З неанансаваным візітам Мінск наведаў намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па Усходняй Еўропе Крыс Сміт. У гэты ж дзень — 12 лютага — было вызвалена тры вязні.
«Гэта была спецыяльная аперацыя, падчас якой мы толькі што перасеклі беларускую мяжу, паехалі ў Мінск, каб сустрэцца з беларускімі калегамі, якія прывезлі да нас гэтых трох затрыманых. Яны былі перададзены нам, і мы прывезлі іх назад праз Літву», — расказаў Крыс Сміт у інтэрв'ю CNN.
Сміт забраў трох вязняў, прынамсі двое з якіх — палітычныя. Гэтыя людзі знянацку, без папярэджанняў, Андрэй Кузнечык — у турэмнай робе, — былі вынятыя з-за кратаў і дастаўленыя на мяжу з Еўрасаюзам.
Амерыканскі дыпламат заявіў, што гэта «быў аднабаковы жэст з боку ўладаў Лукашэнкі». А Лукашэнка, кажа Сміт, «нічога не атрымаў за гэты абмен».
Крыніцы выдання «Нашай Нівы» выказваюць сумнеў у тым, што Андрэй Кузнечык і Алена Маўшук былі асноўнымі прычынамі, па якіх Сміт наведаў Мінск. Яны схіляюцца да думкі, што гэта «падарункі» амерыканцу з разлікам на працяг дыялогу. Сапраўдны ж змест перамоваў нам невядомы.
эж