Усходняй Еўропы.

Я таксама лічу, што і для ўсёй Ещропы, для ўсяго свету вельмі важна, каб захавалася незалежнасць Украіны, каб яна вярнула свае тэрыторыі.

Важна, каб усе краіны маглі самі вырашаць свой лёс. Важна, каб беларусы маглі жыць у сваёй незалежнай дзяржаве, незалежнай ад Расіі.

І я лічу, што той працэс, які цяпер адбываецца і будзе адбывацца, мабыць, доўга, насычаўся энергіяй, не траціў тое дабро, якое адкрылася ў сувязі са злом вайны, і каб гэта дабро разлівалася на іншыя формы рэчаіснасці, а не толькі на збор грошай на зброю. Хаця цяпер зброя — найважнейшая. Але таксама важна, як сябе паводзіць грамадства, як яно гэта ўспрымае.

Важна таксама, колькі чалавек у Расіі і Беларусі супраціўляюцца рэжымам Пуціна і Лукашэнкі. Урэшце, гэта мае вялікую ролю: ці мы ўсе, грамадствы нашага рэгіёна, можам супрацьстаяць дыктатуры і таталітарызму, які ўзмацняецца. Бо тое, што цяпер робіць Расія — гэта спроба аднавіць таталітарную сістэму. І я глыбока веру ў тое, што гэта не ўдасца зрабіць, бо ўжо мінуў час таталітарызму.

Аднак фактам застаецца тое, што значная частка расіян, а таксама нямала беларусаў падтрымліваюць агрэсію рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі супраць Украіны. Чаму так адбываецца і як змяніць гэтыя настроі?

Збігнеў Глюза:Я думаю, што гэту палітыку не падтрымлівае такі працэнт, які агучваюць афіцыйныя сацыялагічныя апытанні, бо гэта не да канца сумленныя даследаванні. Бо яны праводзяцца на тэрыторыі, якую кантралююць гэтыя рэжымы. Таму думаю, што гэта непраўдзівыя даныя.

Але тое, што гэта вайна працягваецца і ў Расіі няма супраць яе бунту, і што гучаць антыўкраінскія аргументы, і гэта ўздзейнічае на грамадства, — гэта пытанне прапорцыі нацыяналістаў у грамадстве.

Няма сумненняў у тым, што расійскае грамадства недэмакратычнае, і нацыяналістычныя аргументы на яго ўплываюць. І вораг нацыяналістам проста неабходны. Кожная ідэалагізаваная сістэма павінна мець ворага. Так дзейнічалі нацысты, так дзейнічаюць пуціністы. Яны павінны ведаць, што яны кагосьці атакуюць.

Называнне Украіны “нацысцкай” — гэта поўная лухта. Але калі ў Расіі моцныя нацыяналістычныя настроі, то яны ўспрымаюць нярускіх як горшых і адпаведна да іх адносяцца.

Стваральнік і старшыня фонду Ośrodek Karta прызнае, што і палякам у свой час давялося перажыць перыяд нацыяналізму і кепскіх адносін да ўкраінцаў.

Збігнеў Глюза:У пачатку ХХ ст. у Польшчы (у нацыяналістычных колах, а таксама ў аналагічным асяроддзі ў Расіі. — Рэд.) увогуле не выкарыстоўвалі тэрмін “украінцы”, падкрэсліваючы, што яны не маюць права называцца асобнай нацыянальнасцю. Іх называлі “русінамі”, якіх лічылі амаль палякамі, толькі трохі не да канца развітымі, але тым не менш “нашымі” (польскімі. — Рэд.) людзьмі.

Гэта была нацыяналістычная палітыка, якая запанавала таксама ў Рэспубліцы Польшча ў міжваенны перыяд.

Цяпер у Польшчы таксама ёсць адгалінаванні правых сіл, якія выступаюць з нацыяналістычнымі лозунгамі, а ў апошнія гады распаўсюджвалі антыўкраінскія ідэі, спасылаючыся на трагедыю Валыні (у 1943 г., падчас нацысцкай акупацыі, часткай украінскіх нацыяналістычных структур былі справакаваны забойствы палякаў ва ўкраінскім рэгіёне Валынь. — Рэд.) і іншыя негатыўныя прыклады адносін паміж украінцамі і палякамі падчас Другой сусветнай вайны.

Цяпер жа мы назіраем ментальны пералом у Польшчы, які пацвярджае, што нацыяналісты ў Польшчы не дамінуюць. З лозунгам “Польшча для палякаў” не выйграеш у нас выбары. І гэта нас адрознівае ад Расіі. Бо “Расія для рускіх” — гэта лозунг, які цяпер актыўна выкарыстоўваецца. Але я лічу, што гэты лозунг страціць актуальнасць, бо ён анахранічны, які паходзіць з мяжы ХІХ і ХХ стст. Гэты лозунг у наш час абсурдны, і я лічу, што расіяне з гэтым лозунгам прайграюць.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Польскі грамадскі дзеяч: Усё, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе, было не дарма

10.02.2022 15:02
Збігнеў Глюза, стваральнік і старшыня фонду Ośrodek Karta, разважае пра сітуацыю ў Беларусі.