25-28 мая ў варшаўскім Палацы культуры і навукі праходзіць штогадовы кніжны кірмаш. Ёсць на ім і беларускі стэнд. Сярод выдаўцоў, які прадстаўляюць сваю кніжную прадукцыю, Валянціна Андрэева, адна з заснавальніц кракаўскага выдавецтва Gutenberg.
Валянціна Андрэева прывезла ў Варшаву першыя выданні выдавецтва Gutenberg — “Беларускі народны соннік” і пазл “Бітва пад Оршай”.
Валянціна Андрэева раіць звярнуць увагу на кнігу “Беларускі народны соннік” не толькі тым, хто верыць у прарочыя сны, але і эстэтам, якія цэняць прыгожыя кнігі, а перш за ўсё — аматарам жывой беларускай мовы.
Валянціна Андрэева: — У кнізе сабраны 2153 аўтэнтычныя запісы: тлумачэнні сноў, апісанні варажбы і абміранняў, перасцярогі і парады, спосабы “закладання” на сон. Укладальніцы кнігі — этнограф Аліна Высоцкая. Яна болей за 10 гадоў вывучае феномен сну ў фальклорных наратывах і сабрала багаты збор такіх запісаў — і ў асабістых паездках, і з тэматычных крыніц. Аўтар аналізуе навуковыя падыходы да вывучэння народнага сонніка як з’явы, паказвае, як і чаму аповеды пра сны ўваходзяць у фальклор, якую структуру яны маюць і па якіх мадэлях будуюцца. Геаграфічны паказальнік у канцы кнігі дазваляе звярнуцца да запісаў з канкрэтнага рэгіёна. Паказальнікі сюжэтаў і трыгераў даюць уяўленне пра найважнейшыя вобразы і падзеі ў жыцці беларусаў за апошнія паўтара стагоддзя. Кніга выйшла ў цвёрдай вокладцы і на крэмавай паперы.
У выдавецкай справе важная як прапанова, так і попыт. Якая колькасць патэнцыяльных чытачоў у беларускіх выдавецтваў?
Валянціна Андрэева падзялілася данымі апошняга даследавання. Згодна з імі, чытачоў беларускай літаратуры каля 1 млн чалавек у свеце, улічваючы саму Беларусі.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё