Самую высокую пенсію ў Польшчы выплачвае Дзяржаўны фонд сацыяльнага страхавання (ZUS) у Сілезіі. Яе атрымлівае мужчына, які адпрацаваў 62 гады, паведамляе Interia.pl
У мінулым годзе мужчына атрымліваў штомесяц 43 412 злотых (у эквіваленце 10 тысяч 100 еўра). У мінулым годзе самая нізкая пенсія ў Польшчы складала 3 457 злотых (у эквіваленце 804 еўра), то бок, пенсіянер з Сілезіі атрымліваў у 12 разоў большую.
У гэтым годзе ў сакавіку ўсе пенсіі ў Польшчы пералічылі ў сувязі з індэксацыяй, якая склала 12,12%. Гэта значыць, што сацыяльная выплата пенсіянера-рэкардсмена павялічылася на 5261 злотых (1223 еўра). Цяпер ягоная пенсія складае 48 673,53 злотых (11 320 еўра).
Хто атрымлівае такую пенсію?
Як паведамляе Interia, мужчына адпрацаваў 62 гады 5 месяцаў і 18 дзён. Ён ніводнага дня не быў на бальнічным. Пенсію пачаў атрымліваць даволі позна, больш чым праз 20 гадоў пасля перавышэння пенсійнага ўзросту.
Як паведаміла прэс-сакратар сілезскага аддзялення ZUS Беата Капчыньска, мужчына выйшаў на пенсію толькі ў 86 гадоў. Капчыньска звяртае ўвагу на тое, што «пазнейшы выхад на пенсію азначае зніжэнне сярэднестатыстычнай працягласці жыцця». Тады база для налічэння пенсіі дзеліцца на меншую колькасць месяцаў, што ў выніку дае большую пенсію.
яс