Беларуская Служба

Нарвегія далучылася да санкцый ЕС супраць Беларусі

08.10.2024 15:02
Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская 8 кастрычніка наведвае Осла.
Сцяг Нарвегііjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Нарвегія ўвяла санкцыі супраць Беларусі «ў адказ на ролю і ўдзел беларускага рэжыму ў нападзе Расіі на Украіну ў парушэнне міжнароднага права», гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным 7 кастрычніка на сайце ўраду краіны.



Абмежаванні, як паведамляецца, «адпавядаюць захадам, прынятым ЕС супраць Беларусі 29 чэрвеня 2024 года» і маюць «усёабдымны характар». Яны накіраваныя на некалькі сектараў беларускай эканомікі, уключна з гандлем, сферай паслуг і транспартам.

Санкцыі закліканыя, у прыватнасці, перадухіліць абыход санкцый супраць Расіі. Некаторыя абмежаванні ў дачыненні Расіі распаўсюджваюцца і на Беларусь, адзначылі ў Осла.

Захады ўключаюць:

- пашырэнне забароны на аказанне тэхнічнай дапамогі, звязанай з таварамі і тэхналогіямі абароннага прызначэння;

- забарону на транзіт праз тэрыторыю Беларусі зброі, кампанентаў і боепрыпасаў;

 - забарону на продаж правоў інтэлектуальнай уласнасці, звязаных з такімі таварамі;

  - забарону на экспарт тавараў, якія могуць садзейнічаць павышэнню прамысловага і вайскова-тэхнічнага патэнцыялу або развіццю сектара абароны і бяспекі Беларусі;

- забарону на транзіт праз тэрыторыю Беларусі тавараў і тэхналогій шматмэтавага прызначэння і іншае.

Нарвегія таксама ўвядзе забарону юрыдычным асобам станавіцца аўтатранспартнымі кампаніямі, калі яны на 25 і больш адсоткаў належаць беларускім фізічным або юрыдычным асобам. Таксама ўвядуць забарону аўтатранспартным кампаніям, заснаваным у Нарвегіі, якія на 25 і больш адсоткаў належаць беларускім фізічным або юрыдычным асобам, ажыццяўляць аўтамабільныя перавозкі грузаў у Нарвегіі, у тым ліку транзітныя. Зрэшты, у паведамленні нарвескага боку зазначаецца, што тут магчымыя выключэнні.

«Свабода» нагадвае, што беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская 8 кастрычніка наведвае Осла.

аз