Беларуская Служба

Крэмль планаваў падпарадкаваць Малдову падобным чынам як Беларусь

17.03.2023 13:12
Міжнародная каманда журналістаў-расследавальнікаў раскрыла планы Расіі адносна Кішынёва.
 .
Парламент Малдовы. Ілюстрацыйны здымакFoto: фота: Shutterstock/FrimuFilms

Крэмль мае намер умешвацца ва ўнутраную палітыку Малдовы і ў перспектыве ператварыць яе ў дзяржаву-сатэліта. Да такіх высноваў прыйшлі журналісты замежных рэдакцый, якім удалося атрымаць доступ да сакрэтнай расійскай інфармацыі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Прадметам расследавання, у якім удзельнічалі Frontstory.pl і «Süddeutsche Zeitung», Yahoo News, Kyiv Independent, Delfi Estonia, RISE Moldova, Expressen, WDR і Dossier Center, стааў дакумент з вельмі адназначнай назвай «Стратэгічныя задачы Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Малдова».

Па словах журналістаў, ён быў падрыхтаваны ў 2021 годзе адміністрацыяй прэзідэнта РФ і прадугледжвае ўмацаванне і «пашырэнне супрацоўніцтва» паміж Расіяй і Малдовай у многіх сферах.

Змест дакумента выразна паказвае, што расійскія ўлады маюць намер прыкласці ўсе намаганні, каб не дапусціць збліжэння Малдовы з Захадам на працягу наступнага дзесяцігоддзя.

У дэталёвым плане апісваецца, як менавіта расійскія ўлады хочуць узмацніць свой уплыў у Кішынёве і ператварыць яго ў сталіцу, цалкам арыентаваную на расійскі рынак. Аўтары дакументу лічаць, што неабходна, у тым ліку, умацаванне ролі расійскай мовы, стварэнне сеткі прарасійскіх арганізацый і СМІ, фарміраванне прарасійскіх настрояў у малдаўскай эліце, павелічэнне колькасці палітычных рухаў, якія прасоўваюць крамлёўскі наратыў, дыскрэдытацыя НАТА ў вачах жыхароў Малдовы і недапушчэнне збліжэння з Румыніяй.

Журналісты-расследавальнікі выявілі, што Крэмль мае намер шантажаваць цяперашнія ўлады Малдовы (у 2020 годзе на прэзідэнцкіх выбарах у гэтай краіне перамагла празаходняя Мая Санду). Адным з інструментаў ціску з'яўляецца выкарыстанне залежнасці Малдовы ад расійскага імпарту, і перш за ўсё ад паставак газу.

У пачатку лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы на ​​пасяджэнні Еўрапейскай рады, заявіў, што ўкраінская выведка перахапіла «падрабязны расійскі план па дэстабілізацыі сітуацыі ў Малдове», накіраваны на «стварэнне марыянеткавага ўрада ў Кішынёве». Гэтую інфармацыю пацвердзіла прэзідэнт Малдовы Мая Санду.

Незалежныя СМІ рэгулярна паведамляюць пра акцыі пратэсту прарасейскіх актывістаў у Малдове. За апошнія дні паліцыя затрымала ў Кішынёве сем чалавек па абвінавачванні ў дзеяннях па дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне па замове расiйскіх службаў.

Журналісты адзначаюць, што расійскія ўлады раней распрацоўвалі вельмі падобныя планы ў дачыненні да Беларусі – аднак для гэтай краіны планавалася поўная анексія. У той час іх таксама раскрывалі журналісты-расследавальнікі розных замежных рэдакцый, у т.л Frontstory.pl.

яс