Беларуская Служба

Вячаслаў Швед: Яўхім Карскі належыць да выдатных беларусаў у гісторыі Варшавы

04.02.2021 10:02
Выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта прафесар Вячаслаў Швед даследуе варшаўскі перыяд жыцця і дзейнасці заснавальніка беларускага мовазнаўства, рэктара Варшаўскага Імператарскага ўніверсітэта Яўхіма Карскага.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". В.Швед пра Я. Карскага.
 .
Яўхім Карскі.Commons.wikimedia.org/Domena publiczna

Жыццё і дзейнасць Яўхіма Карскага, які дакладна вызначыў на мяжы ХІХ і ХХ стст. межы пашырэння беларускай мовы, а таксама заклаў навуковыя асновы беларусазнаўства, звязаны з Варшавай.

Вядомы беларускі і польскі вучоны, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта прафесар Вячаслаў Швед даследуе варшаўскі перыяд жыцця і дзейнасці ўраджэнца Гродзеншчыны, заснавальніка беларускага мовазнаўства, а ў свой час рэктара Варшаўскага Імператарскага ўніверсітэта Яўхіма Карскага.

Вячаслаў Швед адзначае не толькі навуковае, а і грамадска-палітычнае, нават лёсавызначальнае значэнне прац Яўхіма Карскага для Беларусі.

Вячаслаў Швед расказвае, што да даследавання жыццяпісу Яўхіма Карскага яго прывяло тое, што жыццё Шведа, як і Карскага, таксама звязана з Варшавай і Гродзеншчынай. Найбольш цікавыя адкрыцці чакалі Вячаслава Шведа ў фондах варшаўскіх бібліятэк і архіваў.

Вячаслаў Швед высветліў, што Яўхім Карскі быў першым абраным рэктарам Варшаўскага Імператарскага ўніверсітэта. Гэта адбылося ў складаны перыяд Першай расійскай рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. Праўда, калі Карскі заступіў на пасаду, многія студэнты раз’ехаліся па дамах, пратэстуючы супраць выкладання ва ўніверсітэце на рускай мове.

Вячаслаў Швед:17 верасня 1891 г. Карскі паспяхова здаў экзамен на ступень магістра рускай славеснасці. Тады ж падаў прашэнне на імя рэктара Варшаўскага Імператарскага ўніверсітэта на заняцце пасады лектара рускай мовы.

Пачатак яго рэктарства прыпаў на перыяд, калі Варшаўскі Імператарскі ўніверітэт быў закрыты (20 кастрычніка 1905 г.) на тры з паловай года ў сувязі з Першай расійскай рэвалюцыяй. Рускія студэнты жадалі пакінуць універсітэт, а польскія выступалі за яго аўтаномію, паланізацыю, за права стварэння студэнцкіх аб’яднанняў.

6 верасня 1908 г. Рада Варшаўскага Імператарскага ўніверсітэта абрала Карскага рэктарам на наступныя тры гады з мэтаю, як казаў пазней сам Карскі, «усталявання прымальнага modus vivendi з палякамі (дадання трох польскіх кафедр), а не для абрусення іх». Карскі ўсе пяць гадоў рэктарства падтрымліваў у Варшаўскім Імператарскім універсітэце беларускае зямляцтва.


Вячаслаў Швед. Вячаслаў Швед.

У гады Першай сусветнай вайны варшаўскую маёмасць, у т.л. бібліятэку Карскага напаткаў драматычны лёс.

Вячаслаў Швед:У варшаўскі перыяд сфарміравалася бібліятэка Я. Карскага, у склад якой уваходзілі кнігі, якія ён прывёз у Варшаву ў т.л. з Вільні. З пачатку Першай сусветнай вайны Варшаўскі універсітэт быў эвакуаваны ў Растоў-на-Доне. Сваю асабістую бібліятэку Карскі ў 1915 г. здаў у Бібліятэку Варшаўскага універсітэта: 14 забітых скрынь і 2 звязаныя пакеты. Пэўны час бібліятэка Карскага знаходзілася ў яго кватэры на вул. Наталінскай, 4. Аднак у 1916 г. нямецкія ўлады папрасілі вывезці кнігі Карскага з кватэры, што зрабіў работнік БВУ Зандровіч. У 1919 г. бібліятэка ўсё яшчэ была ў БВУ, бо яе дырэктар пісаў у справаздачы, што «адзін з вялікіх збораў кніг – дэпазіт прафесара Карскага». У лістападзе 1919 г., як пісаў сам Карскі, «будучы камандзіраваны Акадэміяй навук з навуковай мэтай на Украіну і Беларусь, якія былі тады пад акупацыяй, пабываў з дазволу нямецкіх улад у Варшаве і высветліў, што частка маёй маёмасці і кніжкі разрабаваны».

Больш падрабязнасцей вы можаце даведацца з артыкула Вячаслава Шведа «Варшаўскі перыяд жыцця Я. Ф. Карскага і лёс яго бібліятэкі», апублікаванага ў пятым томе за 2020 год навуковага часопіса кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральна-Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Przegląd Środkowo-Wschodni.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

 

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Часопіс Варшаўскага ўніверсітэта публікуе даследаванні па гісторыі Беларусі

08.10.2020 09:03
Убачыў свет пяты том часопіса „Przegląd Środkowo-Wschodni”.

Выйшла кніга выкладчыка Варшаўскага ўніверсітэта па гісторыі Гродна

12.11.2020 10:02
Новая кніга прафесара Вячаслава Шведа «Летапіс Гродна. 1005–1995» тэматычна працягвае выданне «Кронон», якое ўбачыла свет у 1993 годзе.

У Варшаве выйшла кніга па гісторыі Беларусі да 1991 года

10.12.2020 10:02
У Варшаве выйшла кніга Вячаслава Шведа і Юрыя Грыбоўскага „Historia Białorusi od czasów najdawniejszych do roku 1991”.