Каля 100 удзельнікаў маршу пратэсту, якія выкрыквалі лозунгі: «Салідарнасць па-за межамі», «Ніхто не незаконны», «Рукі ў Дональда Туска ў крыві», прайшлі па цэнтру Варшавы да Канцылярыі прэм'ер-міністра.
Удзельнікі маршу нагадалі таксама пра артыкул 56 Канстытуцыі Рэспублікі Польшча, у якім гаворыцца, між іншым, што замежнікі могуць карыстацца правам прытулку ў Рэспубліцы Польшча.
— У міграцыйнай стратэгіі на 2025-2030 гады, якую нядаўна прыняў Савет міністраў, мы знайшлі некалькі палажэнняў, якія выклікаюць па меншай меры трывогу, і найбольш трывожным з'яўляецца часовае або тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак, — сказала адна з арганізатараў дэманстрацыі, валанцёрка фонду Chlebem i sólą Анэта Вельгаш (Aneta Wielgosz), — Мы мяркуем, што такое прыпыненне права на прытулак не адпавядае Жэнеўскай канвенцыі, а таксама супярэчыць польскаму заканадаўству і праву Еўрасаюза, і перш за ўсё з правам чалавека, правам на жыццё і правам на свабоду ад катаванняў.
Анэта Вельгаш таксама падкрэсліла, што людзі, якія жадаюць атрымаць прытулак у Польшчы з-за палітычнага або рэлігійнага пераследу, павінны мець такую магчымасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Спасылаючыся на аргумент, звязаны з выкарыстаннем мігрантаў беларускім рэжымам, Вельгаш заўважыла, што
«ў Жэнеўскай канвенцыі не сказана, што мы павінны прымаць заявы аб прадастаўленні прытулку пры ўмове, што чалавек не эксплуатуецца замежным урадам.
— Мы ведаем, што мігрантаў эксплуатуюць, але мы лічым, што палохаць грамадства міграцыяй, замест таго, каб сур'ёзна пра гэта гаварыць, яшчэ больш умацоўвае беларускі рэжым. Гэта дае яму магчымасць маніпуляваць намі, выкарыстоўваючы страх, —патлумачыла актывістка.
«Права на прытулак — права чалавека». PAP/Marcin Obara
Пратэстоўцы падрыхтавалі петыцыю, якую плануюць перадаць у канцылярыю прэм'ер-міністра. Сярод найважнейшых патрабаванняў — прыпыненне заканадаўчай працы над міграцыйнай стратэгіяй, а таксама ініцыяванне шырокай дыскусіі па ёй.
Новую Міграцыйную стратэгію ўрад прыняў 15 кастрычніка. У дакуменце, у тым ліку, гаворыцца, што ў выпадку пагрозы дэстабілізацыі краіны з-за наплыву імігрантаў павінна быць магчымасць часова і тэрытарыяльна прыпыніць права прымаць хадайніцтвы аб прадастаўленні прытулку. Прадстаўнікі ўрада Польшчы кажуць, што новая стратэгія заключаецца ў садзейнічанні стварэнню празрыстых і бяспечных іміграцыйных правілаў, якія будуць кантралявацца дзяржаўнымі інстытутамі.
Паводле interia.pl/вх